Тры дзіцячыя пытанні пра беларускую рэчаіснасць
Часцяком мне прыходзяць у галаву наіўныя пытанні. Гэта калі тыя ўяўленні пра рэчаіснасць, якім мяне вучылі з дзяцінства, перастаюць гэтай самай рэчаіснасці адпавядаць.
Вось, скажам, жыллёвае будаўніцтва ў Мінску. Такога размаху я не бачыў нідзе ў сьвеце. Здаецца, усіх, каму не хапала жылля, даўно можна было рассяліць. Прыросту насельніцтва
няма з савецкіх часоў, наадварот, жыхароў краіны стала меней за 10 мільёнаў, тым часам горад павялічыўся ў разы і працягвае расці. Можа, гэта прыток з раёнаў у сталіцу? Але па-першае, умовы жыцця
па-за Мінскам цяпер нічым не адрозніваюцца ад сталічных нават у вёсках. Па-другое, і ў раёнах ды абласцях будуюць на злом галавы. Куды, каму? І чаму такога няма, напрыклад, у Вільні ці ў Празе? Новыя
дамы зусім не пустуюць, а адразу ж засяляюцца. Можа быць, людзі набываюць кватэры, каб здаваць іх у арэнду? Але хто тады тыя масавыя арандатары, калі насельніцтва ўсё адно не расце. Ужо б і ім свайго
жылля хапіла. Так што загадка застаецца.
Пра сярэдні заробак яшчэ больш складана. Калі асноўная маса народу зарабляе не больш за 500 даляраў, дык пры сённяшняй дарагоўлі адкуль у людзей грошы на тыя кватэры ці хоць бы
на машыны? Тое, што аўтапарк за 20 гадоў вырас у разы, а цяпер яшчэ і капітальна абнавіўся, кожны бачыць няўзброеным вокам. Пры тым, што ўсе кажуць пра малагрошай, а падаткі, штрафы і выплаты па
крэдытах у Беларусі абсалютна драконаўскія. Але ніхто не галадае, усе «ўпакаваныя», што б яны ні казалі. Адкуль у людзей грошы? Загадка.
Трэцяе пытанне тычыцца дзяржавы. Калі наша эканоміка жыве выключна дзякуючы расійскім датацыям, адкуль сродкі на ўтрыманне аграмаднай арміі абсалютна непатрэбных чыноўнікаў?
Асабліва гэта тычыцца самай вялікай у свеце міліцыі на душу насельніцтва і незлічоных кантрольных органаў. Што і навошта яны кантралююць? Можа быць, справа не ў датацыях, і ў нас проста выдатная сама
эканамічная мадэль?
Магчыма, я адстаў ад жыцця, і рэчаіснасць кіруецца нейкімі іншымі законамі. Але, як той казаў, трэба пытацца, бо ў пытанні, бывае, болей сэнсу, чым ва ўсіх магчымых адказах.
svaboda.org