Тры гады пасля выбараў: вынікі ў палітвязнях (інфаграфіка)
Тры гады таму, 9 жніўня 2020 года, у Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх былі сфальсіфікаваны. Гэта выклікала масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі, якія былі жорстка падаўлены ўладамі. Але жахлівыя рэпрэсіі штодзённа працягваюцца да гэтага часу.
Кожны дзень у Беларусі сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек, некаторых з якіх збіваюць, катуюць і адпраўляюць за краты. Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне і сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Беларускія ўлады вядуць жорсткую барацьбу са шматдзетнымі маці, пенсіянерамі, студэнтамі, лекарамі, праваабаронцамі, журналістамі, настаўнікамі і з іншымі прадстаўнікамі беларускага грамадства, якія рознымі спосабамі працягваюць выказваць нязгоду з дзеючай уладай.
За тры гады з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі не менш за 3645 чалавек былі асуджаны паводле крымінальных спраў, 1440 — за ўдзел у пратэстах паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Проста цяпер у зняволенні ў жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1494 палітзняволеныя.
«Вясна» ў лічбах распавядае пра беспрэцэндэнтна жахлівае становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
На 9 жніўня 2023 года ў Беларусі налічваецца 1494 палітзняволеныя, кожны 11-ы з якіх — жанчына. Усе яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Палітвязняў фактычна трымаюць у рэжыме «інкамунікада», не аказваюць медыцынскай дапамогі, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцары і штрафныя ізалятары, дзе створаны спецыяльныя ўмовы, якія самі палітвязні называюць катавальнымі.
31 траўня 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала блогера Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Ён стаў першым палітвязнем па падзеях 2020 года. З таго часу праз тры гады праваабаронцамі было прызнана такімі яшчэ 2430 чалавек.
З 2020 года з крымінальным пераследам па палітычных матывах сутыкнуліся не меней за 4300 чалавек. З іх мінімум 3645 чалавек былі асуджаны па «палітычных» крымінальных справах.
Адным з самых «пратэсных» артыкулаў з'яўляецца 342-гі Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»): паводле яго беларускімі судамі было асуджана не менш за 1440 чалавек, 407 з якіх — жанчыны.
Яшчэ 528 чалавек былі асуджаны паводле дыфамацыйнага артыкула 368 («Абраза Лукашэнкі»).
Прама цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца 1331 мужчына, 162 жанчыны і 1 трансгендарная асоба.
Самы малады палітвязень — 15-гадовы Арцём Вайцяховіч, які больш за 6 месяцаў у зняволенні і цяпер чакае суда.
Арцём — брат адміністратара канала «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Яго ўзялі пад варту паводле ч.2 арт. 208 Крымінальнага кодэкса («Вымаганне»). Брат атрымлівае патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма. Цяпер хлопца ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага. Хутка над ім адбудзецца суд.
Самая старэйшая палітзняволеная — 75-гадовая Наталля Таран.
Наталлю абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч.2 арт. 367 («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»). Падрабязнасці суда невядомыя, бо працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Вядома толькі, што да прысуду жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Суд пакараў пенсіянерку пазбаўленнем волі на 3 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Агулам з 2020 года было памілавана 33 чалавекі, яшчэ шэсць чалавек выйшлі на волю па амністыі.
Апошні вядомы выпадак — вызваленне па памілаванні палітзняволенай Сафіі Сапега.
Сваякі і блізкія людзі некаторых вязняў месяцамі не атрымліваюць звестак пра стан іх родных. Дзясяткі чалавек знаходзяцца ў зняволенні з сур'ёзнымі захворваннямі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі.
Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. 21 траўня 2022 года. Сэрца зняволенага актывіста спынілася ў шклоўскай калоніі №17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Вітольду Ашурку было 50 гадоў.
У траўні 2023 года ў віцебскай калоніі №3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў «Аднакласніках» на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Выданне «MOST» са спасылкай на свае крыніцы распавяло, што ў Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
Па даных праваабаронцаў, за «парушэнне ўстаноўленага парадку» як мінімум 55 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 28-мі распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.
Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення па заканчэнні тэрміну. На волю выйшлі не менш за 470 палітвязняў.
Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне і сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Пры гэтым не менш за 1700 чалавек распавялі пра катаванні і жорсткае абыходжанне.