«Трэба быць трошкі авантурыстам, каб прыехаць у Беларусь». Андрэ Бём вяртаецца ў Нямеччыну
Беларускамоўны немец і перакладчык праз 10 гадоў жыцця ў Беларусі вяртаецца ў Нямеччыну. "Радыё Свабода" пагаварыла з беларускамоўным немцам напярэдадні ад’езду.
Ужо праз два месяцы Андрэ Бём, выкладчык нямецкай мовы і літаратуры ў Германскай службе акадэмічных абменаў (DAAD) у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы і перакладчык беларускай літаратуры на нямецкую мову, ад’язджае ў Нямеччыну. Будзе працаваць пры ўніверсітэце, дзе ён некалі вучыўся, — у горадзе Бохуме.
«Я вяртаюся на сваю радзіму, — сказаў ён. — Буду там рабіць праект, звязаны не з Беларуссю, а з Усходняй Еўропай».
Пры гэтым Бём не збіраецца перарываць сувязі з Беларуссю. Наадварот, у ягоных планах — вярнуцца да перакладаў беларускай літаратуры на нямецкую мову.
«Я буду вяртацца сюды, інтэнсіўна займацца беларускай літаратурай і перакладаць. Я даўно нічога не перакладаў і хачу ўзяцца за гэта. Мне вельмі падабаюцца творы Сяргея Календы і Наталкі Бабінай».
У Гродна за супрацоўнікамі больш сочаць, чым у Мінску
Бём пражыў у Беларусі 10 год. З 2005 па 2010 гады Бём працаваў выкладчыкам DAAD у БДУ, а з 2011 году займаў такую самую пасаду ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы.
«У Гродна было спакайней, — сказаў Бём. — Нельга сказаць, што ў Мінску жыццё для мяне было больш цікавым, чым у Гродна».
Праўда, у Гродна, кажа Андрэ, больш сочаць за тым, чым займаюцца супрацоўнікі ўніверсітэту.
«У Гродна сачылі за тым, што я раблю. У Мінску я быў адным у вялікай масе людзей, а ў Гродна — адзін немец, які там пастаянна жыве».
Без мора і гор турыстаў складана зацягнуць у Беларусь
Па словах Бёма, за доўгі час жыцця ў Беларусі ён аб’ехаў амаль усю краіну. Сярод любімых гарадоў, апрача Гародні, дзе ён цяпер жыве, называе Полацак, Гомель і Мазыр. А любімыя мясціны для актыўнага адпачынку — Браслаўскія азёры.
Пры гэтым ён сумняваецца, што Беларусь можа прывабіць шмат заходнееўрапейскіх турыстаў.
«Трэба быць трошкі авантурыстам, каб прыехаць у Беларусь. Без уласнага аўтамабіля тут вельмі цяжка кудысьці даехаць».
Некалі ў сваім блогу Бём параўноўваў Беларусь і паўночную Нямеччыну. Абодва рэгіёны, як лічыць ён, вельмі падобныя геаграфічна. А гэта не спрыяе таму, каб нямецкія турысты ехалі ў Беларусь.
«Я думаю, немцаў цяжка сюды запрасіць не толькі таму, што яны не ведаюць, што такое Беларусь. Цяжка таму, што нямецкі і беларускі ландшафт практычна не адрозніваюцца. Больш за тое, тут няма гор і мора. Палі і лясы — гэта вельмі падобна. Зацікавіць турыстаў можна хіба толькі азёрамі і вандроўкамі па прыродзе».
Самім жа беларусам, многія з якіх часцей вандруюць за мяжой, чым па сваёй краіне, Бём вельмі рэкамендуе наведаць прынамсі ўсе абласныя цэнтры.
«Беларусы вельмі любяць вандроўкі, але аддаюць перавагу падарожжам у Нямеччыну ці ў Францыю, тым больш што гэта вельмі блізка».
Беларускамоўных стала менш, але яны больш свядомыя
Першы раз у Беларусі Андрэ Бём пабываў яшчэ ў 1996–1997 гадах як турыст. На ягоную думку, за гэты час краіна моцна змянілася, але толькі павярхоўна.
«У Мінску, у Гродна ідзе будоўля. Гарады растуць, а вёскі, на жаль, знікаюць. Вельмі шмат розных кавярняў і рэстаранаў. І цяпер, як мне падаецца, больш даступныя цэны, чым раней».
Змянілася, як ён лічыць, і моўная сітуацыя. Пры тым, што беларускамоўных людзей становіцца менш, усё больш людзей размаўляюць на беларускай мове свядома.
«Вырасла маладое пакаленне, якое ўжо свядома і спецыяльна ўжывае беларускую мову і ганарыцца гэтым. Такой моладзі раней было менш, чым цяпер».
Андрэ Бём вядомы шырокаму колу беларусаў найперш як перакладчык. Дзякуючы яму па-нямецку загучалі творы Алеся Разанава, Змітра Вішнёва, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Жыбуля, Андрэя Хадановіча, Ігара Бабкова.