ТБМ адмовілі ў пераносе сталіцы ў Полацк
Беларускія ўлады не бачаць неабходнасці пераносу беларускай сталіцы з Мінска ў Полацк.
Такі лейтматыў адказу Міністэрства юстыцыі на прапанову «Таварыства беларускай мовы» паведамляе БелаПАН.
У лютым «Таварыства беларускай мовы» накіравала ў Міністэрства юстыцыі ліст з прапановай перанесці сталіцу Беларусі з Мінска ў Полацк.
У адказе Мінюста, падпісаным намесніцай міністра Алай Бадак, акрамя ўсяго іншага сказана, што законам не прадугледжаная працэдура пераносу сталіцы Беларусі, а перанесці яе можна толькі пасля таго, як будуць унесеныя адпаведныя змены ў Канстытуцыю краіны.
Як адзначыў у сваім лісце-адказе старшыня арганізацыі Алег Трусаў, Канстытуцыя Беларусі праз рэферэндум мянялася ўжо двойчы. На ягоную думку, у недалёкай будучыні будзе праведзены яшчэ адзін рэферэндум, на якім і можна будзе перанесці сталіцу з Мінска ў Полацк.
Паводле Хартыі'97