Швецыя патрабуе выключыць «Белтэлерадыёкампанію» з ЕВС за саўдзел у катаваннях
Прадстаўніца Швецыі ў кіраўніцтве Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) прапанавала выключыць «Белтэлерадыёкампанію» са складу арганізацыі, паведамляе «Еўрарадыё».
У каментары газеце шведскага Саюза журналістаў «Journalisten» яна патлумачыла гэта паказам на беларускіх тэлеканалах «прызнальных відэаролікаў» затрыманых, якія, верагодна, атрыманы пад катаваннямі. У міжнародным праве паказ «пакаянных відэа», атрыманых пад катаваннямі, лічыцца саўдзелам у катаваннях.
Праблема ў тым, што статут ЕВС не прадугледжвае такой меры, як выключэнне з арганізацыі.
У свеце вялікі розгалас выклікаў «прызнальны відэаролік» Рамана Пратасевіча. Аднак падобныя відэа беларуская міліцыя здымае ўжо як мінімум год, і перыядычна яны з'яўляюцца ў эфіры беларускіх тэлеканалаў.