Шрайбман — пра фільм на АНТ: уладзе даводзіцца палохаць сілавікоў публічна

«Калі кіраўніцтва сілавога блока вымушана ісці і займаць гадзіну прайм-тайма на АНТ, каб папрацаваць з лаяльнасцю супрацоўнікаў, не ўсё так гладка ў дацкім каралеўстве», — падазрае Арцём Шрайбман. Таму сілавікоў «даводзіцца палохаць публічна», паведамляе «Еўрарадыё».

Фільм паказалі аж у двух частках / @ontnews

Фільм паказалі аж у двух частках / @ontnews

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у Telegram пракаментаваў учорашні фільм АНТ «Аперацыя КДБ "Манкурты"». У ім расказвалі пра арышт падпалкоўніка КДБ і афіцэра Генштаба, якія «злівалі» ці спрабавалі «зліць» інфармацыю палітэмігрантам.

Шрайбман лічыць, што версія пра апраўданне спецслужбамі гэтым фільмам постфактум сваіх правалаў «глыбока другасны момант». «Галоўным у гэтым "расследаванні" было тое, што яно само было 60-хвіліннай псіхалагічнай аперацыяй контрвыведкі, — піша палітычны аналітык. — Чырвонай ніткай праз увесь фільм ішоў меседж на адрас сілавікоў: калі здрадзіце нам, вас кіне гэты польскі пацан [Сцяпан Пуціла], а ў нас вы, як гэты капітан з генштаба, будзеце плакаць пад камеру і чакаць сваіх 20 гадоў за здраду дзяржаве».

Арцём Шрайбман мяркуе, што «калі кіраўніцтва сілавога блока вымушана ісці і займаць гадзіну прайм-тайма на АНТ, каб папрацаваць з лаяльнасцю супрацоўнікаў, не ўсё так гладка ў дацкім каралеўстве». Таму сілавікоў «даводзіцца палохаць публічна».

А яшчэ Шрайбман звярнуў увагу на згадку ў фільме кантактаў палітэмігранта, былога сілавіка Ігара Макара з ФСБ РФ. «Цікава, што Мінск вырашыў зліць гэта ў публічнае поле, — піша палітычны аналітык. — Гэта да пытання пра... братэрства і давер у Саюзнай дзяржаве».