Шарыкаў і Швондэр: Мусіць застацца толькі адзін

У той стабільнасці, якую швондэры сабе пабудавалі, жывёльныя рэфлексы больш карысныя за рэфлексіі, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

szarikov___szvonder.jpg

Прынцыповая дармаедка Бондарава ўсё ж перамагла Мінкульт. Гэта значыць, яна яго і раней рэгулярна перамагала. Паходы Бондаравай супраць Мінкульта кожны раз заканчваліся збіццём культурных немаўлятаў. Але ўчора здарыўся поўны разгром. Гарант звольніў міністра культуры, які Бондаравай ніколі не падабаўся.

Не ўпэўнены, што гэта канчатковая перамога. Што гэта безумоўная перамога — зразумела, а пра канчатковасць я асабіста сумняваюся. Таму што тут усё выключна ад Бондаравай залежыць. Можа, прыме капітуляцыю на ласку пераможцы і знойдзе сабе іншыя аб'екты для ўтаймавання. А можа — і не прыме.

Але я цяпер не пра культуру. Таму што не ў культуры ж справа. Культуру ў часы стабільнасці кожны можа пакрыўдзіць. А перамагчы — не кожны. Таму ў тым, што здарылася, ёсць глыбокі маральна-палітычны сэнс. 

Вось я табе неяк казаў пра розныя гатункі сведак стабільнасці. Што ёсць акультураныя сведкі стабільнасці, многія з якіх сведчаць стабільнасць за умераны заробак. Некаторыя — сведчаць у тэлевізары, а іншыя — на пасадах сярэдняга начальніцкага звяна. 

Аднак ёсць і стыхійныя сведкі стабільнасці, на якіх сярэдняга начальніцкага звяна і тэлевізара не хапіла. Гэта значыць, класічная такая сацыяльна-культурная дыхатамія: шарыкавы і швондэры. 


Глядзіце таксама

Вось швондэры думалі, што паколькі яны ў сярэднім начальніцкім звяне і ў тэлевізары, — дык яны тут галоўныя. Што яны могуць вылучыць стыхійную грамадскую ініцыятыву шарыкавых супраць грамадзян сумнеўнай палітычнай лаяльнасці. А потым — калі ім трэба будзе — могуць засунуць гэтую ініцыятыву назад.

Але шарыкавы ж таксама хочуць сабе ўмеранага заробку, тэлевізара і сярэдняга начальніцкага звяна. А на грамадзянах сумнеўнай палітычнай лаяльнасці ўмеранага заробку не заробіш. Таму што тэлевізар і сярэдняе начальніцкае звяно не гумовыя — туды ўсе не ўлезуць. Каб улезці, трэба вызваліць сабе месца пад бюджэтным сонцам. А для гэтага выявіць сярод швондэраў грамадзян сумнеўнай палітычнай лаяльнасці. І тады месца вызваліцца.

І, вядома, швондэры думалі, што ім нічога не пагражае. Што дастаткова пакашляць азаронкам у тэлевізары, каб шарыкавы падціснулі хвост. 

А вось аказалася, што не. Што нічога швондэры супраць шарыкавых зрабіць не могуць. І пакуль Азаронак кашляў, дармаедка Бондарава з вялікім поспехам разміналася на Міністэрстве культуры.

Глядзіце таксама

А таму што швондэрам толькі здаецца, што яны такія разумныя. А насамрэч — яны не засвоілі дыялектыку сацыяльна-класавай барацьбы. Інакш бы яны с самага пачатку ведалі, што ў гэтай барацьбе шарыкавы, калі іх загадзя не спыніць, заўсёды перамагаюць швондэраў. Таму што ў швондэраў ёсць якая ніякая рэфлексія, а ў шарыкавых — толькі здаровыя жывёлы рэфлексы. І ў той стабільнасці, якую швондэры сабе пабудавалі, жывёльныя рэфлексы больш карысныя за рэфлексіі.

І што я табе яшчэ хачу сказаць? Паміж шарыкавымі і швондэрамі я, вядома, заўзею за абодва бакі. Як гаворыцца: здароўя загінулым і хай пераможа той, каго не шкада. Але ўсё ж такі, за шарыкавых я заўзею трошкі больш.

Па-першае, таму што ніякая простая чалавечая злараднасць мне не чужая. І калі ты каго спарадзіў, дык няхай ён цябе і з’есць.

Па-другое, з выключна эстэтычных меркаванняў. Таму што нельга ўводзіць зло ў рамкі прыстойнасці. Яно павінна быць чыстым і бескампрамісным. Каб ні ў каго не ўзнікала спакусы неспадзявана пераблытаць і тлумачыць потым, што «не ўсё так адназначна». Што оркі ў грыме — амаль як людзі і што ядуць яны толькі некаторых людзей — толькі тых, якія самі сябе няправільна паводзілі.

А, па-трэцяе, з меркаванняў практычнай уласцівасці. Таму што стабільнасць і швондэраў ледзь-ледзь вытрымлівае. А шарыкавы хутка завядуць стабільнасць туды, куды яна і заслугоўвае. І тут не трэба будзе нават сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.