Ці так сёй-той кантралюе кампетэнтныя органы, як яму гэта здаецца?

Азаронак сказаў, што сярод альтэрнатыўных сведак стабільнасці ёсць агенты заходняга імперыялізму. І паабяцаў, што далей будзе вельмі цікава з прыцягненнем кампетэнтных органаў. Але час ідзе — а цікавае ўсё ніяк не робіцца, разважаеаўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі». Што адбываецца?

bt_logo_1.jpg

Няёмка табе ў гэтым прызнавацца, але апошнім часам з вялікай цікавасцю назіраю за рознагалоссямі паміж рознымі... ну хай будзе канфесіямі сведак стабільнасці. Ты можа не ведаеш, але сведкі стабільнасці бываюць розныя.

Ёсць акультураныя сведкі стабільнасці. Яны сведчаць стабільнасць у тэлевізары. Часам нават за ўмеранае грашовае ўзнагароджанне.

А бываюць дзікія сведкі стабільнасці. Яны, можа, таксама хацелі б умеранае ўзнагароджанне, але тэлевізар маленькі. Усе ахвочыя ў ім не змесцяцца. Таму яны сведчаць наогул супраць усіх спрэс.

Вось адна, прафесійная дармаедка Бондарава, сведчыла нават супраць уласнай нявесткі таго-сяго. І ёй за гэта нічога не было. Ну, гэта значыць, яна зрабіла выгляд, што трошкі папрасіла прабачэння, але зрабіла гэта без павагі. 

А іншая, руская патрыётка Мірсалімава, сведчыла наогул супраць сяго-таго асабіста і дрэннымі словамі. І ёй за гэта было толькі двое сутак. А больш нічога не было.

І вось паміж гэтымі сведкамі стабільнасці розных ізводаў апошнім часам паўсталі непераадольныя супярэчнасці па некаторых нюансах моўнага пытання.

Не буду прымушаць цябе разбірацца, у чым там сутнасць. Таму што сведкі стабільнасці і самі не асабліва гэтым пераймаюцца. 

Сэнс наогул не ў гэтым. Сэнс у тым, што акультураныя сведкі стабільнасці думалі, што яны ў паўтычка заткнуць сваіх дзікіх сабратаў. Што вось ім дастаткова броўкі ў тэлевізары нахмурыць. Таму што яны ж у тэлевізары, а некаторыя — на пасадах сярэдняга дзяржаўнага звяна.

Яны нават задзейнічалі цяжкага Азаронка, які сказаў, што сярод альтэрнатыўных сведак стабільнасці ёсць агенты заходняга імперыялізму. І паабяцаў, што далей будзе вельмі цікава з прыцягненнем кампетэнтных органаў.

І што ты сабе думаеш? Прайшлі ўжо тыдні, а цікава так і не стала. І ніякіх органаў у Азаронка нікуды прыцягнуць не атрымалася. А агенты ўплыву заходняга імперыялізму як уплывалі, так і ўплываюць.

Нават наадварот. Яны сталі ўплываць яшчэ гучней. Яны сталі ўплываць на адрас акультураных субратаў такімі словамі, якіх мы тут з табой ніколі не ўжываем. 

І ведаеш, што я сабе думаю, гледзячы на ўсё гэта? Што, па-першае, пры ўсёй анекдатычнасці ў тым, што адбываецца, ёсць глыбокі маральна-палітычны сэнс. Тыпу: ты мяне спарадзіў, а я цябе з'ем. Бачылi вочкi што куплялi, цяпер ешце хоць павылазьце. Ну і гэтак далей.

Па-другое, што гэта цяпер акультураныя сведкі стабільнасці нічога не могуць зрабіць супраць сваіх дзікіх субратаў. А потым вельмі можа быць, што ўсё будзе наадварот. Як бы потым дзікія не зрабілі што-небудзь дрэннае акультураным.

А па-трэцяе, ёсць у мяне смутныя адчуванні, што дзікія сведкі стабільнасці на самай справе не такія дзікія, якімі яны выглядаюць. Таму яны дазваляюць сабе ўсякае, а ім нічога дрэннага за гэта не бывае. 

І мне вось цяпер наогул здаецца неадназначным, хто там акажацца агентамі імперыялізму і да каго прыцягнуць кампетэнтныя органы. Таму што органам, кампетэнтным у генацыдзе беларускага народа, сведкі стабільнасці, якія сведчаць супраць усіх, значна бліжэй і больш зразумелыя ў ідэйным і інтэлектуальным сэнсе. 

І я вось нават раптам крамольна задумаўся: а ці так сёй-той кантралюе кампетэнтныя органы, як яму гэта здаецца? Ну гэта значыць, усё пад кантролем, пакуль сёй-той займаецца генацыдам беларускага народа разам з кампетэнтнымі органамі. Але я неяк ужо не ўпэўнены, што гэтыя кампетэнтныя органы дазволяць яму заняцца чымсьці іншым, калі ён раптам — чыста тэарэтычна — гэтага захоча. 

Але гэта, вядома, тэма для асобнага ліста.