Свабоду і мову ў нас не адабраць!

На жаль, сёння любы з нас можа трапіць за краты толькі таму, што любіць сваю краіну і прагне нармальнага жыцця. Але менавіта зараз мы свабодныя як ніколі і маем усе шанцы на гэтае нармальнае жыццё.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg


Можна кінуць чалавека за краты, чым пазбавіць яго волі, але нельга адабраць у яго свабоду. Гэта добра ведаюць тыя, хто зараз знаходзіцца па той бок кратаў. Гэта ўсведамляюць і тыя, хто спрабуе жыць па гэты бок. Той водар свабоды, спачатку непрыкметны, а пасля ўсёабдымны, які мы адчулі, ужо немагчыма заглушыць смуродам рэпрэсій і гвалту.
Ці не ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў жыхары Беларусі адчулі сябе беларусамі. Нацыяй, якая не проста вартая годнага жыцця, а якой яно наканаванае, магчыма, за ўсе тыя пакуты, што былі вытрыманыя. Адчулі і пайшлі ў наступ. Пакуль непрыкметны, але з-за гэтага не менш значны і вырашальны для будучыні Беларусі.
Усё больш людзей пачалі цікавіцца славутай беларускай гісторыяй, культурай і традыцыямі роднай зямлі. Некалькі маіх рускамоўных знаёмых ў жніўні пачалі размаўляць выключна па-беларуску. Усё больш у крамах, грамадскім транспарце, проста на вуліцах я чую, як людзі пачалі казаць нашы простыя словы: «дзякуй», «калі ласка», «да пабачэння», «жыве Беларусь». Пераважная большасць сцягоў раёнаў мае надпісы па-беларуску. Па-беларуску напісаныя і шмат якія налепкі, плакаты, лозунгі.
А зусім нядаўна парадавалі медыкі, якія стварылі ініцыятыву «MovaMed» для пашырэння ўжывання беларускай мовы ў медыцыне. У звароце яны напісалі: «Беларусы змяніліся. Мы адчулі сябе нацыяй, якая мае гістарычныя традыцыі павагі да закону, талерантнасці і спагады. Мы не хочам з’язджаць, мы хочам быць гаспадарамі сваёй зямлі. Хочам, каб нашы дзеці засталіся беларусамі. Нашай мэтай ёсць вывучэнне і аднаўленне беларускай медыцынскай тэрміналогіі, свабоднае валоданне ёй у стасунках з беларускамоўнымі пацыентамі і калегамі, пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў медыцынскай навуцы і дыскусіях». Зараз ідзе актыўны запіса на моўныя курсы.
Усё больш грамадзян нашай краіны адчуваюць сябе беларусамі, хочуць быць беларусамі, хочуць ведаць сваю гісторыю, традыцыі, мову. І гэта нягледзячы на тое (а можа, якраз насуперак таму), што ўвосень беларускамоўных затрымлівалі толькі за мову, пазначалі фарбай для больш жорсткага абыходжання з імі ў турмах. На тое, што зачыненыя ледзь не ўсе крамы, дзе прадавалася тавары з этнічнай і нацыянальнай сімволікай. Што за нацыянальны бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг і гістарычны герб «Пагоня» людзей судзяць, у іх канфіскуюць машыны і б’юць шыбы. А праўладныя «гісторыкі» выступаюць з абсурднымі заявамі, спрабуючы скампраметаваць нацыянальных герояў і нацыянальныя сімвалы.
І чым больш існуючая ўлада намагаецца пазбавіць народ нацыянальнай ідэнтычнасці, тым больш народ імкнецца нарэшце стаць нацыяй. Некаторыя аналітыкі ўжо назвалі нашу рэвалюцыю нацыянальна-вызваленчай. Аналізуючы тое, што адбылося з намі са жніўня 2020-га, з гэтым цяжка не пагадзіцца. І, можа, таму сёння ў першы шэраг барацьбы, нароўні са свабодай, годнасцю і праўдай, выходзіць мова.
Можна выштурхнуць чалавека з краіны, але нельга пазбавіць радзімы. Можна пасадзіць за краты, але нельга адабраць свабоду. Можна закрыць усе беларускамоўныя групы і класы, але немагчыма перашкодзіць вывучаць родную мову, чытаць на ёй, спяваць і, тым больш, думаць.
Радзіма, свабода і мова — гэта тое, што ў нас нельга адабраць. Тое, што дае нам сілы і надзею на лепшую будучыню. Што надае моцы вытрымаць усё і ісці наперад «шчыльнымі радамі».