Супраць маці загінулага каліноўца распачалі крымінальную справу
Супраць маці загінулага ва Украіне Паўла «Волата» распачалі крымінальную справу за садзейнічанне экстрэмізму, паведамляюць праваабаронцы.
Камандзір роты разведкі Павел «Волат», які стаяў ля вытокаў утварэння палка Каліноўскага, загінуў 15 траўня падчас выканання баявой задачы на поўдні Украіны.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, супраць маці Паўла Наталлі Суславай, якая зараз знаходзіцца ва Украіне, распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».
Адзначым, што ў сваім допісе ГУБАЗіК над фотаздымкам загінулага беларуса размясціў малюнак кувалды.
Нагадаем, Наталля Суслава — былая выкладчыца рускай літаратуры ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францішка Скарыны, кандыдатка філалагічных навук.
Увосень 2020 года Наталлю двойчы каралі арыштам (8 і 10 сутак) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Пасля вызвалення яна дала інтэрв'ю і расказала, у прыватнасці, што адным з яе студэнтаў быў Сяргей Ціханоўскі. Пазней Наталля Суслава звольнілася з універсітэту. Яна напісала дзве заявы — на далучэнне да страйку і на звальненне.