«Сумленныя людзі» пачалі «народны збор» доказаў рэпрэсій з боку чыноўнікаў і кіраўнікоў

Чыноўнікі, якія ціснуць на рабочых заводаў, студэнтаў у ВНУ рызыкуюць трапіць у пашыраны санкцыйны спіс. Беларусаў просяць паведамляць пра неправамерныя дзеянні начальства на адмысловым сайце.

8d338b15_c6ed_4aab_855e_3731f5bd8af1_w1023_r1_s.png


Ініцыятыва «Сумленныя людзі» адкрыла народны збор доказаў неправамерных дзеянняў чыноўнікаў і кіраўнікоў. Дзеля гэтага суполка запусціла на сваім сайце старонку «Саўдзельнікі злачынстваў». На ёй кожны пацярпелы за грамадзянскую пазіцыю можа з дапамогай адмысловай формы адправіць інфармацыю пра адказнага за ціск, паведамляе Радыё Свабода.

Дадзеныя апрацуюць і адправяць у праваабарончыя арганізацыі, каб далей прапанаваць пашырэнне спісаў персанальных санкцый заходніх краін супраць вінаватых у рэпрэсіях супраць беларускага народа.

«Мы прымаем доказы ад усіх, на каго быў аказаны ціск з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а таксама ад тых, хто стаў гэтаму сведкам. Мэта — не пакінуць без увагі ніводнага выпадку кропкавых рэпрэсій супраць асобы», — адзначыла лідарка «Сумленных людзей» Алена Жываглод.

Аўтары ініцыятывы запэўніваюць, што заяўка праз форму на сайце ананімная: дадзеныя не будуць публікавацца ў адкрытых крыніцах. Звязацца з заяўнікамі для запісу паказанняў можна будзе выключна ў выпадку іх прамога дазволу.

У кастрычніку краіны Еўрасаюза, Вялікабрытанія і ЗША ўвялі санкцыі супраць 40 чыноўнікаў у Беларусі. Больш за сотню чалавек трапілі ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі. «Сумленныя людзі» абяцаюць скласці пашыраны спіс.