Страта

У ноч на 7 сакавіка салігорская праваабаронца Яна Палякова скончыла жыццё самагубствам.



caf1a3dfb505ffed0d024130f58c5cfa.jpg

У ноч на 7 сакавіка салігорская праваабаронца Яна Палякова скончыла жыццё самагубствам.
За некалькі дзён да гэтага — 3 сакавіка — суд Салігорскага раёна (суддзя Бураўцаў) прызнаў Яну Палякову вінаватай у парушэнні часткі 2 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Заведама ілжывы данос») і прыгыварыў да двух с паловай гадоў “хіміі. Акрамя абмежавання волі, суд запатрабаваў кампенсаваць «маральную шкоду» ў памеры аднаго мільёна рублёў на карысць пацярпелага ўчастковага міліцыі Віктара Пугачова, які нядаўна выйшаў на пенсію.
Гісторыя супрацьстаяння праваабаронцы і міліцыянта цягнулася ад лістапада мінулага года. Тады Яна Палякова паведамляла, што за апазіцыйную дзейнасць (падчас леташняй выбарчай кампаніі праваабаронца ўваходзіла ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты Вольгі Казулінай) яе неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. У аддзяленні жанчыну збівалі, а аднойчы ледзь не зламалі руку. Жанчына сцвярджала, што збіваў яе супрацоўнік міліцыі Пугачоў.
Вырак суда Яна Палякова ўспрыняла абвострана балюча. Натуральна, такія перспектывы мала каму могуць падняць настрой. А тут яшчэ у газеце «СБ — Беларусь сегодня» 6 сакавіка выйшаў артыкул «Много у нас диковин, каждый чудак — Бетховен!», у якім Яну ў здзекліва-абразлівай форме выставілі як неадэкватную асобу. Невядома, ці бачыла яна гэтае дзецішча дзяржаўнай журналістыкі, але назаўтра жанчыны не стала.
Радкі з верша Вадзіма Шэфнера «Словом можно убить, словом можно спасти…» ведае бадай кожны журналіст, але мала хто задумваецца, што першае зрабіць куды лягчэй. Цкаваць і навешваць ярлыкі — проста, прадбачыць наступствы не заўсёды магчыма. Падзяліўшыся на два лагеры, беларускія журналісты даўно не заўважаюць, што часам балансуюць на мяжы, барацьба ідэй прытупляе пачуцці адказнасці і этыкі.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна назвала матэрыял у СБ «Абсалютна гнюснай абразлівай публікацыяй; ганебнай з’явай у беларускай журналістыцы — і такое недапушчальна не толькі ў асобна ўзятай газеце, якой з’яўляецца «Советская Белоруссия», але і наогул у нашай журналістыцы. Гэта — ганьба». Праваабаронцы выступілі з патрабаваннем правесці расследаванне факта гібелі. Але ўсё ўжо постфактум.
Быць не як усе, пайсці супраць агульнай плыні — на гэта не ў кожнага стае моцы. У Яны Паляковай было, але не хапіла, каб утрымацца. Як там сталася, цяпер нікому не вядома, ды чалавека няма. У найноўшай гісторыі Беларусі амаль кожны, хто ступіў на нязручную ўладам сцежку, актыўна адстойваў сваю пазіцыю, так ці інакш сутыкаўся з цкаваннем і пераследам. Адным звоняць на працу спецслужбы, у другіх шантажуюць бацькоў, пагражаюць, паклёпнічаюць, паліваюць брудам, навешваюць ярлыкі «адмарозкаў». І выйсця з гэтага кола толькі два: з’ехаць ці стаць у агульны строй. Яна абрала трэцяе.
Пасля трагедыі пачынаеш ацэньваць-аналізаваць, як актывістам-адзіночкам жывецца ў невялікіх мястэчках. Не хочацца прыводзіць у гэтым кантэксце паралелі, і тым больш імёны-прозвішчы, але патэнцыйна на такой мяжы могуць аказацца не адзінкі, а куды больш. У правінцыі ўсе адзін аднаго ведаюць, ад чужога вока і языка нічога не схаваеш. І паплечнікаў-аднадумцаў звычайна нямнога. Такія людзі часта падаюцца дзівакамі, а насамрэч яны проста не хочуць быць у сістэме. І патрэбна ім звычайна падтрымка ды пачуццё пляча. Не так і многа, але і нямала, бо ў кожнага свой клопат і не ўсім стае часу, цярпення, разумення.
Яна Палякова не была «раскручанай» асобай. Пра яе ведала вузкае кола людзей, у прэсе асаблівай інфармацыйнай хвалі з нагоды канфлікту таксама не было. Магчыма, гэта занадта цынічна, але кожная такая страта як электрашок для грамадства, што страсае наліплае раўнадушша ды прымушае паглядзець на сябе і свет з іншых крытэрыяў і ацэнак. Толькі ці надоўга?