Старшыня Свіслацкага суда Аляксандр Шылін засудзіў грамадскага актывіста Юрыя Глебіка да 40 базавых штрафу
18 лістапада ў Свіслачы адбыўся першы карны працэс па адміністрацыйнай справе за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году, які прайшоў 30 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы. Старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін засудзіў грамадскага актывіста Юры Глебіка да 40 базавых штрафу.
"Разгляд" справы прайшоў па звыклым сцэнары, паведамляе "Гарадзенская вясна". Сведкамі, як і ў ранейшыя гады выступалі свіслацкія міліцыянты Аляксандр Гуштын і Юрый Садоўскі. Юры Глебік прысутнічаў у судзе і даводзіў, што ён нічога не парушаў, аднак суддзя па завядзёнцы не прыняў яго аргумантаў.
У выніку Аляксандр Шылін палічыў Юрыя Глебіка вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў яго вялікім штрафам. Юры Глебік перакананы, што працэс меў чыста заказны палітычны характар і ніякага юрыдычнага разгляду справы насамрэч не было.
Старшыня Свіслацкага суду Аляксандр Шылін у ранейшыя гады — у 2012-м, 2014-м і 2015 гадах ужо засуджваў грамадскіх актывістаў да адміністрацыйнага арышту і штрафаў за ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў.
Бліжэйшым часам чакаецца разгляд яшчэ не менш 10 аналагічных адміністрацыйных спраў, многіх удзельнікаў фэсту з розных гарадоў Беларусі ўжо шукалі міліцыянты, каб паведаміць пра складзеныя пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Карны працэс уладаў набірае размах.