СМІ: папярэдняе пасяджэнне па справе Віктара Бабарыкі прызначанае на 4 лютага

Вярхоўны суд Беларусі 4 лютага мае намер правесці папярэдняе судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да былога старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктара Бабарыкі і іншых абвінавачаных, паведаміла крыніца, знаёмая з матэрыяламі крымінальнай справы.

20200416165541.jpg


Генпракуратура Беларусі перадала справу, якую расследаваў КДБ, у Вярхоўны суд у 20-х чыслах студзеня. Было прынятае рашэнне аб тым, што яго будзе разглядаць Вярхоўны суд, піша Беларускі партызан.

Згодна з КПК, прысуд Вярхоўнага суда ўступае ў сілу з моманту абвяшчэння і абскарджанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Адвакаты Віктара Бабарыкі і праваабаронцы выступілі з крытыкай і заявілі, што тым Бабарыка пазбаўлены  права на абскарджванне прысуду. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, на прысуд Вярхоўнага суда можна падаць толькі наглядную скаргу на імя старшыні.

«На заўтра прызначанае папярэдняе пасяджэнне», – сказаў суразмоўца. Паводле яго слоў, на гэта пасяджэнне ў суд даставяць тых абвінавачаных, хто заключыў дасудовае пагадненне са следствам.

«Віктара Бабарыкі на ім не будзе», — зазначыў суразмоўца. Па яго словах, ужо прызначаны суддзя, які будзе старшыняваць на гэтым працэсе.

«Гэта вядомы суддзя, журналісты яго ведаюць па шматлікіх гучных судовых працэсах», – удакладніў суразмоўца.

Былога кіраўніка Белгазпрамбанка абвінавачваюць у «атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай», а таксама «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры» па ч.3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК Беларусі.

Акрамя яго, па ч. 3 арт. 430 таксама абвінавачваюцца шэсць топ-мэнэджараў банка.

Паводле матэрыялаў справы, Бабарыка і падазраваныя з 1 студзеня 2004 года да 11 чэрвеня 2020 года нібыта незаконна атрымалі ад камерцыйных арганізацый не менш за 30 мільёнаў рублёў «за спрыяльнае развязанне пытанняў».

Віктар Бабарыка прызнаны праваабаронцамі палітвязням.