Слуцкі суд не ўбачыў парушэння канстытуцыйнага права грамадскага актывіста
На працягу двух дней у судзе Слуцкага раёна разглядалася скарга грамадскага актывіста Віталя Амяльковіча на слуцкі цэнтр банкаўскіх паслуг ААТ «Белаграпрамбанк». Сябра партыі БНФ і Руху «За Свабоду» адстойваў у судзе права грамадзяніна Беларусі на карыстанне беларускай мовай у любой сферы грамадскага жыцця.
У іскавай заяве заяўнік прасіў прызнаць парушаным яго права на карыстанне беларускай мовай, а дзеянні супрацоўніцы ЦБП №542/47 ААТ «Белаграпрамбанк» прызнаць незаконнымі, бо яны парушылі гэтае права. Таксама Амяльковіч папрасіў суд спагнаць з ААТ «Белаграпрамбанк» на яго карысць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 200 рублёў.
Справа пачалася 20 лістапада 2019 года. У той дзень праваабаронца звярнуўся ў адзін з філіялаў «Белаграпрамбанку» з мэтай аплаціць транспартныя выдаткі за вандроўку. Інфармацыя па аплаце была аформлена па-беларуску, але супрацоўніца банку Ганна Гладышава адмовілася запоўніць бланк пералічэння па-беларуску. У сваім адказе яна спаслалася на адсутнасць беларускай мовы ў праграмным забеспячэнні і на сваё няведанне беларускай мовы.
— На маю заўвагу, што я хачу аплаціць паслугі, а ўся неабходная інфармацыя для ажыццяўлення плацяжу маецца на аркушы, мне быў дадзены адказ, што камп'ютарная сістэма ААТ “Белаграпрамбанк” не мае магчымасці запісваць інфармацыю на беларускай мове з ужываннем беларускай раскладкі, а сама супрацоўніца банка Гладышава Ганна не ведае беларускай мовы. Пасля гэтага я дапамог перакласці некаторыя словы з беларускай мовы на рускую, каб яна змагла зафіксаваць у сістэме банка ажыццяўленне плацяжу, — напісаў у сваёй заяве ў суд Амяльковіч Віталь.
Па словах Амяльковіча, канфлікта магло б і не быць, калі б супрацоўніца банка не паказала сваё асабістае адмоўнае стаўленне да беларускай мовы.
— У працэсе афармлення паслугі супрацоўніца банка выказала гучна незадавальненне, што тэкст напісаны па-беларуску і што яна не валодае беларускай. Я заўважыў, што паколькі яна працуе ў сферы аказання паслуг, варта было б ведаць беларускую мову. У адказ яна заявіла: «А зачем мне это надо?».
Пасля Амяльковіч адразу ж напісаў скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў. У адказе ад 3 снежня 2019 года намеснік начальніка ўпраўлення якасці ААТ «Белаграпрамбанк» Кавалёва В.А. адзначыла, што ў Рэспубліцы Беларусь статус дзяржаўных маюць беларуская і руская мовы, а спецыялісты банка ў сваёй працы выкарыстоўваюць тую мову, якой лепш валодаюць.
Пасля такой абыякавай рэакцыі на праблему Віталь Амяльковіч палічыў, што супрацоўніца ЦБП №542/47 «Белаграпрамбанк» парушыла яго канстытуцыйнае права карыстацца дзяржаўнай мовай (артыкулы 17 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). Апрача таго, у паводзінах супрацоўніцы ён угледзеў парушэнні артыкулаў 2-6 Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».
У судзе юрысконсульт і работнік банка спасылаліся на камп’ютарную сістэму, якая не дазваляе ў поўнай меры выкарыстоўваць і запісваць адпаведную патрэбную інфармацыю з ужываннем адной з дзяржаўных моў —беларускай. У перапынку паміж судовымі пасяджэннямі Ганна Гладышава, якая мае статус сведкі ў гэтай грамадзянскай справе, прызналася карэспандэнту НЧ, што вучылася ў рускамоўнай школе і беларуская мова ніколі не гучала ў асяроддзі яе сяброў і блізкіх:
— Калі б у мяне былі дзеці, магчыма, мне прыйшлося б рыхтавацца з імі да ўрокаў і атрымаць нейкую моўную практыку. Што датычыцца прафесійнай сферы, ніякіх нараканняў на маё абслугоўванне з боку кліентаў да гэтага часу не ўзнікала.
Відавочна, што яна не зусім разумее прычыны свайго знаходжання ў судзе.
У Амяльковіча Віталя ёсць прэтэнзіі да прафесіяналізму Ганны Гладышавай і кампетэнтнасці пры абслугоўванні кліентаў. Прэтэнзія — у парушэнні яго права на абслугоўванне па-беларуску.
17 студзеня суд Слуцкага раёна адмовіў у задавальненні скаргі Амяльковіча. Грамадскі актывіст збіраецца абскарджваць пастанову суда ў Мінскім абласным судзе.