Слуцкі райвыканкам «прыняў да ведама» зварот жыхароў
Як паведаміла арганізатар калектыўнага звароту па пытанні дублявання вулічных указальнікаў па беларуску Зінаіда Цімошак, яна атрымала адказ з Слуцкага райвыканкаму.
У ім пералічваюцца дзеючыя акты заканадаўства і гаворыцца, што «пытанне дубліравання надпісаў на шыльдах з назвамі вуліц і іншых указальнікаў адрасоў у Слуцку на дзвюх дзяржаўных мовах райвыканкамам прынята да ўвагі».
— Пры гэтым начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міхаіл Варабей у сваім адказе спаслаўся на дзве дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь і праінфармаваў, што на тэрыторыі Слуцкага раёна назвы вуліц і іншых указальнікаў адрасоў азначаюцца на рускай альбо беларускай мовах, — гаворыць старшыня мясцовага ТБМ. — Насамрэч 90 адсоткаў назваў шыльдаў вуліц напісаны на рускай мове. Паколькі для мяне незразумела, што значыць выраз «прынятае да ўвагі», я працягнула перапіску з Слуцкім райвыканкамам. У асабістым звароце папрасіла патлумачыць, што значыць «пытанне прынятае да ўвагі» і якія канкрэтныя дзеянні і ў якія тэрміны будуць праводзіцца Слуцкім раённым выканаўчым камітэтам па вырашэнню выкладзенага ў калектыўным звароце пытання, якое падтрымлівае больш за 600 жыхароў горада.
Я папрасіла пракаментаваць сітуацыю, якая склалася ў Слуцку, вядомага абаронцу беларускай мовы Ігара Случака.
— Сапраўды, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі ў нашай краіне дзейнічаюць дзве дзяржаўныя мовы. Калектыўны зварот гараджан таксама прапануе, каб дзейнічалі дзве дзяржаўныя мовы. Павінны забяспечвацца правы не толькі рускамоўных грамадзян, але і беларускамоўных, — тлумачыць пазіцыю случчан праваабаронца.
На думку Ігара Случака, Слуцкі райвыканкам даў фармальны адказ, паколькі пералічыў толькі дзейснае заканадаўства і не адказаў, ці будзе ён рэагаваць на праблему. І гэта выклікае занепакоенасць, паколькі на зварот некалькі соцень жыхароў чыноўнік даў адказ, што іх меркаванне толькі «прынята да ведама». Пры гэтым не ўдакладнена, ці будуць прыняты канкрэтныя захады для вырашэння пытання, якое хвалюе гараджан.
Случак лічыць, што адсутнасць дзвюхмоўных шыльдаў — гэта дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Так, у дадзеным канкрэтным выпадку з большасцю рускамоўных указальнікаў дыскрымінуюцца беларускамоўныя грамадзяне, а тыя заканадаўчыя акты, на якія спасылаецца райвыканкам, фармальна як быццам адпавядаюць заканадаўству аб мовах, але супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І гэта было даказана ім яшчэ у межах магістарскай дысертацыі, абароненай у Гомельскім дзяржаўным універсітэце.
Ідэя з двухмоўнымі шыльдамі і вулічнымі ўказальнікамі была прапанавана Гомельскаму гарвыканкаму, які прызнаў яе слушнай і зараз паступова рэалізуе.
Дарэчы, у Гомелі для вырашэння праблемы было дастаткова звароту аднаго грамадзяніна, а ў Слуцку беларускія назвы вуліц хочуць бачыць больш за 600 грамадзян.