Слоўнік беларускіх «экстрэмістаў»
Выданне «М*дыязона» падрыхтавала кароткі слоўнік, дзе сабраны словы і выразы, якія характарызуюць нашу сённяшнюю рэальнасць. Мы пераклалі яго на беларускую мову і дапоўнілі некалькімі фрагментамі.
Эвакуацыя, ШІЗА, бавоўна і экстрэмісцкае фарміраванне — словы, якія з'явіліся ва ўжытку беларусаў пасля пратэстаў 2020 года, рэпрэсій за імі і пачатку поўнамаштабнай вайны. Калі беларусы кажуць адно аднаму «хапун», «рэйкавыя партызаны» або «экстрэмісты» — і ўсе зразумеюць, пра што менавіта ідзе гаворка.
А
Аб'яднанне сваякоў палітвязняў і былых зняволеных паводле палітычных артыкулаў. Яны выступілі са зваротам да палітыкаў і грамадства, заклікаючы дзейнічаць больш рашуча для вызвалення палітвязняў, у тым ліку весці перамовы з уладамі.
Б
Бавоўна — украінскі мем, які ўзнік пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Ён высмейвае звычку расійскіх СМІ называць выбухі плескачамі. Выкарыстоўваючы гульню слоў, ва ўкраінскіх медыя пачалі называць выбухі ў Расіі «бавоўнай». Пазней Мінабароны Украіны прадставіла новага персанажа сучаснага ўкраінскага фальклору — баваўнятка. Ён апісваецца як няўрымслівы звер-прывід, які прыходзіць на расійскія склады і які грае там з агнём.
В
«Вясна» — самы вядомы ў свеце беларускі праваабарончы цэнтр, створаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Ад самага свайго стварэння паслядоўна падвяргаецца пераследу з боку рэжыму. У 2003 годзе арганізацыя была пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і з таго часу з'яўлялася афіцыйна не зарэгістраванай.
У рамках пагрому грамадскіх арганізацый у ліпені 2021 былі абшуканы сам цэнтр і памяшканні праваабаронцаў, затрыманыя амаль усе прадстаўнікі «Вясны», якія на той момант былі ў Беларусі, у тым ліку Алесь Бяляцкі. Яны былі арыштаваныя па справах, заведзеных па артыкулах 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў») і 243 («Ухіленне ад сплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Андрэй Чапюк, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Г
«Грубае парушэнне парадку» — «народны» артыкул 342 КК. Па гэтым артыкуле судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску і іншых гарадах у 2020-21 гадах. Напрыклад, два гады ў калоніі па абвінавачанні ў грубым парушэнні парадку правёў спартыўны журналіст Аляксандр Івулін.
Д
Данаты і пераслед за данаты. Пасля кавіда і пратэстаў у 2020 годзе беларусы салідарызаваліся і шмат данацілі розным ініцыятывам і фондам. Многія з іх пазней улады прызналі экстрэмісцкімі. Такі «статус» дае магчымасць сілавікамі пераследаваць беларусаў за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання», паводле гэтага артыкула можа пагражаць ад трох да пяці гадоў калоніі.
Аднак апошнім часам з'явілася новая тактыка: людзей выклікаюць у КДБ і прымушаюць перавесці суму, якая істотна перавышае ахвяраванне, у адну з сацыяльных устаноў краіны — дзіцячы дом, інтэрнат для пажылых і гэтак далей.
Ж
«Жыве Беларусь» — патрыятычны заклік да кансалідацыі беларусаў у абарону свабоды і незалежнасці сваёй краіны, адзін з лозунгаў пратэстаў-2020. Фразу ўнеслі ў пералік нацысцкай сімволікі, які абнавілі ў 2022 годзе і павялічылі ў пяць разоў.
«Жыве Беларусь» прыраўнялі да вітання Гітлера: у тэксце пастановы сказана, што вокліч выконваецца разам з падняццем правай рукі з выпрастанай далонню — як калабарацыянісцкае прывітанне і сімвал 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й пяхотнай дывізіі Вафен СС у гады Другой сусветнай вайны.
З
Зімбабвэ — новая «брацкая» краіна. Нядаўна ў Лукашэнкі быў тур у Афрыку, з Зімбабвэ Беларусь падпісала шмат пагадненняў, і па рэпартажах праўладных журналістаў здавалася, што гаворка ідзе пра даўняе палітычнае сяброўства.
Адносіны з Зімбабвэ Беларусь развівае з 2011 года. Краіны звязвае тавараабарот у 39 мільёнаў долараў, сумесныя праекты, а таксама здабыча золата.
І
Імпартазамяшчэнне — тое, што павінна, на думку прапагандыстаў, выратаваць Беларусь ад санкцый.
К
«Калектыўны захад» — нейкі саюз, які існуе ва ўяўленні ў беларускіх і расійскіх прапагандыстаў. «Калектыўны захад» супрацьстаіць Беларусі і Расіі, уводзіць санкцыі і г. д.
Л
Люстрацыя — заканадаўчае абмежаванне правоў пасобнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць беларускага народа. Спатрэбіцца пасля падзення рэжыму для вяртання краіны ў прававое поле.
М
Мігранты і міграцыйны крызіс — калапс на мяжы, які беларускія ўлады зладзілі ў 2021 годзе. На думку афіцыйнага Мінска, у ім вінаватая Польшча, якая не ўпусціла тысячы мігрантаў. Як такая колькасць мігрантаў адначасова апынулася ў памежнай зоне ля пункта пропуску «Брузгі — Кузніца», улады не каментавалі.
Н
NEXTA, NEXTA Live — беларускія тэлеграм-каналы, на якія агулам падпісана больш за паўтара мільёна чалавек. Улады лічаць іх каардынатарамі пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Зараз траіх рэдактараў каналаў судзяць: Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка завочна, Рамана Пратасевіча — вочна. Рудзік і Пуціла абвінавачваюцца па некалькіх артыкулах КК, сярод якіх — «Арганізацыя тэрарыстычнай дзейнасці» і «Змова з мэтай захопу ўлады».
О
«Откуда на Беларусь готовилось нападение» — фраза, якую сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным для таго, каб абгрунтаваць напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Выраз стаў мемам і выкарыстоўваецца ў розных камічных сітуацыях, калі трэба апраўдаць абсурд.
П
«Пакаянныя відэа» — відэа, якія беларускія сілавікі здымаюць з затрыманымі, дзе прымушаюць іх прасіць прабачэння і раскайвацца на камеру. Першапачаткова такія відэа здымалі толькі з затрыманымі па палітычных артыкулах, цяпер — нават з падлеткамі з «ПВК Родан» або з парушальнікамі ПДР.
Р
«Рэйкавая вайна» — з'ява, якая з'явілася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Беларусы, якіх называюць «рэйкавымі партызанамі», здзяйснялі дыверсіі на чыгунцы для таго, каб спыніць перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі. «Рэйкавых партызан» у Беларусі судзяць па артыкуле аб тэрарызме, хаця ад іх дзеянняў ні разу не пацярпелі людзі. Напрыклад, дваіх беларусаў з Бабруйска прысудзілі да 22 гадоў калоніі за тое, што яны падпалілі дзве рэлейныя шафы ў раёне Асіповічаў.
С
«Санкцыі не працуюць» — штамп, які часта гучыць ад беларускіх прапагандыстаў. Прычым час ад часу, паводле іх заяў, санкцыі то не працуюць і зусім незаўважныя, то цяжкія і задуманы падступна, але Беларусь ім паспяхова супрацьстаіць.
Т
«Тэрарызм» — артыкул 359 КК. Тэрарызмам у Беларусі могуць палічыць любыя хуліганскія дзеянні. Жыхароў Бабруйска асудзілі на тэрміны да 16 гадоў за тое, што яны падклалі на чыгуначную станцыю прадмет, «падобны да выбуховага прыстасавання», падпалілі пудзіла Лукашэнкі і стралковы цір. Яшчэ ў Беларусі ёсць «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго ўключаныя, сярод іншых, напрыклад, журналісты Анджэй Пачобут і Вольга Лойка, адвакат Максім Знак і іншыя.
Ф
Фарміраванне (экстрэмісцкае). У Законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» сказана, што фарміраванне — гэта група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць. На практыцы «экстрэмісцкія фарміраванні» ў Беларусі — гэта незалежныя СМІ, тэлеграм-каналы (і акаўнты ў іншых сацсетках) пратэсных ініцыятыў, некамерцыйных арганізацый і гэтак далей.
Х
Хапун — народная назва масавых затрыманняў. Напрыклад, хапун на плошчы — гэта затрыманне ўсіх прысутных. Яшчэ бывае «хапун» у нейкім горадзе, калі сілавікі прыходзяць з ператрусамі або затрымліваюць шмат людзей.
Ц
Цэны і рэгуляванне цэн. У кастрычніку 2022 года Лукашэнка забараніў павышаць у Беларусі цэны. З тых часоў у краіне час ад часу заводзяць крымінальныя справы ў сувязі з павышэннем цэн. Затым Саўмін прыняў пастанову «Аб сістэме рэгулявання цэн», якая ўвяла ў тым ліку гранічныя надбаўкі на вялікую колькасць тавараў. За павышэнне цаны на сыр на 78 капеек, напрыклад, дырэктара крамы з Магілёва адправілі ў калонію на два гады з адтэрміноўкай.
Ч
Чат-рулетка — сайт, дзе можна ананімна мець зносіны з іншымі карыстальнікамі з дапамогай відэа і чата. Наведвальнік сайта патрапіць на выпадкова абранага суразмоўцу і пачынае з ім размову. Блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы зрабілі справаздачу пра затрыманне не менш за восем чалавек за размовы ў чат-рулетцы; іх суразмоўцамі аказаліся правакатары.
Ш
ШІЗА — штрафны ізалятар у калоніі і форма ціску на палітычных зняволеных. Іх туды пераводзяць за парушэнні рэжыму. Сярод парушэнняў рэжыму можа быць няголенасць або няветліва прывітанне. У ШІЗА нельга браць з сабой асабістыя рэчы, толькі туалетную паперу, зубную пасту, шчотку і тапкі. У ШІЗА няма пасцельнай бялізны, а ложак — гэта прышпіленая да сцяны драўляная лава, якая адшпільваецца толькі на ноч.
Э
Эвакуацыя — тэрміновы выезд з Беларусі праз пагрозу палітычнага пераследу. Некаторым даводзіцца ратавацца, нелегальна пераходзячы мяжу праз лясы, балоты і нават фарсіруючы рэкі.
Я
«Я выходжу» — апошнія словыРамана Бандарэнкі з «Плошчы Перамен» у дваровым чаце. Ён выйшаў на двор, там яго затрымалі, збілі і павезлі сілавікі ў цывільным. З РАУС яго даставілі ў бальніцу без прытомнасці, дзе ён потым памёр.
У 2021 годзе была выдадзена кніга «Я выходжу», дзе апублікавалі фота з плакатамі на беларускіх пратэстах. Цяпер сілавікі сцвярджаюць, што ідэнтыфікуюць і затрымліваюць людзей па фота з гэтай кнігі.