«Грошай няма» без усякага «трымайцеся»
Пачынаючы з 2020 года мы шмат разоў параўноўвалі беларускую эканоміку з брэжнеўскай эпохай застою ў СССР, і наракалі, што ў сучасных умовах такая сістэма доўга не працягне. Падобна, мы дачакаліся аднаго з першых лозунгаў эпохі Перабудовы: «Эканоміка павінна быць эканомнай!»
Чаму гэты лозунг? На тыдні Лукашэнка сабраў нараду па эканоміі бюджэтных сродкаў. «Тэма сённяшняй размовы — эканомія бюджэтных сродкаў. І не толькі бюджэтных. Калі мы часам эканомім бюджэтныя сродкі, то з'яўляюцца, як у савецкія часы іх называлі, нейкія пралескі», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
«Пралескі» — гэта калі афіцыйна прадаўшчыца лічыцца ў краме і заробак атрымлівае там, а на справе працуе сакратаркай у выканкаме. Лукашэнка назваў гэта так: «То мы людзей дзесьці трымаем на вытворчасці, а яны працуюць на бюджэтныя арганізацыі. То мы выкарыстоўваем транспарт небюджэтных арганізацый, і выкарыстоўваем гэты транспарт для вырашэння пытанняў бюджэтнага характару»...
Трэба адзначыць, што ў дзень нарады на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікаваная пастанова Саўміна, якой урад абмежаваў магчымасці чыноўнікаў і дзяржарганізацый выкарыстоўваць службовыя аўтамабілі для паездак на выязныя мерапрыемствы. Дастаўкай павінны займацца пераважна арганізатары такіх мерапрыемстваў, а службовыя машыны можна выкарыстоўваць толькі ў выключных выпадках.
Гэта значыць, мы пачынаем эканоміць на самым банальным — на бензіне.
Канешне, калі чыноўнікі выкарыстоўваюць службовыя аўтамабілі ў асабістых мэтах — гэта няправільна. Але ж ва ўказе гаворка не пра тое. Пытанне ў тым, што чыноўнікі не могуць выкарыстоўваць службовыя аўтамабілі для паездак, скажам, на «Дажынкі». Ці там узнагародзіць камбайнераў, якія першымі намалацілі мільён тон збожжа, альбо нейкіх «перадавікоў вытворчасці». Усё гэта — «выязныя мерапрыемствы». І, здавалася б, калі мы жывем у «дзяржаве для народа» і «моцнай квітнеючай Беларусі», то эканоміць на такіх дробязях нам, як бы, не з рукі. А аказваецца, што гэтая тэма вартая ўвагі на самым вышэйшым узроўні.
Праўда, варта адзначыць, што ў эканоміі мы, падобна, дасягнулі самых ашаламляльных вынікаў, якія на самай справе нас наўрад ці пацешаць. Напрыклад, складскія запасы ў прамысловасці па выніках лютага ўстанавілі новы рэкорд. На 1 сакавіка яны дасягнулі 9,053 млрд рублёў, у тым ліку ў апрацоўчай прамысловасці складскія запасы склалі 8,996 млрд рублёў.
Узровень складскіх запасаў у прамысловасці ў цэлым склаў 78,2% ад сярэднямесячнай вытворчасці, а ў апрацоўчай прамысловасці — 90,8%, ўдакладніў Белстат.
Ну, ці не эканомныя ці мы?
Прычым, эканомім мы не толькі фінансы і прадукцыю, але і працоўную сілу. Беларускі металургічны завод ц чарговы раз прыпыніў набор новага персаналу, а каля 300 работнікаў сталеправалочных цэхаў былі пераведзены на іншыя вытворчасці з-за адсутнасці загрузкі. Каля 100 рабочых праходзяць перанавучанне на больш запатрабаваныя спецыяльнасці.
Нагадаем, БМЗ — гэта той завод, у «выратаванне» якога беларуская ўлада ў 2021 годзе ўбухала столькі грошай, што іх хапіла б на тое, каб выплаціць кожнаму работніку прадпрыемства (на той момант іх было 11 тысяч) па 130 тысяч долараў. Кожнаму! Іншымі словамі — забяспечыць кожнага працуючага заробкам у 1000 долараў на 10 гадоў наперад, уключаючы 13-ю зарплату. Пры гэтым прадпрыемству не прыйшлося б аплачваць электраэнергію, вываз смецця, іншыя камунальныя плацяжы... Вось дзе эканоміць трэба было!
А вось на чым эканоміць не варта, дык гэта на экалагічных праектах. Аднак і на гэтым эканомяць. Як паведаміў на тыдні намеснік дырэктара УП «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Арцём Шкрыль, у Беларусі найбліжэйшым часам не будуць укараняць дэпазітна-закладную сістэму абарачэння спажывецкай тары. Рэалізацыя праекта адклады на тэрміны пасля 2030 года.
Дэпазітна-закладная сістэма прадугледжвае спагнанне закладу за шкляную бутэльку пры продажы напояў, які будзе кампенсавацца пры вяртанні тары. Заклад можа вяртацца грашыма праз «тараматы» альбо спецыяльным чэкам на аплату пакупак у краме. Фактычна, гэта тыя ж самыя «пункты прыёму шклатары», якія існавалі ў СССР.
Шкрыль растлумачыў, што для ўкаранення такой сістэмы неабходная мадэрнізацыя вытворчасцяў, наладжванне сістэмы лагістыкі і кантролю. З улікам гэтых цяжкасцяў укараненне сістэмы і адклалі на больш позні тэрмін.
Не, я магу зразумець, калі бурацца сусветныя лагістычныя ланцужкі праз кавід, або, як цяпер, праз санкцыі... Але тут жа не тое! Тут — лагістыка ў межах адной краіны. І пры чым тут «мадэрнізацыя вытворчасцяў», калі гэтая сістэма працавала нават у СССР? Хутчэй за ўсё, на нават не стварэнне — аднаўленне, —падобнай схемы цяпер у краіны проста няма грошай. І сказаць так было б больш сумленна, чым прыкрывацца «лагістычнымі цяжкасцямі».
Таксама ў Мінску не будуць будаваць смеццеспальвальны завод. Яго ўзвядзенне было ўключана ў стратэгію па абыходжанні з камунальнымі адкідамі, але «па выніках прапрацоўкі магчымасці рэалізацыі гэтага аб'екта ў горадзе Мінску сумесна з Міністэрствам энергетыкі прынята рашэнне ад гэтага аб'екта адмовіцца». Гэта значыць, зноў жа, грошай няма.
І яшчэ адна важная навіна, якая прымушае задумацца. Беларускія незалежныя эканамісты даўно папярэджвалі аб тым, што, карыстаючыся «інтэграцыяй» і вялікай эканамічнай залежнасцю ад Расіі ў краіне можа пачацца экспансія расійскага капіталу. Што расійскія алігархі скупяць тут «смачныя» прадпрыемствы і бізнесы, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, хоць бы ў выглядзе «дзікага капіталізму». І падобна, гэты працэс пачынаецца, хоць і не так, як яны думалі.
Аўстрыйскі Raiffeisen Bank International і расійскі «Сберюанк» абмяркоўваюць здзелку па абмене актывамі. Яна мяркуе, што аўстрыйская кампанія атрымае актывы Sberbank Europe, а расійская — актывы RBI у Расіі.
У RBI заявілі, што гаворка пакуль ідзе пра «тэарэтычныя меркаванні». Але калі тэорыя ўвасобіцца ў практыку, у нас знікне еўрапейскі банк. А новага банка не з'явіцца, таму што раней «Сбер» ужо набыў «БПС-Банк» («Белпрамбудбанк»), і ўжо выступае гульцом на беларускім рынку.
Па даных на 1 кастрычніка 2022 года «Прыёрбанк» займаў трэці радок рэйтынгу найбуйнейшых банкаў Беларусі, а «Сбер» — чацвёрты радок таго ж рэйтынгу. Калі здзелка адбудзецца мы атрымаем буйнога расійскага гульца на беларускім фінансавым рынку.
І тады ў краіне будзе 20 банкаў, прычым, пяць з іх — расійскія (25%). І ўсе пяць уваходзяць у першую дзясятку рэйтынгу банкаў у РБ.
Экспансія?