Апошняе кітайскае папярэджанне

Меркаванага разносу ўраду не адбылося. Аляксандр Лукашэнка ў нас — з аднаго боку суворы, але з іншага — мяккі і пухнаты кіраўнік. У чарговы раз ён папярэдзіў урад пра невыкананне сваіх абяцанняў і ў чарговы раз адклаў рашэнне па ім на нявызначаны тэрмін.



4300.jpg

У мінулым годзе Аляксандр Рыгоравіч неаднаразова папярэджваў урад пра тое, што склады трэба разгрузіць. Ён пра гэта казаў у красавіку, у маі была пастаўленая задача разгрузіць склады да ліпеня, у чэрвені — да верасня, у кастрычніку — да 1 студзеня 2014 года. Прычым, у кастрычніку Лукашэнка казаў, што хлусня па разгрузцы складоў, «як гэта выглядае сёння ў нас — вывезлі ў Літву, Расію, яшчэ кудысьці, грошай не атрымалі, а склалі там у дылераў на складах трактары, аўтамабілі... Скажу публічна, гэта абернецца камусьці камерай».

Будзем шчырымі — урад не зрабіў амаль анічога для разгрузкі складоў за ўвесь год. У мінулым годзе запасы гатовай прадукцыі на складах на чэрвень дасягалі 82,4% ад сярэднямесячнай вытворчасці.

На 1 студзеня 2014 года гэтая лічба знізілася не вельмі істотна. Аб’ём складскіх запасаў прадукцыі ў прамысловасці складаў 70,2% у адносінах да месячнага аб’ёму вытворчасці. Згодна ж з заданнем па скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі ў 2013 годзе, якое ўрад зацвердзіў у чэрвені мінулага года, складскія запасы да пачатку 2014-га павінны былі знізіцца да 60%.

Заданне па разгрузцы складоў не выканалі арганізацыі Мінпрама, дзе на 1 студзеня складскія запасы складалі 138,2 % да месячнага аб’ёму вытворчасці. Не выканалі заданне прадпрыемства Мінбудархітэктуры, «Беллегпрама», «Беллеспаперапрама», «Белнафтахіма», «Белдзяржхарчпрама» і гэтак далей.

Карацей, поўны швах. Тым не менш, наш мяккасардэчны правадыр пакінуў урад на месцы, нягледзячы на тое, што абяцаў «прыняць рашэнне» па завяршэнні абмеркавання. Толькі прэм’еру Міхаілу Мясніковічу было нагадана, што ён будзе адказваць за ўсё па выніках першага квартала.

Хіба Аляксандр Лукашэнка не разумее, што гэтая эканамічная мадэль не працуе? Усё разумее, і бачыць, як эканоміка каціцца ў багну. Але іншага ўрада ў яго папросту няма, і ён сам гэта прызнае. Таму ён хутчэй сам патоне з эканомікай і ўрадам, але «не саскочыць». «Я не спрабую саскочыць і сесці ў другую лодку. Мы ўсе ў адной лодцы тут сядзім. І я не магу дапусціць, каб у краіне пайшлі нейкія катаклізмы. У нас не можа быць ніякіх катаклізмаў, акрамя як па адной прычыне — стан эканомікі, у дадзеным выпадку — прамысловасці. Я вам даю поўныя правы, каб гэтую сітуацыю змяніць. Аж да кадраў. Рабіце ўсё, што вы лічыце патрэбным, каб мне потым не сказалі, што ў вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў. Майце на ўвазе, прабачэння ў гэтай справе не будзе», — сказаў беларускі кіраўнік.

Што можна параіць у гэтай сітуацыі? Выратаванне простае, як у адэскім бардэлі: трэба не ложкі рухаць з месца на месца, а дзевачак мяняць. Але, зноў жа, іншых «дзевачак», акрамя Мясніковіча і кампаніі ў Аляксандра Рыгоравіча няма. Чымсьці гэта нагадвае сітуацыю ва Украіне, калі Януковіч прапанаваў апазіцыі ўзначаліць урад, а тыя адмовіліся, бо не хочуць на сябе браць адказнасць за правалы мінулага ўрада. Маўляў, уліплі самі ведаеце куды, самі і вылазьце, а нам пэцкацца не варта.

З іншага боку, «неадстаўка» ўрада сведчыць: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Не ўсё так дрэнна ў эканоміцы, каб немагчыма было б паспрабаваць нешта вырашыць. І ёсць яшчэ магчымасці неяк «разруліць сітуёвіну».

Пра гэта сведчыць і сітуацыя на месцах. Напрыклад, у Магілёве нейкая пакуль не названая «службовая асоба гарвыканкама» мала таго, што працавала ў выканкаме, але яшчэ і нібыта падпрацоўвала! І кім падпрацоўвала? Таксавала ўначы? Вартаўніком у родным гарвыканкаме? Грузчыкам у суседняй краме? Не!

Пракуратурай Магілёўскай вобласці ўстаноўлена, што ён на працягу чатырох навучальных гадоў, у 2010–2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновай працоўнай дамовы, пры гэтым фактычна такія заняткі з навучэнцамі не праводзіў. У школе афармлялася фіктыўная службовая дакументацыя, якая з’явілася падставай для налічэння яму заработнай платы і ажыццяўлення абавязковых адлічэнняў у бюджэт на агульную суму каля 22 мільёнаў рублёў.

Ці так у нас у краіне ўсё кепска, калі чыноўнік вертыкалі паквапіўся на заробак настаўніка! Прычым, настаўніка «факультатыўных заняткаў»! Калі падлічыць колькасць месяцаў за чатыры гады і матэрыяльны ўрон у 22 мільёны, атрымліваецца, што гэты махляр спакусіўся прыкладна на 500 тысяч у месяц.

Але ж сам факт! Хто потым скажа, што нашы настаўнікі кепска жывуць, калі ім зайздросцяць нават вертыкальшчыкі!

Таму можна расслабіцца і займацца глупствам, як у Слоніме. Там трое маладзёнаў вырашылі пакатацца з горкі на санках. Адным ім катацца было сумна, і яны стварылі групу ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», дзе і запрашалі ўсіх жадаючых гараджан пакатацца з горкі разам з імі. Але ці то час быў абраны няўдала, ці то халодна было, ці то мясцовыя жыхары не падзялілі энтузіязму маладых сланімчан, але на горцы было ўсяго тры чалавекі. Затое да месца катання нечакана прыехала міліцыя. Усё, што адбывалася, яны нейкі час здымалі на відэа, а потым забралі ўсіх трох разам з санкамі ў Слонімскі РАУС. І там на маладзёнаў склалі пратакол за спробу арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Праўда, супрацоўнікі міліцыі самі паржалі з сітуацыі, але, тым не менш, заявілі, што абавязаныя правесці праверку наконт таго, ці ёсць у дзеяннях маладых людзей склад адміністрацыйнага правапарушэння. Удзельнікі катанняў таксама паставіліся да сітуацыі з гумарам. Праўда, на наступны раз, па парадзе міліцыянтаў, яны маюць намер падаць у мясцовы райвыканкам заяўку на правядзенне катанняў на санках.

Так што, калі вы збіраецеся катацца на санках, лепш папярэдзіць пра гэта органы выканаўчай улады. А лепш кінуць гэта глупства і пайсці склады разгружаць.