Калі няма за што судзіць чалавека — можна стварыць для яго «экстрэмісцкае фарміраванне»

Што вядома пра затрыманых за вывешванне нацыянальных сцягоў Беларусі і Украіны?

nacianalnyja_scjagi.png

У сярэдзіне верасня сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Супраць іх распачалі крымінальную справу за «злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў» паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму.

Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі.

Праваабаронцы «В*сны» распавялі падрабязнасці справы, а юрыст Павел Сапелка каментуе яе.

Што здарылася?

Напрыканцы жніўня на фасадзе 19-павярховага дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску з'явіліся бел-чырвона-белы і блакітна-жоўтыя сцягі. 15 верасня МУС адсправаздачылася аб затрыманні групы «выканаўцаў пратэснай акцыі».

Паведамляецца, што «здалі» іх праз чат-бот «Міліцыя Мінска» «неабыякавыя людзі». Супрацоўнікі затрымалі пяць мінчукоў — жанчын і мужчын ва ўзросце ад 35 да 51 года. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.

Паведамлялася, што «арганізатарка акцыі [Вікторыя Бакуновіч] кіравала з-за мяжы», каб тая размясціла фота ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах. Затрыманыя на гэты момант змешчаны пад варту ў жодзінскую турму.

МУС апублікаваў «палоннае» відэа з імі, але твары ўсіх трох затрыманых мужчын былі заблюраныя, акрамя дзяўчын Кацярыны Зарэцкай і Вольгі Церах.

На відэа мужчына з заблюраным тварам кажа, што прымаў удзел у акцыі разам з жонкай.

«Дзяўчына знізу стаяла фатаграфавала», — кажа яшчэ адзін мужчына з заблюраным тварам.

Таксама ў відэа ўставілі момант затрымання аднаго з фігурантаў: сілавік у цывільным падбег да яго на вуліцы ззаду, ударыў пад калена і зрабіў задушлівы прыём — той паваліўся на зямлю. Да іх падбег яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным і пачалі ўжо ўдвох «круціць» мужчыну.

Затрыманне аднаго з фігурантаў справы

Затрыманне аднаго з фігурантаў справы

«Вядома, што перад выхадам на так званую “справу” зламыснікі старанна рыхтаваліся: размяркоўвалі ролі, праводзілі рэкагнасцыроўка, вызначалі месцы здымкі, назіралі за аб'ектамі. З мэтай канспірацыі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і закрыты, як яны думалі, канал сувязі», — каментуе прадстаўнік ведамства.

У прапагандысцкіх СМІ таксама з'явіўся артыкул пра затрыманых. У ім размешчана фота Уладзіміра Лавора, на ілбу якога бачацца пашкоджанні.

Уладзімір Лавор

Уладзімір Лавор

У сюжэце прадаставілі аўдыё перамоваў затрыманых. Верагодна, канал у Zello выкарыстоўваўся як сродак сувязі паміж мінчукамі падчас гэтай акцыі. (Zello — гэта мабільны дадатак, які дазваляе абменьвацца галасавымі паведамленнямі ў фармаце рацыі. Ім часта карыстаюцца кіроўцы: напрыклад, дальнабойнікі або таксісты).


А прычым тут «экстрэмісцкае фармаванне»?

Праз два тыдні пасля затрымання мінчукоў — 3 кастрычніка — МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» канал у дадатку Zello «Xinkalik» з указаннем шасці прозвішчаў яго удзельнікаў і ўдзельніц. Гэта нетыповы выпадак. Упершыню ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі суполку з дадатку Zello. І ўпершыню пры прызнанні «фармавання» (іх на дадзены момант налічваецца ўжо 99) пазначаныя канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў і удзельніц. Цяпер афіцыйна забаронена карыстацца каналам «Xinkalik» у Zello.

Для затрыманых гэта можа пацягнуць новую крымінальную справу за стварэнне і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, па якім прадугледжана ад трох да сямі гадоў калоніі.

«Калі няма за што “пасадзіць” чалавека, то можна стварыць для яго «экстрэмісцкае фармаванне»

Юрыст Праваабарончага цэнтра «В*сна» Павел Сапелка падкрэслівае, што цяпер праваабаронцы ацэньваюць не толькі змест крымінальнага артыкула, але і практыку яго прымянення:

«Сама па сабе норма аб магчымасці прыцягнення да адказнасці тых, хто стварыў «экстрэмісцкае фармаванне» або ўвайшоў у яго склад у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці ўжо надзвычай спрэчная — існуючыя дэфініцыі надзвычай шырокія і нявызначаныя. Акрамя таго, прызнанне групы грамадзян «экстрэмісцкім фармаваннем» адбываецца адвольна, адміністрацыйным рашэннем, без неабходнасці публічнай аргументацыі рашэння. І нарэшце, практыка прымянення гэтага артыкула наогул выходзіць за межы разумнага, і праблема тут не столькі ў тым, калі група прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем, а ў тым, што любая агульная прыкмета можа быць адвольна ўжытая як вызначальная сутнасць фармавання.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што прыцягненне да адказнасці за сам па сабе факт уваходжання ў «экстрэмісцкае фармаванне» занадта часта становіцца адзінай падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. То-бок калі няма за што «пасадзіць» любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго «экстрэмісцкае фармаванне»: падпісчыкаў Telegram-канала, аўтараў і чытачоў сайта, прыхільнікаў палітычнай фігуры і так далей. Таму што, вядома, вывешванне сцягоў — гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазіцыі вельмі хацелася».


Як можна падтрымаць палітвязняў?

Усе яны ўтрымліваюцца ў жодзінскай турме. Падтрымаць затрыманых можна лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі і медычнымі бандэролькамі па адрасе: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Кацярына Уладзіміраўна Зарэцкая, Вольга Андрэеўна Церах, Вячаслаў Аляксандравіч Панцюшэнка, Уладзімір Міхайлавіч Лавар, Дзяніс Мікалаевіч Варозаў.