Следчыя дзеянні па справе «Вясны» працягваюцца: на допыты выклікаюць грамадскіх актывістаў і журналістаў

Яшчэ і дагэтуль працягваюцца допыты ў Следчым камітэце сябраў праваабарончага цэнтра «Вясна», валанцёраў, журналістаў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.

Анатоль Паплаўны, г. Гомель

Анатоль Паплаўны, г. Гомель

Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Сёння, 1 красавіка, на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці выклікалі ў якасці сведкі грамадскага актывіста Анатоля Паплаўнага.

У Магілёве на допыт выклікаюць таксама і незалежную журналістку Крысціну Барысаву.

А ў апошні дзень сакавіка ў Мінску следчымі быў дапытаны юрыст «Вясны» Аляксей Лойка.

Па справе «Вясны» на допыты выклікаюць і праваабаронцаў, і журналістаў, і палітыкаў.

Праз сіта штодзённых допытаў у Следчым камітэце па справе праваабарончага цэнтра «Вясна» прайшлі дзясяткі сябраў арганізацыі, валанцёраў, журналістаў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

Рада ПЦ «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалавека і дэмакратыі.

spring96.org