Журналістку НЧ Дзіяну Серадзюк асудзілі на 15 сутак. Яе мужа — таксама (абноўлена)

Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру затрымалі ўвечары 3 сакавіка на выхадзе з Кафедральнага Сабора Святога Духа, дзе беларускія маці ладзілі супольную малітву Божай Маці аб спыненні нападу Расіі на Украіну.

dzijana_seradzjuk_novy_czas.jpg


Ноч Дзіяна Серадзюк і яе муж правялі на Акрэсціна.
Судзілі іх сёння ў Цэнтральным судзе Мінска праз скайп. Абедзве справы разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк.
На суддзе Яўген Батура папрасіў прагледзець запісы камер рэгістратараў. Сведка-міліцыянт паведаміў, што рэгістратараў не было, а камеры па тэхнічных прычынах не працавалі. Сведка быў зашыфраваны, назваўся Аляксандрам Аляксандравічам Александровічам. Суддзя ідэнтыфікаваў яго па асабістым нумары. Паводле сведкі, Яўген Батура ўпіраўся нагамі, хапаў за вопратку, не хацеў выходзіць з машыны.
Яўгена Батуру асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.3 КаАП РБ.
Дзіяну Серадзюк таксама абвінавацілі ў парушэнні арт. 24.3. Наша калега папрасіла перанесці пасяджэнне, каб прайсці медычнае абследаванне. Суддзя адмовіў у хадайніцтве, але абяцаў мець гэта на ўвазе.
На судзе Дзіяна сказала: «Я дам свае тлумачэнні, каб захаваць свой гонар і годнасць». Наша калега трымаецца годна, голас бадзёры. Калі суддзя спытаў, ці хоча яна нешта дадаць, Дзіяна адказала: «Толькі хачу папрасіць вас быць сумленным».
Той жа зашыфраваны сведка Аляксандраў Александровіч сцвярджае, што Дзіяна была затрымана каля 17:40 па вул. Кірыла і Мяфодзія. У двары РУУС каля 18:00 стала ўпірацца і адмаўляцца выходзіць з аўтамабіля. Запісаў відэакамер таксама няма. На пытанне Дзіяны, чаму яна «аказвала супраціў» не пры затрыманні, а калі прывезлі ў пастарунак, сведка адказаў, што «не ведае яе матываў».
«Вам не сорамна?» — наступнае пытанне Дзіяны. Суддзя яго зняў.
Абвешчаны перапынак да 16:00.
Пасля перапынку абвешчаны прысуд: Дзіяну Серадзюк асудзілі на 15 сутак.