Сяргей Дылеўскі: Другая хваля забастовак будзе сапраўдная

Па словах аднаго з чальцоў страйкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага, рэальна на МТЗ не выходзяць на працу каля 300 чалавек з 14 тысяч. Але гэта не азначае, што забастоўкі няма.

Сяргей Дылеўскі. Фота Sputnik.by

Сяргей Дылеўскі. Фота Sputnik.by


«Па сутнасці, забастоўкі і няма, і ёсць. Многія рабочыя страйкуюць на працоўных месцах. Так званая італьянская забастоўка. Прынцып у тым, каб прыходзіць на працоўнае месца, рабіць сваю працу, але з мінімальнай аддачай. Рабіць выгляд, што робіш, звяртаць увагу кіраўніцтва і адмаўляцца ад працы, калі ёсць нейкія мінімальныя парушэнні працоўнага заканадаўства, тэхнікі бяспекі і гэтак далей», — сказаў ён у інтэрв’ю «Цяперашняму часу».

«Тыя, хто страйкуе, на гэты момант аформілі адміністрацыйныя адпачынкі — адпачынкі за свой кошт. Іх няма на працоўным месцы, яны не выконваюць свае працоўныя абавязкі. Мы актыўна проста з імі цяпер вядзем валанцёрскую працу — з тымі хлопцамі, якія не выходзяць, не становяцца за станкі і не працуюць. Да тых, хто на працоўных месцах [страйкуе], па меншай меры аб адкрытых рэпрэсіях, пагрозах і спагнаннях я пакуль не чуў. Ёсць, вядома, незадаволенасць кіраўніцтва, што людзі спрабуюць страйкаваць, але адкрытых пазбаўленняў прэмій і звальненняў пакуль няма», — распавёў Дылеўскі.

На пытанне, чаму страйк, нібыта, адышоў на другі план, Дылеўскі сказаў: «Ён не сышоў на другі план. Ён разбіўся аб наша заканадаўства. Дваццаць шэсць гадоў прыгнёту, 26 гадоў пастаяннага страху прышчапіла беларускаму народу такую рысу, як боязь усяго, боязь усяго новага. Вырасла цэлае пакаленне людзей, пры якіх забастоўкі не было як такой, і яны яе баяцца. А тыя, хто старэйшыя, памятаюць забастоўкі 1990-х гадоў, дэфіцыт прадуктаў, дэфіцыт грошай, калі няма чым накарміць сям'ю. Людзі гэтага баяцца таксама.

Нягледзячы на тое, што велізарная колькасць фондаў цяпер па Беларусі: беларуская супольнасць ужо сабрала больш за мільён еўра на дапамогу страйкоўцаў, — нягледзячы на гэта, людзі баяцца выходзіць адкрыта.

Меркаваннем большасці, каб не згас гэты рух, было вырашана дзейнічаць у рамках закона, у рамках заканадаўства. Мы зараз афармляем юрыдычны бок, рыхтуем пакет дакументаў, каб забастоўка была абсалютна легальная з пункту гледжання сучаснага закона. І як толькі мы ўсё аформім гэта, я думаю, пойдзе другая хваля забастовак. Першая хваля была больш як рэпетыцыя, а другая хваля ўжо будзе сапраўдная».

Паводле «Настоящего Времени», пераклад НЧ