Сядзеў на «Шанхаі», быў у «Навінках», хварэў на кавід. Што вядома пра палітвязня з «Плошчы Перамен» Сцяпана Латыпава
З 15 верасня пад вартай утрымліваюць мінчука Сцяпана Латыпава, які абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на вуліцы Чарвякова. Пры затрымання Сцяпана збілі. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, нагадвае «Свабода».
Пры вобшуку ў кватэры Сцяпана Латыпава,
які прафесійна займаецца лячэннем дрэў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасля чаго
дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў
рыхтаваўся труціць міліцыянтаў.
Сябры Сцяпана Латыпава і яго суседзі з вуліцы Чарвякова вядуць з ім перапіску, а асноўныя звесткі пра яго выкладваюць на старонку #весточкиОтСтепана. Там жа валанцёры змяшчаюць фотаздымкі некаторых яго лістоў. Вось што можна даведацца з гэтых допісаў.
«Валадарка» — шпіталь у Навінках — зноў «Валадарка»
Пасля завядзення крымінальнай справы Сцяпана Латыпава адпачатку змясцілі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, прычым у корпус, вядомы дрэннымі ўмовамі. Паводле ліста, напісанага ў лістападзе, Сцяпан пабываў у гэтак званым «Шанхаі».
«Гэта корпус у паўсутарэнні з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком. Перавёў мяне адтуль лекар, які прачытаў артыкул пра мяне. Са словамі „Калі цябе чакаюць такія людзі, значыць ты гэтага варты“. З дрэнных навінаў — тэрмін утрымання пад вартай працягнулі да 15.01», — паведаміў тады Латыпаў.
У снежні 2020 года сябры Сцяпана Латыпава атрымалі звесткі, што ён знаходзіцца ў Навінках дзеля прызначанай экспертызы. Адтуль яго перавялі на «Валадарку». Сцяпан гэта пацвердзіў, калі ў лютым адгукнуўся на перавод на яго рахунак невялікай сумы грошай.
«Адміністрацыя таксама гэта бачыць, і, хай і ў невялікім памеры, але гэта фармуе меркаванне пра мяне як пра чалавека, якога любяць, чакаюць і цэняць», — напісаў Сцяпан Латыпаў чалавеку, які вырашыў падтрымаць яго грашыма.
Перахварэў на каронавірус
У студзені на «Валадарцы» Сцяпан Латыпаў у лёгкай форме перахварэў на каранавірус. Пра гэта паведамілі суседзі Сцяпана Латыпава з вуліцы Чарвякова.
«Сам факт гэтага ніяк не дзівіць, бо ў турмах адмыслова ствараюць умовы, каб людзі, якія туды трапілі, заразіліся», — мяркуюць людзі, якія перапісваюцца з палітвязнем Латыпавым. «Пажадаем Сцяпану хутчэйшага выздараўлення», — напісалі суседзі Латыпава ў сярэдзіне студзеня 2021 году.
Праблемы з перапіскай не скончыліся дагэтуль
У канцы 2020 года ў палітвязня пачаліся праблемы з перапіскай. Вось што паведамляла крыніца #весточкиОтСтепы пра Латыпава летась 29 снежня:
«Сцяпан просіць перадаць, што ў яго ўсё ў парадку, але бяда з перапіскай. Вельмі шмат рэжа цэнзура — і ў той, і ў другі бок. За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак. Але, на жаль, з іх даходзіць толькі малая частка».
У сакавіку адрасат зноў напісаў, што ліставанне з Латыпавым штучна абмежаванае, бо, паводле яго звестак, турэмная «цэнзура з кавідам на бальнічным», але заклікаў людзей не спыняць намаганняў і далей ліставацца з палітвязнем.
Адрасаты Сцяпана Латыпава паведамляюць яму, што ў двары яго дома рэгулярна праходзяць сустрэчы, на якіх згадваюць пра яго, абменьваюцца навінамі з ліставання з ім. У адным з лістоў на волю сам Сцяпан гэтак напісаў пра значэнне для яго гэтай сувязі з суседзямі, якіх ён ужо лічыць сваякамі: «Мне дасталася крыніца бязмежнай моцы і цярпення — ваша любоў і падтрымка».
Што да крымінальнай справы супраць Сцяпана Латыпава, сам ён у лістах пра яе не згадвае, але суседзі ведаюць, што яна дагэтуль не завершаная. У перапісцы трапляюцца паведамленні, што Сцяпана Латыпава наведвае адвакат.
Хто такі Сцяпан Латыпаў?
У красавіку Сцяпану Латыпаву споўніцца 41 год. Паводле прафесіі ён арбарыст (дрэўны доктар), а раней працаваў прамысловым альпіністам. Дзякуючы рэдкаму занятку Латыпаў пабываў шмат у якіх краінах, пра што згадвае ў лістах на волю. Вось што піша Сцяпан у адказ на атрыманую паштоўку з відамі Куршскай касы:
«Двойчы бываў на Куршскай касе, часта хадзіў па дзюнах ва Уэльсе і Іспаніі, у Партугаліі не аднойчы даводзілася працаваць на дрэвах з відам на дзюны і акіян. Гэта было здорава, дзякуй табе».
А яшчэ ў адным з лістоў Сцяпана Латыпава ёсць такая фраза:
«Упэўнены, зараз менавіта раніца. Не часу дня, а новай Беларусі».