Маці Ігара Аліневіча пра правілы перапіскі з палітвязнямі: пра палітыку і негатыў лепш не пісаць

Валянціна Аліневіч — мама палітзняволенага Ігара Аліневіча — распавяла, як аптымальна ліставацца з тымі, каго рэжым трымае за кратамі.

11954758_1035472883144021_897881675546627060_n_5sncf.jpg

— Многія не ведаюць, пра што і як пісаць нашым палітычным. Я магла б расказаць пра свой досвед, але лепш скажа пра гэта мой сын Ігар, які пісаў пра гэта ў сваім лісце, — піша Валянціна Аліневіч. — Па-першае, паштоўкі прыемна атрымліваць да ўсялякіх дат, тады яны ўтвараюць цэлы камплект і здаецца, што зноў надыходзіць дзень нараджэння:). Запамінальнай формай ёсць калектыўная паштоўка, на якой людзі ўразнабой надпісваюць некалькі слоў. Па-другое, лісты варта пісаць тады, калі ёсць жаданне завязаць перапіску менавіта з гэтым чалавекам. Хочацца атрымліваць нечыя ўражанні ад паездак, месцаў і т. п. — напрыклад, экскурсія, паход, географія месцаў, асабліва з фотаздымкамі. Такім лістом хочацца падзяліцца, на яго з большай верагоднасцю адкажуць.

Абавязкова павінен быць канверт.

Лепш пісаць спачатку кароткі прыцэльны ліст, можна ў выглядзе вялікай паштоўкі, дзе пазначыць інтарэсы, тэмы. Зразумела, што перш чым высылаць апісанне Эрмітажа, варта даведацца, а ці ведае чалавек, што гэта:). Фотаздымкі, раздрукоўкі, гістарычныя даведкі добра дапаўняюць справаздачы аб падарожжах або аб цікавых фільмах. Магу сказаць, што рэгулярная перапіска — гэта і эмацыйна-працаёмкая задача, і вялікая адказнасць (з часам колькасць адрасатаў падае, нядобрае пачуццё), і значная верагоднасць фінальнага расчаравання. Бо турма — як вінная бочка: альбо віно не вытрымае і скісне, альбо стане больш высакародным. Лісты лепш друкаваць, так яны хоць захаваюцца. Да гэтага хутка звыкаеш, як і да самацэнзуры. Звычайны чалавек з такой за ўсё жыццё не сутыкаецца. Гэта вельмі дзіўным здаецца. Але з часам гэта нас усіх мяняе.

Ад сябе хачу дадаць, што пра беларускую палітыку і розныя негатыўныя рэчы лепш не пісаць. Цэнзура пра палітыку не прапусціць, а негатыву і так там хапае. Ні ў якім разе нельга апускаць рукі і перастаць пісаць. Па-першае, лісты яшчэ могуць пасля аддаць адрасату, а па-другое, вы фармуеце грамадскую думку і грамадзянскую пазіцыю. Менавіта нефармальныя інстытуты і з'яўляюцца рухавікамі гісторыі.