Самае бясплатнае свята
У цэнтры Мінску тысячы людзей мяняюцца патрэбным і непатрэбным,
глядзяць фільмы, знаёмяцца, адукоўваюцца і сябруюць. І ўсё гэта — без
капейкі грошай.
Чарговы Бясплатны кірмаш (Really free market) сёння працягваўся чатыры гадзіны. Ля ўвахода ў культурны цэнтр «Корпус» на вул.Машэрава тусуюцца купкі моладзі. У вочы кідаецца велізарная колькасць ровараў.
У самім памяшканні сталы і вешалкі заваленыя тым, што прынеслі самі ж наведвальнікі. Пераважна вопратка на розны стыль і густ, кнігі, усякія патрэбныя ў гаспадарцы дробязі. У гэтым сутнасць Фрымаркета: вольны абмен таварамі і паслугамі. Калі вы нешта прынеслі на Фрымаркет — вам ніхто за гэта нічога не вінны. Але і самі можаце ўзяць што заўгодна, нават калі нічога не прынеслі. Гандаль і камерцыйная рэклама на мерапрыемстве наўпрост забароненыя. А вось далучыцца надзвычай проста: прыходзь і дзяліся. Ніякіх рэгістрацый ці платы за ўваход. Гэтаксама ж проста і стаць валанцёрам. Удзельнікі ініцыятывы, якія не атрымоўваюць грошы за сваю дзейнасць, заўсёды радыя любой дапамозе.
Фрымаркет існуе ўжо не першы год, і ягоная вядомасць прасунулася далёка за межы сталіцы. Вера прыехала сюды з Бабруйску.
— Ужо даўно ведаем пра гэтае мерапрыемства — знаёмыя з Мінску паведамілі, і мы прыехалі сюды адмыслова. Атмасфера тут выдатная. Наколькі ведаю, людзі гэта робяць, каб дапамагчы іншым выжыць. І мне вельмі падабаецца, што яны робяць. А то трэба абіраць: альбо есці альбо адзецца. Вось такі выбар стаіць сёння, — кажа Вера.
На пытанне, ці хацела б яна, каб у яе горадзе адбылося нешта падобнае, адказ быў нечаканы: "Ды не толькі ў маім горадзе, а ва ўсім свеце! А сюды б другі раз прыехала з вялікім задавальненнем".
На гэтым фрымаркеце акрамя тавараў можна было атрымаць канкрэтную дапамогу ад людзей, якія па сваёй ініцыятыве прыйшлі туды, каб скарыстаць свае здольнасці і прафесійныя навыкі на карысць іншым: рамантавалі навушнікі, кабелі і побытавую тэхніку. Юрыстка і праваабаронца Наста Лойка праводзіла для ўсіх жадаючых кансультацыі.
Дарэчы, гэты Фрымаркет мусіў адбыцца яшчэ 12 мая. Але ў памяшкання, дзе мусіла быць усё, раптоўна ўзніклі праблемы са светам, а потым з МНС. Яшчэ раней мерапрыемству спрабавалі перашкодзіць «людзі ў цывільным». Здзіўляцца тут няма чаму. Фрымаркет – анархісцкая ініцыятыва, і яе мэты выходзяць далёка за жаданне забяспечыць мінчан бясплатнай вопраткай. Пра ідэі, якія нясе ў грамадства калектыў, мы паразмаўлялі з адной з арганізатарак, Аней.
— Калі ў вас з'явілася ідэя праводзіць такія мерапрыемствы?
— Першы вялікі кірмаш правялі ў сакавіку 2014-га. І тады пачалі абмяркоўваць, што ў Мінску, і ў іншых гарадах часам адбываюцца бясплатныя кірмашы, у асноўным гэта былі субкультурныя мерапрыемствы, куды прыходзіла адна і тая ж аўдыторыя. Мы, калектывам, які быў зацікаўлены ў арганізацыі такіх мерапрыемстваў рэгулярна, вырашылі, што хочам стварыць ініцыятыву, якая б дзейнічала на пастаяннай падставе, праводзіла ўвесь час такія кірмашы, выходзіла б на большую аўдыторыю і рабіла б мерапрыемствы, у якіх маглі б прымаць удзел простыя гараджане, не актывісты, не субкультуршчыкі, розных узростаў. Для нас было важна, у тым ліку, каб гэта было рэгулярна, бо часта людзі прыходзяць і пытаюцца «А калі ў вас наступны кірмаш?», і плюс, каб гэта ўваходзіла ў культуру людзей, у іх свядомасць і штурхала на пераасэнсаванне культуры спажывання.
— То бок мерапрыемства — пра адмову ад спажывецтва?
— У нас есць розныя прынцыпы: сацыяльныя, экалагічныя, эканамічныя. Мы кажам аб тым, каб людзі адмаўляліся ад культуры спажывецтва. Таксама кірмаш — гэта пра ўзаемадапамогу, пра салідарнасць, пра тое, што неабходна думаць і аб экалагічных наступствах культуры спажывецтва, бясконцай вытворчасці рэчаў, культуры моды, і гэта пра ўзаемадзеянне між людзьмі. Кірмаш важны для нас як сацыяльны аспект — людзі выносяць з дому рэчы, якія ім не патрэбныя, нехта іх знаходзіць, нехта іх бярэ, і яны бачаць, што культура ўзаемадапамогі працуе. Людзі стасуюцца, знаёмяцца, бачаць эканоміку дару ў дзеянні. Таксама мы пазіцыянуем кірмаш як альтэрнатыву рынкавым зносінам, бо вялікую ролю ў нашым жыцці іграе капіталістычная сістэма. Мы супрацьпастаўляем сябе ёй, і кажам аб тым, што ёсць альтэрнатыва, і яна працуе. І вось ужо чацвёрты год існуе ініцыятыва, яна працуе, як след — гэта магчыма, рабіць нешта без грошай, рабіць нешта па сваёй ініцыятыве, паказваць: так можна.
— Што вас натхняе на гэтую актыўнасць?
— Людзі, якія прыходзяць..
— І шмат прыходзіць?
— За дзень праходзіць некалькі тысяч людзей. Калі падлічыць, то можна сказаць, што больш за 20 000 чалавек прыйшлі на нашыя кірмашы ў якасці наведвальнікаў.
Таксама мы размаўляем з наведвальнікамі, і бачым тых, хто прыходзіць рэгулярна і кажуць аб тым, што пераасэнсавалі штодзённыя звычкі, што рэчы для іх пачалі іграць іншую ролю і ўвогуле яны адмаўляюцца ад таго значэння рэчаў, якія ім прыдавалі раней.
І яшчэ для нас кірмаш гэта не толькі пляцоўка для абмену рэчамі. Мы спрабуем яе рабіць змястоўнай. Запрашаем людзей для паслуг, і бачым тых, хто гатовы падзяліцца сваімі ведамі. Робім інфармацыйную частку. Гэта бываюць лекцыі, дыскусіі, абмеркаванні, дзе мы кажам аб тых прынцыпах, на якіх будуем ініцыятыву, і аб тых каштоўнасцях і ідэях, якіх прытрымліваецца калектыў Бясплатнага кірмашу. Мы бачым і тое што ў іншых гарадах з'явіліся свабодныя кірмашы — людзі пераймаюць досвед. У сваю чаргу, мы падрыхтавалі брашуру аб тым, як зрабіць бясплатны кірмаш у сваім горадзе і нават правялі трэнінг для тых, хто жадае гэта зрабіць, расказвалі як мы функцыянуем. Таксама мы заўсёды адкрытыя для кансультацыі — да нас часта пішуць людзі і пытаюцца парады аб чымсьці.
Людзі часта пытаюцца: «Чаму яны бясплатна нешта робяць?», а для нас важна паказаць, што не ўсё ў гэтым свеце павязана на грошах і матэрыяльнай карысці, што ў нас ёсць сацыяльныя каштоўнасці і адказнасць, і мы хочам гэтым дзяліцца.
— А якія ў вас узаемаадносіны з уладамі?
— Бывалі праблемы. Самае вялікае пытанне заўсёды ў памяшканні. Мы – ініцыятыва, якая дзейнічае на добраахвотных пачатках і не атрымліваем ніякіх грошай. Усё робім на сваім энтузіязме і сыходзячы з тых ідэй і каштоўнасцяў, якія хочам трансліраваць. І таму заўсёды стараемся знайсці памяшканне, якое б нам прадставілі бясплатна — і даволі прасторнае, бо прыходзіць шмат людзей. А такіх памяшканняў у Мінску няшмат.
У нас быў досвед, калі нас звалі праводзіць кірмаш у гарадскую бібліятэку. Але гэта — дзяржструктура. Мы не хочам супрацоўнічаць з дзяржарганізацыямі, бо наш досвед паказаў, што адразу з'яўляецца цэнзура, супраць якой мы выступаем. Мы не хочам, каб дзяржорганы альбо іншыя ўласнікі памяшкання ўводзілі нейкі цэнз на ўдзельнікаў ці ўдзельніц, на іх знешні выгляд, на тое, якіх поглядаў, ідэй прытрымліваюцца. Мы таксама не хочам, каб той змест і інфармацыйнае напаўненне, якое мы прыўносім, падвяргалася цэнзуры. У нас былі прэцэдэнты, калі мы хацелі правесці Фрымаркет у бібліятэцы, у апошні момант нам пазванілі і адмянілі мерапрыемствы без будзь-якіх афіцыйных прычын. Проста сказалі, што «мы не можам даваць памяшканне такой ініцыятыве». Таксама вялі перамовы са школай і сутыкнуліся з бюракратычнымі працэдурамі. Яны хацелі суразмоўя, дазволу, афіцыйных лістоў. Мы лічым, усё гэта стварае перашкоды для развіцця ініцыятывы і выглядае абсурдным, бо нам важна, каб як больш людзей прыходзіла.
Таксама не раз на нашае мерапрыемства прыходзілі людзі ў цывільным. На нас пэўныя «органы» выклікалі санстанцыю, праверку, якая прыходзіла і глядзела: што за вопратка, у якім яна стане, і што мы робім... Прыходзілі людзі і запатрабавалі ў нас дадзеныя ўсіх валанцёраў і ўдзельнікаў ініцыятывы. Мы адмовіліся ім іх даваць. Увогуле часта прыходзяць, глядзяць, фатаграфуюць, ацэньваюць абстаноўку... Але і мы далей будзем працягваць рабіць кірмашы — для нас важна паказваць, што альтэрнатыва рынкавым зносінам магчымая.
— Ну тады папулярнае пытанне: калі ж наступны Фрымаркет?
— Мы спадзяемся, што будзем праводзіць яго кожныя тры месяцы.
Фота: Алена Ляшкевіч, Мікалай Дзядок