Салігорск: антыкрызісны мітынг і пікет за канстытуцыйныя правы забаранілі

Салігорскія ўлады забаранілі правядзенне антыкрызіснага мітынгу і пікета за канстытуцыйныя правы ў беларускай сталіцы шахцёраў, арганізатарам якіх выступаў мясцовы актывіст БХД Уладзімір Шыла.  



svab_shodau.jpg

Мітынг на стадыёне “Шахцёр” намеснік старшыні Салігорскага райвыканкаму па ідэалогіі Мікалай Маскевіч адмовіўся ўзгадняць нібыта з-за парушэння некаторых патрабаванняў закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Пікет за канстытуцыйныя правы спадар Маскевіч забараніў, спаслаўшыся на неадпаведнасць месца яго правядзення пераліку месцаў, вызначаных мясцовым райвыканкамам.

Уладзімір Шыла гэткае рашэнне мясцовых уладаў лічыць неправавым і парушаючым не толькі яго правы, але і тых грамадзян, якія збіраліся прыняць удзел у запланаваных мірных сходах.

— Справа ў тым, што ў сваіх заявах я пакідаў кантактны нумар тэлефона і прасіў загадзя паведаміць аб узнікненні прычын, якія перашкаджаюць правядзенню мерапрыемства, для іх своечасовай ліквідацыі. На жаль, ніхто з адказных за гэта чыноўнікаў мне не патэлефанаваў, а мерапрыемствы беспадстаўна забаранілі. Ніхто так і не патлумачыў, для дасягнення якіх мэтаў былі абмежаваныя нашы правы на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзенне мірных сходаў. Хацелася б нагадаць, што Камітэт па правах чалавека ААН, куды я неаднаразова звяртаўся з аналагічнымі праблемамі, патрабуе ад дзяржавы садзейнічаць ажыццяўленню права на мірныя сходы, а не імкнуцца яго залішне і празмерна абмежаваць, — кажа актывіст БХД.

Мэтазгоднасць судовага абскарджвання рашэнняў Салігорскага райвыканкаму Уладзімір Шыла бліжэйшым часам плануе абмеркаваць з мясцовымі праваабаронцамі. Пакуль жа рэалізаваць сваё права на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзенне мірных сходаў актывіст плануе ў суседнім Капыльскім раёне, дзе прадстаўніку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віктару Дашкевічу дазволілі правядзенні мітынгу да Дня Канстытуцыі.

spring96.org