Вярхоўны суд канчаткова адмовіў у рэгістрацыі Хрысціянска-дэмакратычнаму руху
14 сакавіка суддзя Вярхоўнага суду Беларусі Валянціна Кулік, вядомая тым, што раней прызнавала законнай ліквідацыю праваабарончага цэнтру “Вясна” і нерэгістрацыю БХД і Руху “За Свабоду”, вынесла рашэнне аб прызнанні законнай нерэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух”.
Фота з сайта bchd.info
“Рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі было для нас чаканым пасля судовага пасяджэння, якое больш нагадвала цырк. Задачай суддзі, пракурора і прадстаўніка Міністэрства юстыцыі было не выкананне законнасці, а абарона палітычнага рашэння, якое было навязанае Мінюсту. Калі яны думаюць, што нерэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый неяк паўплывае на нашы дзеянні па абароне грамадзян, дык яны моцна памыляюцца. Мы будзем працягваць нашу працу па тых накірунках, якія былі прынятыя на ўстаноўчым сходзе, і будзем працягваць спрабаваць зарэгістравацца, пакуль міністэрства юстыцыі не зарэгіструе Хрысціянска-дэмакратычны рух”, — адзначыла старшыня РГА ХДР Вольга Кавалькова.
Пры гэтым яна прапанавала ўручыць суддзі Валянціне Кулік, якая ўжо мае Ордэн пашаны, узнагароду “за бездакорнае перапісванне рашэння Мінюста”. Характэрна, што з прадстаўнікоў міністэрства на абвяшчэнні рашэння ніхто не прысутнічаў.
“Напярэдадні Дня Канстытуцыі Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў нас канстытуцыйных правоў на роўнасць усіх грамадзян перад законам і на свабоду стварэння асацыяцый. Пэўна, досвед паслугачоў рэжыму краін Усходняй Еўропы пасля падзення камуністычных рэжымаў і Украіны пасля Рэвалюцыі годнасці беларускіх чыноўнікаў нічому не навучаў. Не баяцца яны таксама ні Божага суду, ні суду гісторыі”, — падкрэсліў намеснік старшыні ХДР Максім Гацак.
Зараз рыхтуецца наглядная скарга на рашэнне Вярхоўнага суду. Апроч таго, аргкамітэт ХДР збіраецца падаваць у кантралюючыя органы скаргі на пазбаўленне дзяржаўнай рэгістрацыі тых праўладных арганізацый (Беларускі саюз жанчын міністра Марыяны Шчоткінай, БРСМ, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Рэспубліканская партыя і іншых), у статутах якіх дапушчаныя тыя ж “парушэнні”, на падставе якіх было адмоўлена ў рэгістрацыі РГА ХДР.