Рыгора Кастусёва перавялі ў турэмны шпіталь — у яго праблемы з сэрцам і ацёкі
Як паведаміла дачка старшыні БНФ Рыгора Кастусёва, палітык у дадзены момант знаходзіцца ў медыцынскім аддзяленні СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага.
Як паведамляе Партыя БНФ, папярэдне вядомыя прычыны — праблемы з сэрцам, зняволены пераведзены менавіта на лячэнне, яго справа па-ранейшаму расследуецца КДБ. Пра перавод Рыгора Кастусёва ў іншае СІЗА дачка даведалася сёння, калі ў яе не прынялі перадачу для зняволенага ў СІЗА КДБ («амерыканка»).
Рыгора Кастусёва затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. Сваякі даведаліся пра гэта пасля званка супрацоўніка КДБ. Ён паведаміў дачцэ Кастусёва, што палітык затрыманы па крымінальнай справе. Пазней стала вядома, што гэта справа «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Разам з ім па справе праходзяць Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч і яшчэ некалькі чалавек.