У справе зацішша, віны не прызнае. Што піша з няволі Рыгор Кастусёў

Паплечнікі атрымалі першы ліст ад зняволенага старшыні БНФ Рыгора Кастусёва

ryhor_kastusjou___vybary___12.jpg

Хутка будзе тры месяцы, як старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ («Амерыканка»). Ён быў затрыманы 12 красавіка і разам з дзесяццю іншымі асобамі абвінавачаны ў змове дзеля захопу дзяржаўнай улады.

З таго часу паплечнікам па партыі не даходзілі адказы старшыні БНФ на шматлікія лісты, віншавальныя тэлеграмы ды паштоўкі (Рыгор Кастусёў сустрэў за кратамі дзень народзінаў). Інфармацыя ад палітыка даходзіла толькі блізкім сваякам — праз іх сябры БНФ даведваліся пра тое, што адбываецца са старшынём партыі ў зняволеньні.

І вось, напрыканцы чэрвеня, на волю прабілася першая карэспандэнцыя ад Рыгора Кастусёва, адрасаваная аднапартыйцам. З ліста палітыка да сябра Сойму БНФ Паліны Каспяровіч вынікае, што ранейшыя лісты Рыгора Кастусёва  паплечнікам па партыі не даходзілі да адрасатаў, таксама як і стыршыня партыі не атрымліваў адрасаваныя яму лісты фронтаўцаў

У лісце палітык выказвае смутак з нагоды трагічнай смерці сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, а таксама прыгадвае іншых паплечнікаў, якія пайшлі з жыцця ў апошнія часы. Рыгор Кастусёў перадае спачуванні родным загінулага патрыёта і ўсім сябрам Лідскай арганізацыі БНФ у сувязі з гэтай вялікай стратай.

Рыгор Кастусёў піша, што пра сітуацыю з затрыманнем Рамана Пратасевіча ведае з газеты «Новы час», якая аднойчы патрапіла яму ў рукі. Старшыня Партыі БНФ у лісце просіць перадаць прывітанні зняволеным Паўлу Севярынцу і Яўгену Афнагелю, якія былі нядаўна асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволення.

Але пры гэтым Рыгор Кастусёў скардзіцца на інфармацыйную ізаляцыю і наракае, што ў камеры няма тэлевізара. Акурат днямі сябры Мінскай гарадской арганізацыі БНФ спрабавалі перадаць у «Амерыканку» партатыўны тэлепрыймач, але сутыкнуліся з адмовай. Паводле правілаў унутранага распарадку, дазвол на размяшчэнне ў камеры тэлевізара можа быць дадзены начальнікам СІЗА КДБ — у дачыненьні да Рыгора Кастусёва такі дазвол пакуль не дадзены, нягледзячы на адпаведны зварот.

list_2_4.jpeg

Старшыня БНФ адмаўляе сваю віну ў змове і абураецца тым, што дзяржаўнае тэлебачанне распаўсюдзіла інфармацыю пра нібыта прызнанне ім віны. Пры гэтым больш за месяц справа знаходзіцца ў рэжыме чакання: «Зараз поўнае зацішша», — піша Рыгор Кастусёў. Старшыня партыі піша, што ведае аб адбыўшымся 15 мая Сойме Партыі БНФ і аб прызначэньні Вадзіма Саранчукова часова выконваючым абавязкі кіраўніка арганізацыі: «Добра, што ёсць рух», — піша Рыгор Кастусёў і просіць інфармаваць яго пра партыйныя справы.

Старшыня выказвае падзяку паплечнікам па партыі за дапамогу і падтрымку яго сям’і ў гэты складаны час.

Напісаць ліст падтрымкі старшыні Партыі БНФ у зьняволеньні можна на гэты адрас:

220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу.