РПЦ можа не прызнаць легітымнасць Усеправаслаўнага сабора

Руская Праваслаўная Царква (РПЦ) не прызнае легітымнасць Усеправаслаўнага сабора, які плануецца правесці 17-26 чэрвеня, калі ў ім не будзе ўдзельнічаць хоць бы адна з 14 памесных цэркваў. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату (АЗЦС) мітрапаліт Іларыён (Алфееў).

Мітрапаліт Іларыён

Мітрапаліт Іларыён


«Калі хоць бы адна з цэркваў адсутнічае, гэта, з нашага пункту гледжання, азначае, што кансэнсусу няма, значыць, адмова Балгарскай царквы — гэта ўжо быў трывожны сігнал, на які, як мне здаецца, мы павінны былі адрэагаваць», — сказаў ён , перадае ТАСС. Таксама пад пытаннем і ўдзел Антыяхійскага Патрыярхату, нагадаў іерарх.
Паводле яго слоў, РПЦ прапаноўвала да 10 чэрвеня правесці экстраную Усеправаслаўную перадсаборную нараду, але Сінод Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы прыняў 6 чэрвеня рашэнне весці падрыхтоўку да Сабору ў планавым рэжыме. Канстанцінопальскі Патрыярхат, лічыць ён, не цікавіць, што кажуць памесныя царквы — «мы будзем праводзіць Сабор, а хто прыедзе, той і прыедзе».
Кіраўнік АЗЦС адзначыў, што без прысутнасці ўсіх Праваслаўных Памесных Цэркваў рашэнні не могуць быць абавязковымі для тых Цэркваў, якія будуць адсутнічаць. Ён выказаў надзею, што ў дні, што засталіся да Сабору, будзе прапанаванае рашэнне, якое задаволіць усе памесныя царквы, ці Сабор будзе адкладзены, каб «узніклыя супярэчнасці нейкім чынам нівеліраваць».
Па словах мітрапаліта, РПЦ збярэ ў Маскве да Усеправаслаўнага сабора Святы Сінод, каб прыняць рашэнне, як дзейнічаць ва ўмовах адмовы некаторых памесных цэркваў ўдзельнічаць у Саборы.
Паводле Крыніца.info