Разуменне — залог любові?
У Грузіі мяне заўсёды цікавіла адна тэма: якой бачаць і як адчуваюць гэту краіну замежнікі, што тут жывуць? Пры любой магчымасці я пытаюся пра гэта ва ўсіх сваіх сяброў і знаёмых. Раблю тое
збольшага з банальнай цікаўнасці, а яшчэ — для таго, каб параўнаць іх досвед з маімі ўласнымі адчуваннямі.
І вось за два гады збору інфармацыі для мяне, сябры, выкрышталізавалася прыкладна такая карціна.
Тэма «Я ў Грузіі» выклікае ў замежнікаў, якія доўгі час знаходзяцца ў гэтай краіне па працы, большай часткай вельмі пазітыўныя эмоцыі. «Спачатку я прыехала ў Грузію на пяць
тыдняў, каб замяніць калегу, — распавядае Сандра, супрацоўніца адной нямецкай фірмы. — А праз тры месяцы вярнулася сюды ўжо разам з мужам на сталае месца жыхарства. Дык вось, у наш
другі прыезд у мяне было такое адчуванне, як быццам я тут ужо доўга жыла і толькі вярнулася з адпачынку». Цікава, ці не праўда? Пры гэтым, як прызналася Сандра, — ды і не толькі яна
— яна не ўпэўненая ў тым, што гэта менавіта грузіны даюць ёй пачуццё незвычайнай цеплыні і ўтульнасці, якое не пакідае яе ў Грузіі. Бо ні па-грузінску, ні па-руску Сандра не размаўляе і
асаблівых кантактаў з мясцовымі пакуль не завяла.
Прызнаюся, што падобныя адчуванне былі і ў мяне. Мы прыехалі ў Тбілісі ўлетку, у самы разгар спякоты, калі горад, здавалася, напалову вымер. З намі — двое малых, аднаму з іх — месяц
ад нараджэння. Ніякай уладкаванасці, замест яе — поўны бардак, адсутнасць арыентацыі ў сітуацыі і неўладкаванасць ва ўсім. І тым не менш, усяго праз нейкія два-тры дні знаходжання ў краіне,
калі я яшчэ нават не паспела нармальна паразмаўляць з грузінамі, неяк увечар мы з мужам сядзелі на сваёй тэрасе. Пілі прахалоднае белае віно, любаваліся зоркамі ды іскрыстым начнымі агнямі горада і
не зважалі на хаос са скрынак з пажыткамі, разабранай мэблі і гары валізак, які панаваў вакол нас. І раптам мне ў галаву прыйшла адна вар’яцкая і нечаканая думка: «З гэтага горада я
не з’еду, проста не змагу, і ўсё!»
Што гэта было? Капрыз? Прыхамаць? Выпадковы парыў душы? Ці, можа, інтуіцыя? Ці маё выпадковае траплянне ў «вібрацыю» краіны? Цяжка сказаць. Але адно ведаю напэўна: пачуццё камфорту,
абароненасці і нейкага цяжка вытлумачальнага паслаблена-п’янлівага прымання жыцця такім, якое яно ёсць, не пакідаюць мяне з тых часоў усюды, дзе б я ні знаходзілася ў Грузіі. І таму адсюль
мне кожны раз так балюча з’язджаць, нават калі даводзіцца рабіць гэта ненадоўга.
Аднак выбачыце за адступленне... Вернемся да маіх знаёмых замежнікаў. У шмат каго падобнае да майго ўспрыманне: выдатная краіна, выдатны клімат, павольны рытм жыцця, усё складаецца неяк проста і без
перашкод, да таго ж вельмі мілыя людзі.
Але, як высветлілася ў выніку майго скрупулёзнага «капання», для некаторых замежнікаў грузіны — моцны арэшак, і раскалоць яго атрымліваецца не ва ўсіх.
Размаўляла на гэту тэму з Франчэска, адным маім знаёмым італьянцам, і прызналася яму: «Для мяне Грузія нагадвае маю ўлюбёную Іспанію, адчуванні вельмі падобныя: клімат, горы,
людзі». На што мой знаёмы адрэагаваў вельмі нечаканай для мяне і надзвычай эмацыйнай заявай: «Няпраўда! Цалкам няпраўда! Праўда толькі пра клімат. Больш — нічога! Бо, у
адрозненне ад грузінаў, мы, паўднёвыя еўрапейцы, іспанцы і італьянцы, — сапраўдныя геданісты, якія толькі і робяць, што шукаюць нагоду атрымаць задавальненне ад жыцця, павесяліцца і штосьці
адсвяткаваць, усё роўна што. Грузіны ў гэтым плане нашмат сур’ёзней за нас, яны бліжэй да сваіх сем’яў, больш шануюць і берагуць сямейны камфорт, і да таго ж яны мала ходзяць па
барах і рэстаранах, а вяселяцца — у гасцях». Як прызнаўся Франчэска, грузінаў зразумець складана, а за іх ветлівай манерай крыецца... недаступнасць. Цікавы аспект, ці не
праўда?
Сапраўды, шматлікім замежнікам грузіны здаюцца закрытымі. Мілымі, ветлівымі — так, але закрытымі і недаступнымі. Калі ў італьянцаў і іспанцаў — душа адкрытая, то пра грузінаў яны
такога не кажуць. Можа, гэта таму, што паўднёвыя еўрапейцы больш павярхоўныя і бязладныя? Ці, наадварот, грузіны глыбейшыя і ўдумлівыя?
Асабіста мне здаецца: няшмат хто з замежнікаў, якія лічаць грузінаў недаступнымі, усведамляе, што прычынай такога ўспрымання з’яўляецца выключна моўны бар’ер. Мой досвед кажа мне,
што калі грузін не можа паўнавартасна выказаць сябе ў зносінах, менавіта тады ён становіцца для сваіх суразмоўцаў больш закрытым і здаецца недаступным. І доказам таму факту служыць багаты досвед
аматараў Грузіі сярод выхадцаў з былога СССР. Мне яшчэ ні разу не сустракаліся нашы былыя суайчыннікі, якія б бачылі грузінаў так, як бачаць іх, да прыкладу, некаторыя прадстаўнікі з Паўночнай ці
Цэнтральнай Еўропы. Бо для нас, выхадцаў з краін-спадчынніц СССР, грузіны — увасабленне спантаннасці, шчодрасці, лагоднасці, жыццярадаснасці і адкрытасці. І калі дзесьці з 50–60-х
гадоў мінулага стагоддзя паўночныя і цэнтральныя еўрапейцы ў пошуках не толькі прыроднага, але і чалавечага цяпла, рэлаксу і гасціннасці ездзілі, напрыклад, у Італію (не зважаючы на моўны
бар’ер, бо недахоп моўных ведаў часта замяняла мова жэстаў і мімікі), то «нашы людзі» знаходзілі ўсё гэта ў Грузіі! Прычым, зносіцца і разумець адзін аднаго мы маглі на ўсе
сто.
Акрамя таго, нялёгка даводзіцца ў Грузіі людзям цэнтральнаеўрапейскіх ці амерыканскіх шыротаў, якія прызвычаіліся да строга структураванага ладу жыцця. Нядаўна на развітальнай вечарынцы ў аднаго
майго знаёмага шведа, які правёў у Грузіі чатыры з паловай гады, я спытала яго: «Ну як, Клаўс, ты рады, што вяртаешся дахаты?» «Яшчэ як радуюся! Хопіць з мяне
Грузіі!» — прызнаўся мой суразмоўца. Я — у разгубленасці (як, зрэшты, кожны раз, калі чую падобныя рэчы)! Бо мне ніколі яшчэ ў галаву не прыходзіла, што яму ў Грузіі магло
з-за чагосьці быць так дрэнна! Аднак мой суразмоўца патлумачыў гэта проста: «Мой дом — мая крэпасць. Але кожны раз, калі я выходжу са свайго дому, мяне абурае тое, што бачу навокал!
Гэты хаос і бардак у ладзе жыцця грузінаў, у іх галовах, усюды — ён мяне проста раз’юшвае!» Што тут дадаць? Каму патрэбны парадак — таму дарога на Поўнач.
Але, думаю, няма чаго ўсё звальваць на супярэчнасці Поўначы і Поўдня. Не толькі ў іх адных справа.
Цікавае назіранне зрабіў мой знаёмы англічанін, карэспандэнт буйной тэлекампаніі. Ён сцвярджае, што ёсць шмат агульнага паміж грузінамі і... брытанцамі! Вы такое можаце сабе ўявіць? Як заўважыў
Дам’ен, гэты мой знаёмы з Лондану, манера ніколі не казаць усё ў твар, а выказваць свае думкі і пачуцці намёкамі, у абыход, завуалявана, уласцівая не толькі жыхарам Альбіёна, але таксама і
палкім джыгітам! Грузін вельмі рэдка вам наўпрост адмовіць, гэтак жа і англічанін пасаромеецца адмовіць свайму суразмоўцу ў чым бы там ні было, няхай гэта будзе нават банальнае запрашэнне ў бар на
чарку каньяку. Высвятляецца, як і ў англічанін, у грузінаў таксама ёсць мноства розных спосабаў сказаць вам «не» так, што вы, калі вы ў гэтай краіне навабранец, ніколі гэтага не
зразумееце.
У гэтым, думаю, — прычына таго, што ў спрэчцы ці ў любых канфліктных ці напаўканфліктных сітуацыях грузіны паводзяць сябе, на думку жыхароў больш паўночных шыротаў, незвычайна мякка. Як і
англічанам, ім уласціва захоўваць валоданне сабой і трымацца з годнасцю. Маючы досвед жыцця ў паўночных краінах, калі я прыехала ў Грузію, назірала за сабой адну вельмі цікавую рэакцыю: у непрыемных
ці стрэсавых сітуацыях у грамадскіх месцах я спачатку ўнутрана рыхтавалася да ўсплёску злосці і агрэсіі. Але іх не здаралася! Так, можа, эмацыйнасць і была, але агрэсіі — ніколі!
І таму з самага пачатку майго «грузінскага жыцця» я ламала сабе галаву над пытаннем, з-за чаго Грузія змяняе мяне, з-за чаго я аўтаматычна раблюся тут мякчэй, дабрэй, спакайней і
больш ураўнаважанай. Думаю, усё менавіта ў нацыянальнай ментальнасці грузінаў, якая так моцна ўплывае і на маю сутнасць. І гэта — не толькі душэўнае цяпло людзей, але і іх стрыманы спакой,
талерантнасць і валоданне сабой у непрыемных сітуацыях.
У твар вам у Грузіі не толькі не скажуць «не», тут наогул не пачынаюць размаўляць па справе адразу, з наскоку. Спачатку вы пачуеце ад свайго суразмоўцы: «Як сям’я?
Як дзеці? Як прайшоў адпачынак? Як здароўе любай бабулі?» і яшчэ мноства розных пытанняў. І не думайце: вас сапраўды выслухаюць, і некаторы час гутарка будзе круціцца вакол гэтых тэмаў. І
ўсё гэта робіць манеру зносін з грузінамі мяккай і прыемнай. Хоць, прызнаюся, мне пэўны час даводзілася прызвычайвацца да гэтай спецыфікі. Аднак, як высветлілася, не ўсім такое да густу. Напрыклад,
некаторых маіх знаёмых бізнэсоўцаў (дый не толькі заходніх, а таксама і былых савецкіх) такая манера зносін выводзіць з сябе. Але гэта, як той казаў, — справа густу.
Ва ўспрыманні любой краіны вялікую ролю адыгрывае асабісты светапогляд чалавека, яго прыхільнасці і чаканні. Ёсць у мяне адна прыяцелька з Іспаніі, Інэс (імя змененае). Дык вось яе, жыхарку Паўднёвай
Еўропы, у Грузіі, як ні дзіўна, шмат што напружвае. Не то, каб яна не любіла гэту краіну. Проста, як прызнаецца Інэс, бязладнасць і непаслядоўнасць грузінаў ёй вельмі цяжка зразумець. Ёй, гаротніцы,
складана было прызвычайвацца да адсутнасці ў гэтай краіне выразных правіл. Мне здаецца, што і за чатыры гады пражывання ў Грузіі яна да іх як след не прызвычаілася. Вось вам, калі ласка, і іспанская
кроў! Асабіста я тлумачу яе праблемы тым, што Інэс родам з Каталоніі. А ў каталонцаў — ужо больш паўночны, структураваны менталітэт, чым у астатніх іспанцаў.
Ці, напрыклад, адзін мой добры знаёмы з Германіі, Манфрэд, з яго прускай ментальнасцю нямала напакутаваўся, жывучы і працуючы ў Грузіі. Мала таго, яму даводзілася з дня на дзень каардынаваць працу
нямецкага і грузінскага бакоў. І гэта для яго нярэдка было сапраўднай пакутай! Але, як ні дзіўна, з’язджаючы з Грузіі, дзе ён правёў амаль тры гады, Манфрэд прызнаўся, што ў
«нямецкім парадку» жыць яму будзе ўжо значна больш цяжка, чым раней, і што зараз ён з лёгкасцю прамяняе любы камфорт, упэўненасць у заўтрашнім дні і жыццё па выразным графіку на
сардэчнае цяпло і спантаннасць.
Манфрэд абяцаў вярнуцца. І ў мяне ёсць усе падставы думаць, што ён такі не адзін.
Тбілісі, 21 лістапада 2012