Прысуд па «справе прафсаюзаў»: абмежаванне волі на 4 гады без канфіскацыі маёмасці
У 12 гадзін дня 24 жніўня суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд па крымінальнай справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.
Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Следства па справе доўжылася практычна год: з 2 жніўня 2017 года. Судовыя слуханні пачаліся 30 ліпеня. Працэс вяла суддзя Марына Фёдарава.
Што запрасіў бок абвінавачвання?
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пракурор просіць вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 5 гадоў без накіравання ў установы адкрытага тыпу, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год. Ігару Комліку пры гэтым залічыць у тэрмін адбыцця пакарання знаходжанне пад следствам у СІЗА. Меру стрымання (падпіска аб нявыездзе) пакінуць ранейшай.
Дом у вёсцы Сухадолы пракурорка просіць лічыць уласнасцю Фядыніча і пакінуць яго пад арыштам, а кватэру Фядыніча вызваліць з-пад арышту, паколькі там пражывае яго сям'я.
Што думаюць пра крымінальную справу і сённяшні прысуд Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік?
Перад абвяшчэннем прысуду кіраўнікам прафсаюза Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку каля 50-ці актывістаў прафсаюза РЭП і грамадскіх рухаў аднеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот да кіраўніка дзяржавы, у ім яны просяць спыніць справу ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза.
Задоўга да пачатку судовага працэсу каля будынку Дома правасуддзя і на калідорах суда пачалі збірацца жадаючыя патрапіць на працэс: палітыкі, прафсаюзныя і грамадскія актывісты, праваабаронцы і журналісты. Прысутнічае таксама камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Судовая зала запоўненая, а людзі ўсё яшчэ падыходзяць.
У залі з'явіліся Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Прысутныя на судзе сустракаюць іх апладысментамі. У залі — больш за 50 чалавек.
Людзі патрабуюць не зачыняць дзверы ў памяшканне, паколькі шмат людзей засталося на калідоры. Суддзя забараніла весці фотаздымкі падчас працэсу, паколькі хадайніцтва не падтрымаў пракурор.
Суд пастанавіў прызнаць Фядыніча і Комліка вінаватымі і прысудзіць да абмежавання волі на 4 гады без канфіскацыі маёмасці