Продак бульбы і тытуню аказаўся значна старэйшым, чым лічылі раней
Расліны сямейства паслёнавых, да якіх адносяцца бульба, памідоры, баклажаны, тытунь і іншыя, аказаліся значна старэйшымі чым меркавалася раней. Яны з'явіліся яшчэ да таго, як падзяліўся суперкантынент Гандвана, выявілі даселедчыкі Унівэрсытэту Пенсільваніі (ЗША).
Іх работа апублікаваная ў часопісе Science, адзін з даследчыкаў распавядае пра яе на Phys.org.
Раней лічылася, што паслёнавым ад 35 да 51 млн год — такія вынікі даў аналіз малекулярнымі мэтадамі. У прыватнасці, лічылася, што роду фізаліс (на Беларусі фізаліс звычайны трапляецца як заносны від) не больш за 11 млн год.
Але дасьледчыкі прааналізавалі скамянелыя рэшткі двух пладоў, знойдзеных на беразе вульканічнага возера на поўдні Аргентыны, якія можна было адназначна аднесьці да роду фізаліс — ізатопнае датаванне паказала, што ім каля 52,2 млн год.
То значыць, 52,2 млн год таму паслёнавыя не толькі ўзніклі, а і паспелі дасягнуць разнастайнасці, бо фізаліс знаходзіцца ў канцы эвалюцыйнага дрэва сямейства. Адпаведна, сямейства значна старэйшае за 50 млн год. Але на колькі старэйшае, навукоўцы яшчэ ня ведаюць.
Беларусь яшчэ нядаўна была ў дзясятцы лідэраў па вытворчасці бульбы ў свеце. Але, паводле звестак ААН на 2013 год, Беларусь цяпер на 11 месцы паводле вытворчасці бульбы.
Але паводле спажывання бульбы на душу насельніцтва беларусы — сусветныя лідэры са 183 кг бульбы на чалавека на год. У Літве на чалавека на год прыходзілася 96 кг, у Латвіі — 116,5 кг, у Расеі —113 кг, у Польшчы — 104 кг, ва Украіне — 136 кг.
Але беларусы ў лідэрах і па спажыванні іншага прадукту з сямейства паслёнавых. Паводле колькасці курыльшчыкаў тытуню Беларусь у справаздачы ААН 2014 году на другім месцы пасля Чарнагорыі. Дарослы чарнагорац выпальваў у сярэднім 4124,5 цыгарэтаў на год, беларус — 3832, ліванец — 3023, македонец — 2732, расеец — 2690 цыгарэтаў на год. А паводле звестак Мінздароўя Беларусі на 2015 год, паляць 43% беларускіх мужчын і 15,6% беларускіх жанчын.
Паводле svaboda.org