Прэзідэнт Чэхіі заклікаў дапамагаць уцекачам з Украіны, а не з Афрыкі

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан заявіў, што Чэхія павінна даць дапамогу ўцекачам з Украіны, а не з такіх «культурна аддаленых» рэгіёнаў, як Афрыка або Блізкі Усход.



21fb5f32_eaa0_47b6_80ca_73ba8ba621a5_w640_r1_s_cx33_cy0_cw52.jpg

Выступаючы перад кіраўніцтвам і грамадзянамі горада Іглава, ён заявіў, што, на яго думку, ужо ў бліжэйшым часе можа дайсці да новай хвалі ўцекачоў з Украіны.

Украінскім уцекачам трэба дапамагчы, «украінцы працавітыя і значна бліжэйшыя да нашай культуры», — заявіў Земан.

Затое прымаць уцекачоў з Блізкага Усходу па так званых квотах ЕС прэзідэнт Чэхіі рашуча не згодны. На яго думку, гэтыя ўцекачы далёкія ад чэхаў па культуры. «І хоць гэта цяпер здаецца ўтопіяй, і будучыня можа паказаць, ці не дайшло ў нашай краіне да стварэння тэрарыстычных ячэек», — дадаў Зэман.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі, за 8 месяцаў гэтага года прытулку ў Чэхіі папрасілі агулам 990 замежнікаў. З гэтага ліку больш за ўсё заяваў паступіла ад украінскіх грамадзянаў — 467, на другім месцы грамадзяне Кубы — 106 пададзеных заяваў, і на трэцім месцы ўцекачы з Сірыі — ад іх паступіла толькі 69 заяваў аб прытулку ў Чэхіі.

Такая малая колькасць пададзеных заяваў ад сірыйскіх уцекачоў пацвярджае, што Чэхія з'яўляецца для большасці з іх не мэтавай краінай, а толькі транзітнай тэрыторыяй па дарозе на Захад Еўропы, лічаць аглядальнікі.

На мінулым тыдні Служба бяспекі і выведкі Чэхіі ў раздзеле апублікаванай справаздачы за 2014 год, якая тычыцца Украіны («Магчымы ўплыў украінскіх падзей на міграцыю і асяроддзе арганізаванай злачыннасці ў Чэхіі»), адзначыла, што «патэнцыйная міграцыйная хваля з Украіны не ўяўляе для Чэхіі рызыкі бяспекі». Колькасць мігрантаў з Украіны ў Чэхію, гэтак жа як і ў іншыя краіны Цэнтральнай Еўропы, вырасла, аднак спецыяльныя захады не патрэбныя, гаворыцца ў справаздачы чэшскай спецслужбы.

www.svaboda.org