Праваабаронцы выступілі за роўнасць і папярэджанне дыскрымінацыі
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і “Сетка за роўнасць і недыскрымінацыю ў Беларусі” правялі ў Мінску міжнародны круглы стол, прысвечаны абмеркаванню “Канцэпцыі антыдыскрымінацыйнага заканадаўства для Беларусі”.
Больш як 20 праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў узялі ўдзел у круглым стале.
Эксперт “Сеткі за роўнасць і недыскрымінацыю ў Беларусі” Наталля Кутузава прэзентавала сітуацыю з дыскрымінацыяй у Беларусі ў 2013–2014 г.г. Паводле вынікаў даследавання была адзначаная вялікая патрэба ў прыняцці адмысловых заканадаўчых актаў у Беларусі, якія б маглі быць эфектыўнай прыладай для прадухілення і рэагавання на праявы прамой і ўскоснай дыскрымінацыі ў дачыненні да прадстаўнікоў пэўных сацыяльных групаў.
Сярод іншага, даследаванне выявіла вялікую частотнасць ужывання мовы нянавісці ў беларускіх СМІ ў дачыненні прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці і людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Эксперты-праваабаронцы з Вялікабрытаніі, Эстоніі ды Украіны распавялі пра досвед прыняцця і прымянення антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў сваіх краінах. Адбылася дыскусія пра яго тэрміналогію, механізмы і органы абароны ад дыскрымінацыі, а таксама пра магчымасці застасавання наяўнага замежнага досведу ў беларускіх умовах.
Асаблівая ўвага падчас круглага стала была нададзеная неабходнасці выпрацоўкі дакладнай матывацыйнай базы для прыняцця антыдыскрымінацыйнага заканадаўства для правядзення агульнанацыянальнага дыялогу з удзелам прадстаўнікоў улады і грамадзянскай супольнасці.
Праваабаронцы звярнуліся з заклікам да беларускіх журналістаў паспрыяць адвакацыі антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў Беларусі дзеля таго, каб беларускае грамадства сталася больш абароненым ад праяваў варожасці і прыніжэння ў дачыненні да кожнага канкрэтнага грамадзяніна краіны.