Пратэстоўцу, які даў поўху аператару БТ, прысудзілі 2 гады калоніі
Пацярпелы тэлеаператар БТ прасіў не прымяняць да Ламаносава пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі і сказаў, што не мае да таго ніякіх матэрыяльных прэтэнзій, паведамляе «Свабода». Аднак на прысуд гэта не паўплывала — суддзя цалкам задаволіла просьбу дзяржаўнага абвінаваўцы.
Кастрычніцкі суд Мінску прысудзіў два гады пазбаўлення волі 52-гадоваму ўраджэнцу Магдэбургу Вячаславу Ламаносаву. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 25 кастрычніка і збіцці тэлеаператара БТ.
На яго завялі справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Разглядала справу суддзя Алена Жывіца. У судзе Вячаслаў Ламаносаў знаходзіўся ў клетцы пад вартай.
Суддзя цалкам задаволіла просьбу дзяржаўнага абвінаваўцы, які палічыў віну Ламаносава даказанай і папрасіў пакараць яго двума гадамі калоніі агульнага рэжыму (паводле ч. 1 арт. 342 арыштам на 3 месяцы і паводле ч. 1 арт. 339 пазбаўленнем волі на 2 гады, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім прызначыць канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады).
Пацярпелы тэлеаператар БТ Іван Мартыновіч на абвяшчэнне прысуду не з’явіўся. Учора падчас пасяджэння ён прасіў не прымяняць да Ламаносава пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Ён сказаў, што не мае да яго ніякіх матэрыяльных прэтэнзій.
Што казаў Ламаносаў у апошнім слове
У апошнім слове Вячаслаў Ламаносаў яшчэ раз папрасіў прабачэння ў тэлеаператара БТ Івана Мартыновіча «за тое, што прычыніў боль, за свой недастойны ўчынак». Падсудны сказаў, што яму сорамна за свой учынак, тым больш што пацярпелы тэлеаператар Іван Мартыновіч ягоны калега, «чалавек з тэлевізіі». Вячаслаў сказаў, што працаваў на тэлевізіі 24 гады і любіць сваю працу. Ён згадаў, што падчас прэзідэнцкіх выбараў запісваў выступы кандыдатаў і выдаваў у прамым эфіры іх дэбаты. Гэтак сама працаваў на парламенцкіх выбарах, на парадзе, а ў апошнія гады яму было даверана рабіць жывыя трансляцыі з Велікоднай і Каляднай службаў, якія паказвалі ў СНД.
«Пайшоўшы з тэлевізіі, я шукаў і, калі б не гэты выпадак, у мяне было пару кампаній, куды я ўладкаваўся б на працу», — сказаў падсудны.
Вячаслаў сказаў, што яму вельмі цяжка, бо амаль тры месяцы правёў у турме, але значна цяжэй тое, што не змог са сваёй сям’ёй сустрэць Новы год і дзень нараджэння дачкі, а таксама Раство Хрыстова.
«Мне было балюча 25-га (падчас затрымання 25 кастрычніка на маршы Вячаслава моцна пабілі амапаўцы, зламалі тры рабрыны і палец. — РС), але значна больш балюча, што перад самым Новым годам ад ковіду памерла мая цешча. Яна мне стала другой маці, і я не змог развітацца з ёй і падтрымаць сям’ю ў цяжкую хвіліну».
Ламаносаў сказаў, што шчыра раскайваецца і папрасіў суд не прымяняць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.