Апраўдаць ці асудзіць на 4 гады калоніі: Што вырашыць суд па справе Яўгена Каліноўскага?

У судзе Першамайскага раёна 14 студзеня працягвалі разглядаць справу 22-гадовага студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага, якога вінавацяць у гвалце ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі і актыўных групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Падзеі адбываліся 14 ліпеня — у дзень, калі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкала адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. 

Яўген Каліноўскі. Фота прадастаўлена блізкімі хлопца

Яўген Каліноўскі. Фота прадастаўлена блізкімі хлопца


На працэсе суд адмовіўся глядзець відэа з тэлеграм-канала Nexta, бо гэты канал раней быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Абаронца Яўгена Каліноўскага хадайнічаў аб далучэнні да матэрылаў справы квітанцыі аб пералічэнні сродкаў маральнай кампенсацыі на рахункі дзіцячых дамоў, як таго хацелі пацярпелыя Ігар Астапук і Алег Баразноў, а таксама квітанцыі аб сплаце за пашкоджанне форменнай вопраткі Астапука. Гэтыя хадайніцтвы былі задаволеныя.

Таксама абаронца хадайнічаў аб выкліку і допыце ў судзе эсперта, які даваў заключэнні па відэазапісу, каб ён даў тлумачэнні, бо ў яго высновах ёсць недакладнасці. Пры гэтым экспертыза была праведзеная толькі па эпізоду гвалту ў дачыненні да Астапука, а па эпізоду ў дачыненні да Баразнова – такой экспертызы праведзена не было па незразумелай прычыне. Таму абаронца заявіў хадайніцтва аб правядзенні такой экспертызы, каб дэталізаваць дзеянні Каліноўскага ў дачыненні да Баразнова.

Пракурор выступіла супраць задавальнення хадайніцтваў, выказала меркаванне, што яны будуць зацягваць судовы працэс. Суддзя пагадзілася с пазіцыяй дзяржабвінаваўцы і адхіліла іх.

Пасля гэтага пачаліся спрэчкі бакоў.

Першай сваю пазіцыю прадставіў бок абвінавачвання

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што сабраных доказаў падчас папярэдняга і судовага следства дастаткова, каб прызнаць Яўгена Каліноўскага вінаватым у злачынствах, здейсненных паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак, указала на тое, што неабходна выключыць з абвінавачвання гвалт з помсты за выкананне службовай дзейнасці, паколькі дадзены матыў не знайшоў свайго пацверджання падчас судовага следства. Пры прызначэнні пакарання неабходна ўлічваць грамадскую небяспеку здзейсненага злачынства, дадзеныя, якія характарызуюць асобу абвінавачанага, і абставіны справы. Пры гэтым абвінавачаны віну не прызнаў, у зробленым не раскаяўся.

Прасіла суд прызнаць Яўгена Каліноўскага вінаватым і прызначыць пакаранне паводле ч. 1 арт. 342 КК у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год, паводле арт. 364 КК - у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады. Канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Заяўлены пазоў пацярпелага Ігара Астапука аб кампенсацыі маральнай шкоды прасіла задаволіць у поўным аб'ёме – ў памеры 1000 рублёў, а пазоў пацярпелага Алега Баразнова – задаволіць часткова ў памеры 1500 рублёў.

Пацярпелы Астапук заявіў, што дараваў абвінавачанаму, але рашэнне аб пакаранні пакінуў на меркаванне суда. Пацярпелы Баразноў прасіў суд строга не караць.

На чым настойвала абарона?

Пасля гэтага слова ўзяў абаронца Яўгена Каліноўскага. Ён указаў на тое, што ў абвінавачванні гаворыцца, што дзеянні абвінавачанага ў групе іншых асобаў пацягнулі за сабой працяглае парушэнне грамадскага спакою, абмежаванне правоў добрапрыстойных грамадзянаў на спакойную працу і адпачынак, а таксама свабоднае перамяшчэнне. Аднак абвінавачваннем не было прыведзена якіх-небудзь доказаў, якія пацвярджаюць названыя наступствы, не быў дапытаны ні адзін сведка, які ўказваецца як добрапрыстойны грамадзянін.

Таксама сярод іншага звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы няма ніводнага відэазапісу з рэгістратара супрацоўнікаў міліцыі, дзе былі б чутныя патрабаванні да грамадзянаў аб неабходнасці разысціся, або відэазапісы іншых асобаў, якія маглі б пацвердзіць факты непадпарадкавання з боку падсуднага. Акрамя таго, па гэтай крымінальнай справе ніхто з тых грамадзянаў, хто прымаў удзел у масавым мерапрыемстве і мог бы пацвердзіць, што супрацоўнікі міліцыі ніякіх патрабаванняў не прад'яўлялі, не быў дапытаны. Пры гэтым мноства людзей, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве 14 ліпеня, было затрымана і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, доступ да дадзеных гэтых асобаў быў і ў следчага, і ў пракурора.

Такім чынам, адвакат упэўнены, што дакладных і дастатковых доказаў, якія падцвярджаюць факт непадпарадкавання Каліноўскага законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, абвінавачваннем не прадстаўленыя.

Варта адзначыць, што згодна з дыспазіцыяй ч.1 арт. 342 КК адказнасць надыходзіць пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства – масавых беспарадкаў, хуліганства і гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (п. 4 паартыкульнага каментара да КК). Разам з тым, Каліноўскі абвінавачваецца і паводле арт. 364. Таму калі лічыць, што ён вінаваты і ў здзяйсненні і гэтага злачынства — гвалту, падстаў для яго адказнасці яшчэ і па ч. 1 арт. 342 КК – няма.

У абвінавачванні пазначана, што супрацоўнікі АМАП прыбылі на месца масавага мерапрыемства і неслі там службу па ахове грамадскага парадку. Пры гэтым у тых жа паартыкульных каментарах да арт. 364 КК указана, што "каментаваным артыкулам ахоўваецца парадак выканання супрацоўнікам органаў унутраных спраў службовых абавязкаў, якія вынікаюць з законаў, службовых інструкцый, палажэнняў, статутаў, загадаў і г. д. і не звязаных з аховай грамадскага парадку".

Адказнасць за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АУС пры ахове грамадскага парадку прадугледжаная спецыяльнай нормай (арт. 363 КК), а не агульнай, на падставе якой выстаўленае абвінавачванне Каліноўскаму.

Адвакат прыходзіць да высновы, што адсутнічаюць падставы аб прыцягненні Каліноўскага да адказнасці паводле арт. 364 КК.

Па словах Яўгена Каліноўскага, супрацоўнікі міліцыі праводзілі неабгрунтаваныя затрыманні, а таксама ўжывалі фізічную сілу да грамадзянаў без прад'яўлення якіх-небудзь патрабаванняў. Ён лічыў дзеянні прадстаўнікоў улады жорсткімі і несправядлівымі, быў абураны, што падштурхнула яго да спробы спыніць супрацьпраўныя, на яго погляд, дзеянні міліцыі.

Акрамя гэтага, Каліноўскі растлумачыў, што зваліўшыся разам з Астапуком, які схапіў яго за вопратку, ён спецыяльна удараў яму не наносіў. Аднак Астапук утрымліваў яго ляжалым на плітцы, знаходзячыся зверху, пры гэтым наносіў яму ўдары кулакамі па твары, пасля чаго ў яго засталіся гематомы. У той жа час абвінавачаны адчуваў, што яму быў нанесены ўдар гумавай палкай. На відэазапісе, які быў прагледжаны ў судзе, відаць, як Астапук наносіў удары Каліноўскаму кулакамі, іншы супрацоўнік міліцыі — біў яго гумавай палкай, затым падбягае яшчэ група супрацоўнікаў міліцыі і адзін з іх наносіць з разгону Каліноўскаму ўдар нагой. У гэтай сітуацыі абвінавачаны толькі хацеў выратавацца, вырвацца, усе яго дзеянні былі абумоўленыя інстынктам самазахавання. Пры названых абставінах у яго мелася права на неабходную абарону (згодна з арт. 34 КК).

Указаў абаронца і на істотныя супярэчнасці ў паказаннях пацярпелых падчас следства і ў судзе.

Прасіў суд апраўдаць Яўгена Каліноўскага. Калі суд не пагадзіцца з прапановай адваката і ўсё ж прызнае падсуднага вінаватым – прасіў улічыць, што абодва злачынствы, у якіх абвінавачваецца Каліноўскі, ставяцца да катэгорыі менш цяжкіх. У мінулым ён не судзімы – не прыцягваўся ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці, характарызуецца выключна са станоўчага боку.

Нягледзячы на сваю пазіцыю, абвінавачаны папрасіў прабачэння перад пацярпелымі, яны прынялі іх і не настойваюць на строгім пакаранні. Акрамя таго, Каліноўскі ў добраахвотным парадку заплаціў частку грашовай кампенсацыі маральнай шкоды Астапуку і Баразнову і пералічыў па іх жаданні па 500 рублёў дзвюм дзіцячым установам. Мяркуе, што ў выпадку прызнання Каліноўскага вінаватым, памер названай сумы дастаткова кампенсуе прычыненыя пацярпелым фізічныя і маральныя пакуты.

Упэўнены, што абвінавачаны не ўяўляе грамадскай небяспекі, а артыкулы, што ставяцца ў віну, прадугледжваюць пакаранне не толькі ў выглядзе пазбаўлення волі, але і больш мяккае. З улікам усяго вышэй сказанага, асобы абвінавачанага, матываў і мэтаў яго дзеянняў, пакаранне можа быць не звязана з пазбаўленнем волі.

Апошняе слова падсуднага

Яўген Каліноўскі выступіў з апошнім словам. Ён сказаў:

"У сваім жыцці і ў прыватнасці ў абставінах, якія абмяркоўваюцца цяпер, заўсёды кіраваўся маральнымі каштоўнасцямі, якія ўклалі ў мяне бацькі, добрае выхаванне, школы, ВНУ, і ніколі не прыбягаў да якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў для таго, каб разнастаіць сваё жыццё, прыўнесці ў яго нешта. У прынцыпе, я не лічу, што гэта добрая рыса чалавека звяртацца да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў у жыцці па якой-небудзь прычыне.

Мне шкада, што сітуацыя склалася такім чынам, што меліся факты фізічнага кантакту з супрацоўнікамі міліцыі, аднак хачу падкрэсліць, што яны былі абумоўленыя ў першую чаргу ўздзеяннем супрацоўнікаў міліцыі на асобаў, якія знаходзіліся там, што маральна і этычна асуджалася грамадствам і Рэспублікі Беларусь, і міжнароднай супольнасцю. І была дадзеная адназначная грамадская ацэнка. І я ў прынцыпе згодны з гэтай ацэнкай, і па гэтай прычыне дзейнічаў у названых абставінах, так як яно атрымалася".

Прысуд будзе абвешчаны 16 студзеня ў 10.30.

Падтрымаць Яўгена Каліноўскага лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

spring96.org