Тры гады калоніі. Вынеслі чарговы прысуд за пратэсныя акцыі 14 ліпеня ў Мінску

Суд Цэнтральнага раёна асудзіў 15 студзеня 21-гадовага Арцёма Паўлечку паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа) Крымінальнага кодэкса за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Гэта ўжо восьмая справа за ўдзел у акцыях пратэсту ў сталіцы супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкалы, якая разглядалася мінскімі судамі.

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Ілюстрацыйнае фота: spring96.org

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Ілюстрацыйнае фота: spring96.org


Арцёма Паўлечку абвінавацілі ў тым, што 14 ліпеня на Плошчы Перамогі ён ударыў АМАПаўца нагой у грудзі і браў удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак. Суддзя Юлія Густыр пакарала 21-гадовага хлопца трыма гадамі пазбаўлення волі. 21 год Арцёму споўніўся 14 студзеня. У гэты дзень ён прамаўляў апошняе слова ў судзе. "Вясна" з дапамогай валанцёраў маніторыла гэта судовае пасяджэнне.

У чым абвінавацілі хлопца?

Арцём быў абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 364. Дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абвінавачванне і суд палічылі ўдзел Арцёма ў акцыі 14 ліпеня, выкрыкванне на ёй лозунгаў, "гучныя воплескі рукамі", невыкананне патрабавання супрацоўнікаў міліцыі "разысціся".
Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнікі мінскага АМАПа – Віталь Самалётаў. Ён ужо выступаў пацярпелым па справе Іллі Фрэня, якога суд Маскоўскага раёна 24 снежня адправіў на 4 гады "калоніі".
Гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа выявіўся ў тым, што Паўлечка "нанёс удар нагой у грудзі Віталю Самалётаву, прычыніўшы яму фізічны боль".
Арцём Паўлечка прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме. У аснову абвінавачвання 21-гадовага хлопца ляглі яго паказанні, паказанні пацярпелых і сведак-супрацоўнікаў АМАПа, пісьмовыя матэрыялы справы і відэаролік, які быў прагледжаны ў закрытым судовым пасяджэнні з-за таго, што на ім змешчаны лагатып прызнанага экстрэмісцкім у Беларусі тэлеграм-канала.
Арцёма затрымалі 14 ліпеня на акцыі супрацоўнікі ў цывільным адзенні. На яго склалі два пратаколы па арт 23.34 і 23.4 КаАП, па якім Ленінскі суд асудзіў яго на 13 сутак. Пасля гэтага адміністрацыйнага арышту Арцём на волю не выйшаў: яго адвезлі ў Следчы камітэт, а потым у ІЧУ на Акрэсціна.

"Вырашыў дапамагчы затрыманым"

Арцём Паўлечка на судзе распавёў, што ўвечары 14 ліпеня шпацыраваў па горадзе з сябрам і ягонай сяброўкай. Калі яны былі каля ст. м. Кастрычніцкай, то ўбачылі натоўп, які рухаўся да Плошчы Перамогі і выкрыкваў "Жыве Беларусь", "Пока мы едины – мы не победимы". Па словах Арцёма, ён, паддаўшыся ўздзеянню натоўпу, вырашыў пайсці за ім. Але, як сцвярджаў Паўлечка на судзе, ён не ведаў, што гэта мітынг:
"Я не знаходжуся ні ў якіх тэлеграм-каналах, групах, звязаных з палітычнымі тэмамі. Таму я не ведаў, што будзе мітынг".
Як распавёў Арцём, калі ён далучыўся да калоны, то разам з людзьмі ў ёй пляскаў у далоні, крычаў лозунгі, сімволікі ў яго ніякай не было, але калі пачуў патрабаванні ад супрацоўнікаў міліцыі разысціся – вырашыў сысці. Калі ён адышоў, то АМАП пачаў затрыманні, пачалася патасоўка з пратэстоўцамі.
"Я ўбачыў гэта і вырашыў вярнуцца, каб, як і ўсе людзі, дапамагчы затрыманым. Я падбег і зрабіў намах нагой на супрацоўніка АМАПу. Ён быў на зямлі, стаяў на каленях, а вакол яго было шмат людзей, якія выраблялі нейкія дзеянні. Але я не магу сказаць, ці ажыццяўляў я канкрэтна нейкія ўдары, бо вакол было шмат людзей. Я нічога не адчуў", – распавёў Арцём Паўлечка на судзе.

Што кажа пацярпелы супрацоўнік АМАПа?

На судзе пацярпелы супрацоўнік АМАПу Віталь Самалётаў распавёў, што 14 ліпеня на акцыі на Плошчы Перамогі АМАП затрымліваў "найбольш актыўных на сваё меркаванне". Калі яны затрымлівалі аднаго пратэстуючага, узяўшы яго пад рукі вялі ў аўтазак, на схіле яго нехта ўдарыў у спіну, ад чаго ён упаў на калені. Таксама ён убачыў іншага супрацоўніка АМАПу Ігара Астапука, які ляжаў на зямлі. У гэты час Самалётаў убачыў, як да Астапука падбягаюць пратэстоўцы і наносяць удары. Пасля гэтага, па словах Самалётава, абвінавачаны падбег да яго і нанёс удар нагой у грудзі.
"Затым да нас падбеглі людзі і пачалі аказваць фізічны супраціў. Мне наносілі ўдары па розных частках цела".
14 ліпеня ён не бачыў, хто яму наносіў удары. Убачыў гэта толькі на відэа, якое паглядзеў перад дачай паказанняў. Пасля ўдару, па словах АМАПаўца, ён не адчуў фізічнага болю.
"Але ўдар быў".
У медыцынскую ўстанову ён не звяртаўся, лячэнне не праходзіў. У судзе пацярпелы амапавец Самалётаў заявіў патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў і папрасіў перавесці грошы на рахунак Мінскага дзіцячага дома №1.
Абвінавачаны цалкам прызнаў іскавыя патрабаванні.

Пакаранне

14 студзеня Арцём у свой Дзень нараджэння прамаўляў апошняе слова, у якім сказаў, што раскайваецца і папрасіў прабачэння ў пацярпелага супрацоўніка АМАПа. Арцём сам з горада Лельчыцы. Прыехаў у Мінск нядаўна, бо ў Лельчыцах не было працы па яго спецыяльнасці. Ён сказаў, што хоча працягнуць навучанне ва ўніверсітэце і займацца любімым хобі.
"Высокі суд, прашу не пазбаўляць мяне свабоды і даць пакаранне мне мякчэйшае", – сказаў у апошнім слове Арцём Паўлечка.
Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць Арцёма на падставе ч. 1 арт. 342 і 364 КК трыма гадамі пазбаўлення волі. Суддзя Юлія Густыр прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў пракурор. 
spring96.org