Пратэст за кратамі — крайняя форма захавання гонару

Праваабаронцы сабралі выпадкі пратэставання палітвязняў у зняволенні. 

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


На мінулым тыдні стала вядома, што праз жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў ПК № 14 у Навасадах 26 сакавіка выкінуўся з акна з другога паверха адзін са зняволеных — Уладзімір Іпатаў. Вядома, што мужчыну судзілі паводле палітычнага артыкула. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі Барысава.

Ва ўмовах зняволення ў людзей часта не застаецца іншых механізмаў, акрамя радыкальных, каб паўплываць на сітуацыю ці хаця б прыцягнуць увагу грамадскасці да яе, пішуць праваабаронцы. Жорсткі ціск, катаванні, невыносныя ўмовы жыцця і працы ўсё часцей вымушаюць палітзняволеных выказваць пратэст жорсткімі метадамі. Галадоўкі, рэзанне венаў і нават чырвоная памада — так пратэстуюць у беларускіх СІЗА і калоніях.

Галадоўка

Палітзняволеныя часта прыбягаюць да галадоўкі як спробы абараніць свае правы. Так, вядомы палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч такім чынам спрабаваў змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату судовага разгляду. Ён абвясціў галадоўку трэцяга лютага 2022 году, а з 15 лютага трымаў «сухую галадоўку» — гэта значыць не ўжываў ні вады, ні ежы. 16 лютага ён завяршыў галадоўку: паводле яго слоў, якія перадаў адвакат, «справа зрушылася з мёртвай кропкі». Суд над Уладзімірам Мацкевічам распачаўся толькі амаль праз чатыры месяцы.

Былая жонка палітвязня, метадолаг і незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч тлумачыла, якія сэнсы бачыць у галадоўцы філосафа:

«Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал і заклік, што час змяняць сітуацыю, час перастаць іх <палітвязняў> шкадаваць і пакутаваць. Трэба ісці ў супраціў. Трэба пачынаць прабіваць сценку. Па сутнасці, Уладзімір сваёй галадоўкай дае нам нагоду і нібы раскручвае ў зваротны бок сітуацыю палітычнага завісання і дэпрэсіі.

На палітычным полі мы займаемся шмат якімі рэчамі, але перамога ўсё аддаляецца. Актыўны пратэст, якім ён быў у 2020 годзе, мы ўжо наўрад ці зможам прадэманстраваць. Значыць, трэба шукаць іншыя метады, не асабліва разлічваючы на замежную дапамогу, "эканамічны цуд" і г. д. Мы ў сітуацыі завісання. І Уладзімір сваёй галадоўкай як быццам звяртаецца да грамадства: "Карыстайцеся момантам, пачынайце з мяне!"»


Палітзняволеная Вікторыя Кульша абвясціла галадоўку на знак пратэсту пасля змяшчэння ў ПКТ. Жанчына трымала яе 11 дзён: дзевяць дзён без ежы і яшчэ два — без вады. Яна сказала, што будзе вымушана давесці сябе да абязводжвання і адмовіцца ад медыцынскай дапамогі, каб яе змясцілі ў лякарню, дзе яна атрымае «чалавечыя ўмовы». За гэта яе паставілі на прафулік як «схільную да суіцыду». Спачатку ёй прызначалі толькі два месяцы ў ПКТ, але пасля выхаду адміністрацыя вырашыла дадаць яшчэ тры месяцы.

Гучным прыкладам галадоўкі стаў учынак Ігара Лосіка. Адміністратар Тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» абвясціў бестэрміновую галадоўку ў снежні 2020 года на знак пратэсту з нагоды новых абвінавачанняў, якія яму выставілі. Тады ў салідарнасць з ім да галадоўкі далучылася яго жонка Дар’я Лосік, якая амаль праз два гады таксама стала палітзняволенай. Ігар трымаў галадоўку 42 дні, сваё рашэнне спыніць яе ён патлумачыў просьбамі тысяч беларусаў дачакацца перамогі здаровым ды хваляй салідарнасці. Напрыканцы галадоўкі стан яго здароўя пагоршыўся: пачаліся праблемы з артэрыяльным ціскам, шум у галаве.  

Ігар Лосік так тлумачыў свой учынак:

«У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці. Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсці на гэтую крайнюю меру. Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так бачна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуванне і салідарнасць, а ім пляваць на пакуты соцень сем’яў, дзяцей, на чалавечыя жыцці. Вы не падведзяце. Цяпер такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі. Спадзяюся, што са спыненнем маёй галадоўкі тэма палітычных зняволеных не сыдзе з грамадскага парадку дня».

Усяго блогер галадаваў падчас зняволення тройчы, таксама ён двойчы рэзаў сабе вены ў калоніі.

Наўмыснае прычыненне сабе шкоды

Наўмыснае прычыненне сабе шкоды таксама можа быць крайняй формай пратэсту. Часта гэта называюць спробамі самагубства, аднак нельга свярджаць, што ў кожным такім выпадку чалавек кіруецца мэтай менавіта пазбавіць сябе жыцця. Гэта таксама можа быць пратэстам супраць жорсткага абыходжання, спробай трапіць у медчастку, каб хаця б ненадоўга палепшыць сабе ўмовы ўтрымання і даць палёгку, спробай прыцягнуць увагу да праблемы.

Так, палітзняволены Сцяпан Латыпаў на судовым працэсе заявіў пра так званую «прэс-хату», у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага ён уваткнуў сабе ў горла ручку падчас пасяджэння, седзячы ў клетцы. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ужо ў калоніі палітвязень на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. Так ён пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэння палітвязняў у ШІЗА. Сцяпана змяшчалі ў івацэвіцкую лякарню пасля таго, як ён праглынуў лязо, а пасля парэзу накладалі швы на руку. Праблемы з адміністрацыяй пасля гэтага не вырашыліся.   


На судзе таксама на знак пратэсту рэзаў сабе жывот палітвязень Алесь Пушкін. Вязень, які бачыў у турме здзекі з Алеся Пушкіна, расказаў «Новаму Часу», што мастак з дапамогай ляза ад аднаразовага станка выразаў на сваім целе вялікі крыж. Дзяжурныя ўбачылі гэта на маніторы і збілі Пушкіна гумовымі дручкамі, прычым «білі хвостка», але так, каб да суду на целе нічога не засталося. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 

Палітвязень Сяргей Пятрухін рэзаў сабе вены на знак пратэсту супраць жудаснай антысанітарыі ў камеры, куды яго перавялі, а таксама праз немагчымасць знаходжання з прысутным там кантынгентам.  

Прававыя формы пратэсту

Падчас зняволення людзі спрабуюць пісаць скаргі на меру стрымання, умовы ўтрымання, недаходжанне карэспандэнцыі ці хадайнічаюць да суду падчас разгляду справы. Палітзняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі на пачатку суду заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.

«Абвінавачаным было прад'яўленае абвінавачанне на рускай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», — так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.

Тады Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з рускай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай. На гэта абвінавачанаму адказалі, што ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы на рускай мове і пытанняў пра разуменне ў яго не ўзнікла. Суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.

«Я расцэньваю гэта як пагарду да беларускай мовы з боку суду і пракуратуры. Вы парушаеце мае правы як беларускамоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Вы прынцыпова не хочаце размаўляць на беларускай мове. Вы як чыноўнікі павінны гаварыць і па-беларуску, і па-руску ў залежнасці ад таго, на якой мове з вамі гавораць людзі. Я з вамі размаўляю па-беларуску — вы са мной размаўляйце па-беларуску. Учынілі тут двухмоўе!»

У жніўні 2022 году Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на ўмовы зняволення. Вынік разгляду скаргі да адміністрацыі турмы №1 Гродна невядомы. Таксама палітзняволеныя пастаянна пішуць апеляцыйныя скаргі на прысуды — як правіла, іх пакідаюць без грунтоўных змен.

Чырвоная памада

Часам адміністрацыя папраўчых устаноў расцэньвае як пратэст нават сімвалічныя дзеянні. Так, у гомельскай калоніі жанчын прэсінгуюць нават за памаду чырвонага колеру, прымаючы яе за сімвал пратэсту на знак салідарнасці з палітзняволенай Марыяй Калеснікавай. Палітзняволеная Вольга Класкоўская расказвае:

«У мяне на вуснах была чырвоная памада, і шмат супрацоўнікаў калоніі вельмі падазрона на мяне глядзелі. І пыталі: "Што гэта значыць?" — "У сэнсе што? Вясна". — "Дык трэба вусны зялёнай памадай пафарбаваць — пад колер нашай формы камуфляжнай", — такі быў адказ.


А іншыя аператыўнікі і адзін з кіраўнікоў калоніі мне адкрыта сказалі, што ім гэта не падабаецца і навошта гэта я раблю? Ці то я капірую Калеснікаву, ці гэта я такую акцыю пратэсту вырашыла зладзіць, каб пазлаваць людзей у пагонах. Маўляў, на знак салідарнасці з Калеснікавай. І адміністрацыя насамрэч разглядала мой макіяж з чырвонай памадай як пэўную змову».

Вольга адзначае, што праз гэта гучалі заўвагі і да іншых зняволеных.

Што расказвалі палітвязні?

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч расказваў «Радыё Св*бода», што падчас сваіх адсідак у розных беларускіх турмах і калоніях неаднойчы назіраў пратэсты зняволеных, а некалькі разоў у сувязі з самаўпраўствам турэмнікаў пратэставаў і сам — праводзіў працяглыя галадоўкі, «ускрываў» сабе вены ды жывот.

«Бываюць нават выпадкі, калі "ўскрываюць" шыю, што вельмі небяспечна. Бо калі закрануць сонную артэрыю, то ніякая "хуткая" не дапаможа. Але рызыкуюць і робяць гэта. Самы ж моцны пратэст — гэта калі рэжуць сябе па кадыку. Я ведаў такога чалавека. Ён пратэставаў не ў калоніі, а ў судовай зале рэзаў сабе. І толькі таму, што "хутка" была недалёка, яго ўратавалі. Але гэта быў адчай чалавека, якога самаўпраўна судзілі. Ён быў ужо судзімы не раз, але на яго хацелі "павесіць" моцнае злачынства. І атрымаў тэрмін, але не такі, як яму "вешалі" па тым крымінальным артыкуле.

А што да калоніі, то там найбольш распаўсюджаныя галадоўкі. На гэта ідуць людзі, які першы раз трапілі за краты, каб іх пачулі. Ім здаецца, што калі на іх звернуць увагу праз галадоўку, можа, яны чагосьці дамогуцца, нешта зменіцца. Калі яны пераканаюцца, што галадоўка не дапамагае, то могуць наважыцца на нешта больш радыкальнае».


Таксама ў мінулым знаходзіліся звесткі пра акцыі пратэсту за кратамі. Палітзняволены Ігар Аліневіч расказваў, што такія акцыі здараліся рэдка, і звычайна гэта бывае як «выбух адчаю». Але бывае, што яны ладзіліся «свядома і арганізавана», хоць за такія дзеянні фармальна пагражае арт.410 — «Дэзарганізацыя парадку адбывання пакарання.

«Пры ўсім пры гэтым людзі ведалі, на што ідуць. Яны ведалі, што суд усё роўна прыме рашэнне не на карысць зняволенага, які спрабаваў аспрэчыць рашэнне адміністрацыі. Але яны на гэта пайшлі дзеля прынцыпу. Гэты ўчынак карыстаўся вялікай павагай, хоць і не прынёс ніякага выніку... У некаторых выпадках важны маральны складнік, уздзеянне, якое ўчынак аказаў на астатніх вязняў. Бо, як пісаў Салжаніцын, "галоўнае не вынік, а — якім спосабам ён дасягнуты". Галоўнае — сам намер, таму што мы не можам усё ведаць загадзя — атрымаецца ў нас ці не. Але калі мы будзем старацца правільна, паводле гонару гэта зрабіць, то гэтага ўжо дастаткова».