Таццяна Астроўская: Мы з'ехалі, каб не сесці — але гэта не значыць, што мы кінулі сваю радзіму
Валанцёрка, якая дапамагала палітвязням, потым сама аказалася ў гэтым статусе. У інтэрв’ю «Салідарнасці» яна распавядае, за што ўдзячная КДБ, пра камеру, якая стала любоўю на ўсё жыццё, і пра тое, як яна пераплыла Нёман. І як не расчаравацца ў людзях.
— Ці стаў для мяне 2020 год пераломным? Напэўна, так — у плане палітыкі. Ужо перадвыбарчая кампанія сапраўды стала пераломнай. Я была тады ў Бабруйску, мяне не зарэгістравалі ў якасці назіральніка — проста сядзела за плотам школы, таму што ўнутр нікога не пускалі, і бачыла, што адбываецца. А вяртаючыся ў той жа дзень з Бабруйска ў Мінск, ужо бачыла гіганцкі затор на ўездзе ў сталіцу, нейкія страшныя камуфляжныя машыны і ўзброеных дзядзькаў.
Увечары 9 жніўня мы былі на сваім выбарчым участку ў Мінску, і калі вывесілі спісы — было проста жудасна, не маглі знайсці слоў ад абурэння. За Ціханоўскую, па версіі камісіі, прагаласавалі, здаецца, 80 чалавек — а нас 200 толькі пад школай стаіць, мы спецыяльна пералічыліся.
Так выдатна было чуць з іншых раёнаў, што дзесьці палічылі справядліва, і пры гэтым так балюча ад маштабаў хлусні. Маленькая надзея тут жа згарнулася — прыязджалі бусікі, чуліся выбухі…
А потым быў вялікі мітынг 16 жніўня, дзе прыхільнікі перамен у Беларусі ўшчэнт «зрабілі» праўладную акцыю маштабам і шчырасцю мірнага пратэсту.
— Я ж яшчэ нікога не ведала да гэтага лета, мы толькі пераехалі ў Мінск, — усміхаецца Таццяна. — Узяла сцяжочак (нават толкам не памятаю, адкуль ён узяўся, але, па-мойму, у кожнага беларуса ёсць такі ў «нычцы») і разам з малодшым сынам патупалі. Ён у свае 4 з хвосцікам стойка вытрымаў увесь марш, а я толькі пачала знаёміцца з людзьмі.
«Усе смяяліся, што Астроўская пасылае Пушкіну перадачы»
Валанцёрства для Таццяны — не нейкі гераізм, а рэч абсалютна натуральная: «Можна проста дзень пражыць, а можна дапамагчы камусьці, каму горш за цябе». Раней яна ўдзельнічала ў зборах для анкахворых дзяцей з Бараўлянаў, а калі ў 2020-м пачаліся маштабныя рэпрэсіі, падключылася да збораў пасылак палітвязням ад беларускіх ініцыятыў, якія пазней улады назавуць экстрэмісцкімі.
Нічога звышнатуральнага: садавіна, печыва, шкарпэткі. Але потым у сілавікоў у галаве не ўкладвалася, з якой такой радасці і няўжо бясплатна нянечка з дзіцячага садка дапамагае зусім незнаёмым людзям.
— Як выбіралі, каму дапамагаць? Так, «па ашчушчэніях». У мяне былі ў справе Шпетны, Чуль (актывісты анархісцкага руху), Екельчык (былая студэнтка мехмата БДУ, выйшла на волю ў снежні 2022) — яны ўсе выбіраліся па ўзросце, таму што гэта ўзрост нашых дзяцей: напэўна, на нейкім матчыным інстынкце хочацца падтрымаць. Я спачатку спрабавала паглыбіцца ў гісторыі кожнага палітвязня, а потым вырашыла: навошта? Гэта проста людзі — і няважна, якія яны.
З Екельчык цікава атрымалася: я спачатку пісала нейкія паштовачкі і пасылачкі перадавала — а потым з ёй у планцы ў адной камеры стаяла. Або гісторыя з Алесем Пушкіным — наогул цуд нейкі. Усе смяяліся, што Астроўская пасылае Пушкіну перадачы. А пазней, ужо ў сакавіку 2022-га, быў момант, што Пушкіна перавялі на Валадарку, пасадзілі ў карцар — і тут ён чуе маё прозвішча, таму што мяне цягалі на «прафразмовы», і латашыць у шкляныя дзверы: «Таццянка, прывітанне! Я Алесь!».
У мяне нават ёсць ягоны малюнак (на жаль, як і ўсе мае лісты і паштоўкі, ён застаўся ў Беларусі, спадзяюся, што калі-небудзь іх знайду): седзячы ў Жодзіне, Алесь, які мяне ні разу не бачыў, намаляваў мой партрэт. Зрабіў з мяне нейкую бландынку, — смяецца Таццяна, — а потым, калі «сустрэліся» жыўцом, прызнаўся: «Ты такая прыгажая, я не так цябе ўяўляў». На мінулы Дзень Волі мы сядзелі ў суседніх карцарах... Ён сабе вены там ускрыў у знак пратэсту.
Цяпер амаль усе «дзяўчынкі» — былыя сукамерніцы (а Таццяна змяніла 6 камер) знаходзяцца не ў Беларусі. І часта кажуць, як ім пашанцавала сустрэць адна адну.
— Я зараз буду лаяцца, — папярэджвае Таццяна, — але скажу адну важную рэч. Дзякуй гэтаму *** ГУБАЗіК і ўсім гэтым *** з КДБ, што яны нас паперасаджалі. Таму што мы б, па-першае, не перазнаёміліся ў 2020-м — хіба што мімаходам на маршах, а па-другое, так не з'ядналіся б. Пасадзіць усіх «палітычных» разам — гэта была велічэзная памылка. Навіны паміж Жодзіна і Валадаркай перадаюцца вельмі зручна: мы, ад тых, каго перавозілі туды-сюды, ведалі нашмат больш пра «сядзельцаў», чым нават людзі на волі.
І другая іх вялікая памылка — «тасаваць» камеры, калі чалавека з рэчамі на выхад пераводзяць то ў адну, то ў іншую. Так што дзякуй велізарны за тое, што перазнаёмілі мяне з усім T*T.BY: адна справа — чытаць навіны партала з 2000-га, і зусім іншая — сядзець з тутбаеўцамі ў 2021-2022-м.
Дзякуй ім, што перазнаёмілася з палітолагамі, юрыстамі, эканамістамі, бухгалтарамі — узрушвальнымі людзьмі, дзякуючы якім сукамернікі атрымалі найпрыгажэйшыя адукацыйныя праграмы.
Калі ўлады думалі перамагчы, перасаджаўшы паўкраіны, дык вось — усе вашы СК, КДБ і ГУБАЗіК працуюць на аб'яднанне «змагароў», як ніхто іншы.
«Любоў на ўсё жыццё»
Таццяну затрымлівалі двойчы пасля маршаў — зрэшты, тады справа абыходзілася штрафамі. А вось летам 2021-га затрымалі адразу многіх валанцёраў, арганізаваўшы дзеля гэтага чарговую «сілавую спецаперацыю» — і выставілі абвінавачанні: «удзел у змове з мэтай захопу ўлады» і «забеспячэнне экстрэмісцкай дзейнасці».
Амаль восем месяцаў яе дапытвалі, маўляў «дзе грошы, Зін?». Хоць яшчэ падчас першага ператрусу ў кватэры Таццяна прапанавала васьмярым сілавікам: «Калі знойдзеце за канапай 900 тысяч, падзелім на ўсіх».
У няволі беларуска правяла 10 месяцаў: Акрэсціна, СІЗА на Валадарскага, неаднаразова «гасцявала» ў карцары. Прагулка — гадзіна ў дзень, душ — 15 хвілін у тыдзень, «шмон» штодня — як не азлобіцца, не аскацініцца ў гэтых умовах?
— Гэта ўсё людзі. Калі б вакол сядзелі сапраўдныя злачынцы, напэўна, з часам любы скаціўся б на іх узровень. А калі сядзіць унізе — Знак, збоку — Бяляцкі, побач — Леўшына і Золатава — даводзіцца адпавядаць.
Збольшага дапамагае пачуццё гумару, якое пераходзіць у сарказм — хоць дах «з'язджае», асабліва пасля паўгода, вельмі прыкметна. Але склад камеры, з якой я выйшла — гэта любоў на ўсё жыццё. Гэта больш, чым сяброўка, чым сваяк — інакш мы б не вытрымалі столькі часу, 24 на 7, бок у бок.
Калі я толькі трапіла ў СІЗА, першы месяц не магла зразумець, што за смех стаіць у камерах — там жа не відаць нічога, на лета вокны здымаюць, толькі «вейчыкі»-жалюзі. А гэта якраз і ёсць выратаванне, спосаб выжыць у гэтым усім: калі плачам, то ўсе разам, калі смяемся — то ўсёй камерай.
Мы танчылі там (быў тэлевізар з васьмю беларускімі каналамі, і даводзілася слухаць і Азаронка, і Тура, і Скабееву, але і з іх прамоў можна вылучыць рэальную інфармацыю аб тым, што адбываецца).
Да сярэдзіны 2021 года, успамінае Таццяна, у СІЗА яшчэ дазвалялі перадаваць нейкія касметычныя і доглядныя сродкі, і дзяўчаты-палітвязні падтрымлівалі не толькі ахайны, але і прывабны знешні выгляд, рабілі адна адной прычоскі. А ахоўнікі не маглі зразумець, навошта ім гэта трэба. «Вы павінны тут пакутаваць» або «Здохніце, толькі не на маёй змене» — рэплікі супрацоўнікаў, якія ўрэзаліся ў памяць з той пары.
Хоць ёсць у сценах папраўчых устаноў і іншыя — тыя, хто ставіцца да вязняў нармальна, хто можа выканаць просьбу, перадаць ліст ад бацькоў. Пра гэтых людзей тыя, хто выйшаў на волю, ніколі не распавядаюць падрабязна, але сарафаннае радыё працуе.
«Казалі, што мама ў камандзіроўцы, а цягнік зламаўся»
Старэйшы сын Таццяны Астроўскай на той час служыў тэрміновую, а вось малодшага, Сашу, узялі пад крыло неабыякавыя людзі.
— Дзякуй людзям: ім займаліся, вадзілі ў садок і забіралі, на кожныя выхадныя на ўсякія дзіцячыя забаўкі цягалі. Казалі, што мама ў камандзіроўцы, а цягнік зламаўся — і яго дзіцячы мозг прыдумаў, што гэта нейкая вельмі сур'ёзная паломка, цягнік усё чыняць, а мама патэлефанаваць не можа, толькі піша лісты.
І тут яшчэ раз хачу сказаць вялікі дзякуй. Таму што лісты зняволеным — гэта вельмі важна і трэба. Папрасіла ў адным з лістоў, і гэта разышлося — сталі дасылаць пацешныя налепкі для хлопчыка, і так я ў кожным лісце адпраўляла Сашку малюнак і такія налепкі: машынкі, самалёцікі, матацыклы, сабачкі-котачкі, аднарогі. У мяне быў цэлы стос такіх штучак — дзякуючы нашым людзям, напэўна, 295 лістоў сыну былі не «пустымі», а з такімі прывітаннямі ад мамы.
Зрэшты, і пасля таго, як сям'я ўз'ядналася, сын перажывае, што мама кудысьці знікне — давялося ў літаральным сэнсе засыпаць побач, трымаючы за руку. Нават праз паўгода малому важна, каб мама пасядзела побач, сто разоў на дзень сказаць «Я цябе люблю», нібы «даганяючы» прапушчаны год.
Да таго ж у групе, куды ходзіць Саша ў Польшчы, ёсць частка дзяцей — уцекачоў з Украіны: Марыупаль, Запарожжа. У іх адзін агульны боль — кожнага, як кветку, вырвалі з каранямі ў чужую краіну, і яны з любоўю ўспамінаюць родныя мясціны.
— Калі яны гарлапаняць пасярод дзіцячай групы «Пуцін — ***!», на іх нават не лаюцца, — усміхаецца Таццяна.
«Ужо на тым баку паказала ў бок беларускай мяжы непрыстойныя жэсты»
«Змова» і «забеспячэнне экстрэмісцкай дзейнасці» са справы Таццяны прыбралі, перакваліфікавалі абвінавачанне на арт.342-2 Крымінальнага кодэкса — «іншае забеспячэнне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паколькі гэты артыкул значна «лягчэйшы», у траўні 2022-га беларуску выпусцілі з СІЗА пад паручыцельства.
— Я не збіралася з'язджаць, — успамінае яна, — але тут адвакаты (адзін з іх цяпер у няволі, іншы пазбавіўся ліцэнзіі і з'ехаў з краіны) сказалі, што знайшлі ў тамах справы новую зачэпку — і гэта ўжо гадоў 12 калоніі.
Без якой-небудзь падрыхтоўкі яна пераплыла Нёман, каб трапіць у Літву. З боку гэта выглядае як экшн і гераізм — а калі тычыцца асабіста цябе? Таццяна спачатку жартуе пра тое, што «Танькі бруду не баяцца», а потым рэзка становіцца сур'ёзнай:
— Я б не сказала, што быў нейкі гераізм. Сказаць, што я баялася да дрыжыкаў у нагах, гэта нічога на сказаць. Гэта быў, напэўна, самы страшны момант ва ўсім жыцці. Я ж выдатна разумела, што іду адна, і ісці трэба ціха, — а ціха па сухім лесе ў жніўні не атрымліваецца, і па ідэі трэба было б зняць спартыўны касцюм і красоўкі, каб лягчэй плылося.
Але ў мяне нават мазгі адключыліся, хоць Нёман жудасна шырокі, і плынь вельмі хуткая — але пачуць ззаду «Стой, хто ідзе!?» ці «Стой, страляць буду!», ці што там яшчэ кажуць, было ў шмат разоў страшней. У выніку тэлефон і красоўкі патанулі, але гэта не галоўнае.
На сярэдзіне пачало зносіць у бок Беларусі — і тут пачынаеш маліцца ўсім багам і памерлым сваякам, каб толькі даплысці. Не ўтрымалася, на адрэналіне ўжо на тым баку паказала ў бок беларускай мяжы непрыстойныя жэсты.
Літоўскіх памежнікаў сустрэла вельмі хутка — метраў, напэўна, праз 100, пастукалася ветліва ў акенца, спытала, якая гадзіна. Яны абшукаліся плаўсродкаў або выратавальнай камізэлькі, не маглі паверыць, што гэта я на сваіх дваіх, а потым прывезлі мяне на заставу.
Налілі кавы, далі душ-гель і чысты ручнік, падрыхтавалі чысты ложак. Пакармілі і яшчэ дзіка выбачаліся, што ў іх «толькі сухпаёк», а ў гэтым пайку — масліны, чырвоная рыба, сыр нейкі класны... Пасмяяліся, калі я сказала: «Нічога сабе, а ў нас па БТ кажуць, што вы тут за содай у чарзе стаіце» — і спыталі, які мне цукар, белы або карычневы. Каласальная розніца ў стаўленні.
І такі дысананс у галаве: жудасны трыгер, што гэта людзі ў форме, «пікселі», іх трэба баяцца — а яны смяюцца, кормяць цябе і адпраўляюць выспацца добранька, таму што заўтра прыедуць апытваць.
Наогул, літоўцы і палякі — ім велічэзны дзякуй, яны вельмі ў нашай тэме.
«Мы ўсе нават не ў эміграцыі — у эвакуацыі»
Ужо паўгода як Таццяна ў Польшчы, абодва сыны з ёй. Здароўе ўдалося збольшага «падлатаць», тут дапамаглі прайсці курс рэабілітацыі. Хоць «97% мазгоў, вядома, жывуць у Беларусі». А сэрца роўна баліць і за Беларусь, і за Украіну.
Пра пачатак вайны Таццяна даведалася, знаходзячыся ў турме — і для яе, ураджэнкі Харкава, навіна аб бамбёжках роднага горада стала яшчэ адным наймацнейшым ударам. А таму, апынуўшыся ў бяспецы, яна зноў думае не пра сябе — дапамагае як беларускім палітвязням, так і ўкраінцам (у прыватнасці, пераганяе «праварульных брытанцаў» для парамедыкаў УСУ).
— Марш на 25 сакавіка ў Варшаве — гэта выдатна, гэта праява салідарнасці і глыток свабоды, але ўсё ж не тое. Таму што ў маршы няма людзей, якія сядзяць, няма тых, хто застаўся ў Мінску. А там, у Беларусі, няма нас. Нібы фальшывыя навагоднія цацкі: блішчаць, але радасці не прыносяць. Таму што мы ўсе нават не ў эміграцыі — у эвакуацыі.
Пакуль яшчэ не працую, заканчваю лячэнне — дзякуй фундацыям, якія вельмі моцна дапамаглі. Што сама змагла назапасіць, некаторыя зберажэнні на жыццё — «даядаю» іх. Атрымала міжнародную абарону, малодшы ходзіць у садок — ужо дамовіліся, што возьмуць у школу.
Ну, і займаюся тым, чым і займалася раней — гэта людзі. У мяне дзве краіны, два сцягі, дзве Радзімы, два болі. І сэрца напалам.
Што дае сілы не спыняцца?
— Разумееце, немагчыма спыніцца толькі таму, што ты адседзеў. Бо іншыя ж засталіся і сядзяць прама цяпер. Многія прайшлі праз Акрэсціна, мы ведаем, што яны там робяць у любую пару года і сутак, і што ў кожным сезоне ёсць свае невыносныя ўмовы.
Былых палітвязняў не бывае. Да таго ж, акрамя тых, хто прызнаны палітвязнем, вельмі вялікая колькасць людзей сядзіць па палітычных матывах, хоць фармальна асуджаны па эканамічных артыкулах ці нібыта па «хуліганцы». І нас не паўтары тысячы — па маіх «ашчушчэніях», ужо каля 20 тысяч беларусаў сядзяць «за палітыку», і нельга пра іх забываць, пра кожнага з іх. Гэта было б проста несумленна.
Пытаемся пра планы. У ідэале, кажа Таццяна, хочацца працягнуць пачатае: аб'яднаць усе тыя праваабарончыя структуры, якія займаюцца пасылкамі і перадачамі, пошукам адвакатаў для палітвязняў. І — абавязкова — трымаць сувязь з беларусамі не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі.
А каб пра беларускае пытанне не забывалі за межамі краіны, яна не проста плануе, а звыкла-рашуча дзейнічае: звязаўшыся са сваёй сімвалічнай «хроснай» з Бундэстага, дамовілася пра тое, што прыедзе і выступіць, асабіста ад сябе — каб сказаць дзякуй і нагадаць пра палітвязняў, пра татальнае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.
— Ці цягне назад? Не тое слова. Вобраз «нераспакаваных валізак» — гэта маё. Гэта значыць, яны разабраны, але калі што — запакую за тры секунды. А можа, і так кіну. Хоць, вядома, гэта будзе ўжо не ў юным узросце, і складана пачынаць усё спачатку.
Нёман — гэта быў мой Ярдан. І ад той крыўды і прыніжэння, што вось так прыйшлося пакідаць Беларусь — заеду я назад на 140 джыпах і са сцягам у руках. І на Стэле яшчэ буду блукаць. Так, мы з'ехалі, каб не сесці — але гэта не значыць, што мы кінулі сваю радзіму. Бо дом там, дзе тваё сэрца. А сэрца — у Беларусі.
Пераклад «НЧ»