Хронікі рэпрэсій за 3 красавіка

Галоўныя навіны пра затрыманні, суды і палітвязняў — усё, што адбылося ў краіне за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


КДБ выставіла абвінавачванне 30 фігурантам крымінальнай справы аб падрыве расійскага выведвальнага самалёта А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ. Адзначаецца, што некаторым фігурантам можа пагражаць смяротнае пакаранне. Затрыманым інкрымінуецца ч.3 арт.289 Крымінальнага кодэкса («Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай»).

Цягам апошніх трох дзён у Дзяржынску і яго ваколіцах праводзяцца масавыя ператрусы і затрыманні. Гэта звязана з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля горада былі вывешаныя сцягі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта выявілі выбуховае прыстасаванне. Усяго за гэтыя дні было затрымана каля 45 чалавек, але большасць з іх былі адпушчаныя, частку пакінулі ў мясцовым РАУС да суду па адміністрацыйных абвінавачваннях. Як расказваюць мясцовыя жыхары, «па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны, амаль усім ставілі нейкі бот, быццам бы "Магніт" называецца, але таксама правяралі падпіскі, лайкі, прагляды, перапіску. Некалькі чалавек расказалі, што ім усталёўвалі маячкі на машыны».

Галоўнага рэдактара маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча абвінавацілі ў «распаўсюдзе загадзя ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады», паведаміла Генпракуратура. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах «загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Затрымалі заснавальніка баранавіцкай газеты «Шаг» Анатоля Вайцяхоўскага. Яму прад'явілі напісанне «больш за 3 тысяч "экстрэмісцкіх" каментароў» — у тым ліку супраць вайны ва Украіне.

Юрыст Павел Сапелка расказаў, што ў Беларусі за апошні месяц адбылося больш за 600 затрыманняў. Акрамя гэтага праваабаронцам вядома пра больш за 400 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу — гэта больш, чым за папярэднія месяцы. Таксама вядома мінімум пра шасцярых затрыманых адвакатаў. «Мы гэта звязваем з масавымі затрыманнямі ў сувязі з атакай на расійскі ваенны самалёт у Мачулішчах і ўдзельнікаў субкультурнага аб’яднання ПВК "Родан"», — гаворыць Сапелка.

У Гродне за рэпосты і публікацыі на паўтара года калоніі асудзілі Аляксандру Дзюбу. Ён мусіць выплаціць больш за 10 тысяч рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы «пацярпелым» сілавікам. Дзюбу прызналі вінаватым паводле арт.368 КК — за нібыта «абразу Лукашэнкі» і арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Студэнтку МДЛУ асудзілі да «хатняй хіміі» паводле арт. 367 КК. Яе прызналі вінаватай у тым, што 6 сакавіка 2022 года яна наклеіла ўлётку, якая ўтрымлівала паклёп на Лукашэнку, на рэкламным банеры на адной з вуліц Мінска. Дзяўчына прызнала віну і расказала, што раздрукавала ўлётку і насклеіла яе разам са сваёй знаёмай, каб прыцягнуць увагу людзей да таго, што адбываецца ў свеце.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1473 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1749 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.