Што адбывалася сёння на судзе над праваабаронцамі і Нобелеўскім лаўрэатам?

Адвод суддзі, хадайніцтвы і беларуская мова... Сёння распачаўся суд над Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам, Уладзімірам Лабковічам і Змітром Салаўёвым. Палітвязні не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну, пішуць праваабаронцы.

Фота: Дар'я Цітова / «СБ. Беларусь сегодня»

Фота: Дар'я Цітова / «СБ. Беларусь сегодня»

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў зале суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На суд прыйшло каля 30 чалавек, усіх не прапусцілі. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх. Спаслаліся на кавідную рассадку, хаця ўсе без масак. Каля 10-12 чалавек не пусцілі, сярод іх прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўлялі з суддзёй на беларускай мове. Праваабаронцы адразу заявілі два хадайніцтвы — весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не задаволіла першае хадайніцтва, а другое нават не разглядала.

Алесь Бяляцкі на пачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.

Падсудным было прад'яўлена абвінавачванне на рускай мове. «Вы можаце выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», — так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.

Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з рускай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай. На гэта абвінавачанаму адказалі, што ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы на рускай мове і пытанняў па разуменні дакументаў у яго не ўзнікла. Суд гэтае хадайніцтва таксама не задаволіў.


Матэрыялаў па справе ўсяго 283 тамы па 300 старонак — гэта рэкорд сярод «палітычных» спраў у Беларусі. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца больш чым з 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы.

Бяляцкі прасіў даць яму час на даазнаямленне. Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу на гэта.

Па справе праходзяць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне. Інтарэсы Змітра Салаўёва на судзе прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Алесь Бяляцкі выказаў недавер Марыне Запаснік і заявіў ёй адвод. Валянцін Стэфановіч падтрымаў яго. Хадайніцтва было адхілена — чакана.


Хадайніцтвы аб змяненні меры стрымання

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Абаронца прывяла ў якасці аргумента сардэчна-сасудзістае захворванне Бяляцкага.

Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў, што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя» і ён «не бачыць падстаў для змянення яму меры стрымання». Марына Запаснік не задаволіла хайніцтва. Праваабаронца застаецца за кратамі ўжо 18-ы месяц.

Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя, зноў жа чакана, адмовіла ў задавальненні хадайніцтва, матываваўшы гэта тым, што адзін з артыкулаў, які інкрымінуецца падсуднаму, адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Да таго ж, на думку суда, існуе верагоднасць таго, што абвінавачаны паспрабуе схавацца ад суда.

На суд па справе «Вясны» прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь сегодня». Яна і цяпер з залы суда піша артыкул на SB.BY пра суд над «вясноўцамі».

Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам — «Карповіч». Але суддзя не задаволіла гэта хадайніцтва, бо нібыта гэта толькі здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджана, што, сапраўды, прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».

На працэсе прыступілі да следства. Пракурор Кароль зачытваў абвінавачванне праваабаронцам паўгадзіны. Потым у судзе абвясцілі перапынак на абед, пасля якога дзяржаўны абвінаваўца працягнуў зачытваць абвінавачванні яшчэ паўтары гадзіны.

Пасля таго, як праваабаронцам зачыталі абвінавачванні, Алесь Бяляцкі заявіў, што ён не ў поўнай меры зразумеў тэкст, агучаны на рускай мове. Суддзя сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягванне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэнне яго правоў.


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі сябе вінаватымі ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім прад'яўляюцца.

На працэсе вызначылі наступны парадак судовага следства: адразу дапытаюць сведак, потым вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і, пры неабходнасці — рэчавыя, у апошнюю чаргу дапытаюць саміх праваабаронцаў.

На судзе дапыталі першага сведку па справе — заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён даваў паказанні на беларускай мове і казаў, што, паколькі не з'яўляўся супрацоўнікам «Вясны», не ведае пра дзейнасць арганізацыі. Суд цікавіла супрацоўніцтва газеты і Праваабарончага цэнтра адносна артыкулаў у «Народнай Волі» на праваабарончую тэматыку.

Астатнія сведкі, якіх планавалі сёння дапытаць, не з'явіліся ў суд. Двое з іх знаходзяцца за межамі Беларусі, а адзін не прыйшоў па стане здароўя. Суд вырашыў абвясціць іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Першымі зачыталі паказанні праваабаронцы «Вясны» Алены Лапцёнак, якую таксама затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года.

У судзе абвешчаны перапынак да 10:30 раніцы заўтра, 6 студзеня.