Прапаганда не працуе. Чым беларусы адрозніваюцца ад іншых
Чаму расійскае грамадства падтрымлівае вайну і нахвальвае Пуціна, а беларусы ваяваць не хочуць і дзеянняў Пуціна не ўхваляюць?
Нягледзячы на тое, што Расія ўжо панесла больш за трыста тысяч ахвяр у вайне супраць Украіны, падтрымка расійскім грамадствам «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне не моцна аслабла. На працягу ўсяго канфлікту яе ўзровень складае ў сярэднім каля 75%.
Беларускі народ, наадварот, значна больш насцярожана ставіцца да таго, каб быць уцягнутым у канфлікт. Паводле апытання, праведзенага аналітычным цэнтрам «Chatham House» у жніўні 2022 года, толькі 25% падтрымалі дзеянні Расіі (калі гэта азначала адмову ад прамога ўдзелу), у той час як цэлых 97% выступілі супраць уводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны.
Акрамя таго, на здзіўленне невялікая колькасць беларусаў (26%) заявілі, што яны ўспрынялі б негатыўна, калі б беларускія салдаты адмовіліся ваяваць або выконваць загады. Шмат беларусы нават узялі непасрэдны ўдзел у канфлікце на баку Украіны і нават падманам прымусілі расійцаў абстраляць іх уласныя пазіцыі пад Бахмутам, піша партал theconversation.com.
Паколькі правядзенне аб'ектыўных апытанняў у аўтарытарных рэжымах немагчымае (адказы могуць быць прадузятымі на карысць рэжыму), гэта робіць вынікі ў Беларусі яшчэ больш дзіўнымі.
Чаму Беларусь адрозніваецца ад іншых краін
Большасць апытаных гарадскіх беларусаў хочуць, каб Беларусь дыстанцыявалася ад вайны і была нейтральнай. У адрозненне ад расійцаў, беларускае грамадства лічыць вайну бессэнсоўнай і шкоднай для Беларусі.
Чым тлумачацца такія разыходжанні ў поглядах? У цэлым беларусы значна больш не любяць вайну, чым расійцы, у іх вельмі розныя ўспаміны пра тое, што яны называюць «Вялікай Айчыннай вайной» (Другая сусветная вайна). З усіх былых савецкіх рэспублік Беларусь панесла найбольшую колькасць страт на душу насельніцтва, і з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе яна імкнулася да нейтралітэту — тое, што было закладзена ў Канстытуцыі. Але гэта было пастаўлена пад пагрозу ў 2020 годзе, калі Лукашэнка быў вымушаны падлашчвацца да Уладзіміра Пуціна пасля таго, як успыхнулі пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў.
Расійская прапаганда перамагае
Але Расія таксама страціла мільёны людзей у «Вялікай Айчыннай вайне». Дык чаму ж Пуцін нашмат больш эфектыўна пераконвае расійцаў падтрымаць канфлікт, у параўнанні з Лукашэнкам?
Расія распрацавала паспяховую прапагандысцкую машыну, якая забаўляе, збівае з панталыку і душыць. Напаўненне грамадзян інфармацыяй, што дэманізуе апанентаў улады, з'яўляецца ключавым кампанентам прапагандысцкай стратэгіі Расіі.
Расійская прапаганда выкарыстоўвае вялікую колькасць каналаў і ўвесь час распаўсюджвае хлусню ў вялікіх аб'ёмах і з высокай хуткасцю. З-за гэтага прапагандысцкага націску расійскім грамадзянам становіцца яшчэ цяжэй адрозніваць, што з'яўляецца хлуснёй, а што — праўдай. Сапраўды, даследаванні паказалі, што атрыманне падобных паведамленняў з некалькіх крыніц, незалежна ад іх праўдзівасці, можа быць вельмі пераканаўчым.
Расія праявіла гнуткасць у таргетынгу на сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваючы папулярную платформу абмену паведамленнямі Telegram для стварэння розных каналаў, якія падтрымліваюць пракрамлёўскія наратывы. Рыхтуючыся да вайны супраць Украіны, Расія прасоўвала міф пра тое, што параза нацысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне павінна стаць аб'яднаўчым фактарам для насельніцтва ў барацьбе з «нацыстамі на Украіне». Пуцін неаднаразова выступаў з заявамі, якія распаўсюджваліся па розных каналах СМІ, пра тое, што Украіна мае патрэбу ў «дэнацыфікацыі».
Даследаванні паказалі, што пуцінская прапаганда выклікала моцную падтрымку ваеннага ўварвання сярод расійцаў і што меркаваннем расійскай грамадскасці ў дачыненні да прымянення ваеннай сілы было лёгка маніпуляваць. Пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну ў лютым 2022 года, кантраляваныя дзяржавай СМІ распаўсюджвалі сцвярджэнні аб тым, што Украіна распрацоўвае біялагічную і ядзерную зброю, праводзіць этнічныя чысткі і выкарыстоўвае рускамоўных жыхароў Украіны ў якасці жывога шчыта. Пасля ўварвання Расія менш засяроджваецца на «нацыстах» і больш — на барацьбе з Захадам.
Каб супрацьстаяць інфармацыі, якая ставіць пад сумнеў гэтыя погляды, Расія заблакавала заходнія платформы сацыяльных сетак, навесіўшы на іх цэтлікі «экстрэмісцкіх арганізацый». Быў прыняты закон, які можа прадугледжваць пакаранне ў выглядзе 15 гадоў турэмнага зняволення за наўмыснае распаўсюджанне ілжывай інфармацыі пра вайну. І хоць расійцы маюць доступ да альтэрнатыўных крыніц навін і могуць выкарыстоўваць VPN, падтрымка вайны можа быць звязаная з эфектыўнасцю пуцінскай прапаганды, бо многія расійцы шчыра вераць расповедам рэжыму.
Што датычыцца Беларусі, то тут рэжым не быў такім эфектыўным у выкарыстанні прапаганды для атрымання падтрымкі канфлікту ці Лукашэнкі. Дзяржаўныя СМІ Беларусі не карыстаюцца вялікім даверам у простых людзей. Незалежныя СМІ разглядаюцца як найлепшая крыніца інфармацыі.
У Беларусі складаней рэгуляваць незалежныя СМІ, паколькі такія платформы, як YouTube, Instagram і Telegram, набіраюць мільёны падпісчыкаў і застаюцца свабоднымі ад умяшання дзяржавы. Маршы, якія трансляваліся ў прамым эфіры ў жніўні 2020 года, збіралі больш за 1 мільён гледачоў. ТГ-канал пад назвай «Nexta», створаны ў 2015 годзе, стаў асноўнай крыніцай навін, якія распаўсюджваюцца праз YouTube і Telegram. Дзяржава спрабавала скупіць Telegram-каналы, каб супрацьстаяць антырэжымным паведамленням, але не дамаглася значнай прысутнасці.
У адрозненне ад расійскіх СМІ, якія самі па сабе сталі зброяй, беларускія дзяржаўныя СМІ застаюцца перажыткам савецкіх часоў. Сучасныя камунікацыі не з'яўляюцца моцным бокам Лукашэнкі, у якога нават няма смартфона. Ён не занадта шмат інвеставаў у дзяржаўныя СМІ, якія застаюцца няхітрымі. Самае большае, што можа зрабіць дзяржава, — гэта блакаваць і глушыць знешнюю інфармацыю, бо ў яе занадта мала магчымасцей ствараць эмацыйна прывабныя паведамленні, якія знаходзяць водгук у аўдыторыі.
Нягледзячы на тое, што Расія спрабавала ажыццяўляць большы кантроль над Беларуссю (а Лукашэнка стаў добраахвотным «малодшым братам»), існуе мала сведчанняў таго, што прапаганда мае ў беларускім грамадстве вялікую падтрымку. Яно застаецца стойкім, нягледзячы на ўсе спробы прапагандыстаў.