Прафесарка Маскоўскага ўніверсітэта аб інтэграцыі: «Не здавайцеся! З’ядуць»

Прафесарка Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і па сумяшчальніцтве дырэктарка рэгіянальнай праграмы Незалежнага інстытута сацыяльнай палітыкі Наталля Зубарэвіч у якасці эксперта прысутнічала на канферэнцыі Цэнтра новых ідэй, прысвечанай абмеркаванню поглядаў на будучыню Беларусі.

buduczynja_003_logo.jpg


«Якая эканамічная палітыка сёння патрэбна Беларусі?»; «Як не стаць краінай аднаго горада?»; «Як ідзе дэіндустрыялізацыя рэгіёнаў?»; «Маладая беларуская эміграцыя: страчанае пакаленне ці будучыня эліты?» — гэтыя і іншыя тэмы канферэнцыі 15 снежня прыцягнулі ўвагу каля дзвюх соцень чалавек.
У сувязі з праблемамі ў адносінах паміж нашай краінай і Расіяй у апошні час карэспандэнтку НЧ асабліва зацікавіла размова дырэктара цэнтра Антона Раднянкова з Наталляй Зубарэвіч на тэму «Што адбываецца з рэгіянальнай няроўнасцю ў постсавецкіх краінах». Размова вызвала жывую цікавасць з боку прысутных, якія задалі шмат пытанняў госці як пра спецыфіку расійскіх рэгіёнаў, так і пра погляд на беларускае рэгіянальнае развіццё.

buduczynja_007_logo.jpg


Спецыфіку расійскага эканамічнага развіцця расійская эканамістка патлумачыла ўнутранай неаднароднасцю, паколькі Расія падзеленая на адносна развітыя гарады і адсталую правінцыю: «Разрывы паміж рэгіёнамі амаль што каланіяльныя. Можна сказаць, ёсць Масква і ёсць рэгіёны. Беларусь больш шчыльна заселена, тут лепшыя кліматычныя аграэканамічныя ўмовы».
На пытанне, ці трэба стрымліваць разрастанне Мінска, альбо паступіць так, як з Масквой, яна адказала: «Масква для вас не павінна быць прыкладам».
Найлепшы ж досвед рэгіянальнага развіцця, па яе словах, «у суседзяў — у Польшчы». «Там створаныя ўмовы для развіцця рыначнай эканомікі з захаваннем сацыяльнай падтрымкі малазабяспечанага насельніцтва. Чутны знізу голас народа. Структурнымі фондамі заахвочваюцца і падтрымліваюцца ініцыятывы знізу. Там грошы не раздаюцца «дзеля Хрыста», а ўкладваюцца ў паспяховыя праекты. Шмат паспяховых гарадоў, у тым ліку Познань і Кракаў. Не трэба баяцца, што вяскоўцы ўцякаюць у гарады. Насамрэч, так адбываецца ва ўсім свеце. Ферма з 5-6 чалавек можа нармалёва ўправіцца з 5-6 гектарамі. Штосьці зарасце, а штосьці можна ў далейшым скарыстаць для турызму, паляўнічых угоддзяў. А раптам вы дажывяце да французскага варыянта: адпрацаваў і дамоў, у вёску. На сваю "Рыўеру". Не ўсё так дрэнна», — зазначыла Зубарэвіч.
Яна таксама прывяла прыклад зусім іншага характару — моцнае мэтанакіраванае фінансавае падтрыманне з расійскага бюджэту Чачні. І што з гэтай гульні выйшла? У Кадырава — асабісты самалёт, 40-тысячнае войска, якое фактычна падпарадкоўваецца толькі яму. Расійскія законы там не працуюць.
На пытанне, ці можна параўнаць дэпрэсіўны Брагінскі раён з Пскоўскай вобласцю, адказала адным сказам: «Вы да гэтага не дойдзеце».
Рэгіёны Беларусі яна разглядае як значна больш развітыя тэрыторыі ў параўнанні з многімі рэгіёнамі Расіі, з Чачнёй, Крымам. Пры некаторым субсідаванні асобныя прамысловыя галіны цалкам могуць ісці на агульнарасійскі рынак. Беларусы абсалютна канкурэнтаздольныя па ежы. Беларуская эканоміка, асабліва сельская гаспадарка, датуецца, але гэта адносна жывая эканоміка, гэта не Чачня, дзе эканомікі наўпрост няма.

buduczynja_014_logo.jpg


Зубарэвіч лічыць, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі значна лепшая, чым у многіх расійскіх рэгіёнах. Але яна можа змяніцца пасля адкрыцця бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам: «Калі адчыніце “бязвіз”, усіх знясе. Гэтак жа, як ва Украіне і Латвіі».
Лічыць, што трэба стаўку рабіць на інвеставанне развітых рэгіёнаў у Беларусі, але трэба падтрымліваць, не даваць прыходзіць у заняпад і больш адстаючым. Дарэчы, расійскія муніцыпальныя раёны датацыйныя на 74 працэнты.
Лаканічна выказалася па праблеме адсутнасці развітага грамадскага самакіравання: «Тут мы браты!» Патлумачыла, што самакіраванне не з’яўляецца лекамі ў поўным аб’ёме для развіцця эканомікі, але гэта ёсць неабходная ўмова. Пакуль у Расіі і Беларусі не пачне фарміравацца грамадзянская супольнасць, нельга чакаць і зменаў у прапорцыях падаткаабкладання і пераразмеркавання падаткаў.
Яна не змагла адказаць на пытанне аб сярэдняй зарплаце сярэдняга інжынера, паколькі ў Расіі ёсць вялікія адрозненні ў выплатах заробкаў па галінах прамысловасці. І не зразумела само выслоўе «сярэдні інжынер». Падобна, што паняцце «сярэдні заробак» папулярнае толькі ў нашай краіне.
На пытанне аднаго з прысутных на магчымае паглынанне Беларусі Расіяй коратка адказала: «Не здавайцеся! З’ядуць».
А на пытанне карэспандэнта НЧ, чаго чакаць беларусам у рэгіёнах ад «інтэграцыі», яна адказала: «Трэба чакаць буйных расійскіх аграхолдынгаў, якія раскупяць тое, што іх цікавіць, і ад чаго можна атрымаць карысць. Не выключаны і вываз прыбыткаў».
Пасля размовы з расійскай эксперткай становіцца яшчэ больш відавочна, што ў расійскіх рэгіёнаў безліч праблем і без нас. З набыццём яшчэ аднаго вялізнага рэгіёна ў выглядзе цэлай краіны расійскаму народу і эканоміцы лягчэй не стане. Лепей было б, каб Расія павярнулася да самой сябе і пачала рацыянальна траціць сродкі, а не гуляць у геапалітыку.
А калі так хочацца гуляць у геапалітыку з неплацёжнымі кліентамі, то трэба рыхтаваць сотні мільярдаў для спісання даўгоў. Так, як адбылося з Кубай, Афрыкай. Так цяпер трэба паступіць і з Беларуссю. Бо мы ж, як-ніяк, братэрская краіна, якая, дарэчы, не ведае, навошта наш кіраўнік бярэ грошы ў доўг і куды іх выдаткоўвае. Бо ён сам па сабе, а народ — сам па сабе.