Польская турма лепш за беларускую «дэмакратыю»

Суддзя Шмыт, які стаў героем навін па ўсім свеце, можа быць, літаральна выбіраў свабоду, іранізуе аўтар ТГ-канала «Лісты да дачкі». Можа быць, будучыня ў Польшчы для яго была не вельмі светлай пасля «злітых» баз КДБ.

Томаш Шмыт. Фота: sputnik.by

Томаш Шмыт. Фота: sputnik.by

Якія раптоўныя таямніцы бывае перад намі адкрываюцца. Аказваецца, першага чэчыка паламалі «яны». Гарант стабільнасці сказаў. Гарант стабільнасці хлусіць не будзе, правільна? Хто «яны», гарант, праўда, не ўдакладніў. Але мы ж з вамі і самі ўсё разумеем. І цяпер, каб «яны» не паламалі другога, гарант прыставіў да збеглага суддзі Шмыта красаўцау для дзяржаўнай абароны.

Гарантыя, вядома, так сабе. Вось нешта я не згадаю, каб гарантыі ад гаранта стабільнасці каму-небудзь дапамаглі. Ні Жэню Прыгожына не выратавалі, ні першага чэчыка не збераглі. Ды добра не збераглі. Ім вунь два гады спатрэбілася, каб устанавіць факт яго наўмыснага забойства варожымі агентамі. Я ўжо не кажу пра тое, што «ім» за гэта нічога не было. Так што на месцы суддзі Шмыта я б ні на красаўцау, ні на гарантыі моцна не разлічваў.

Але ведаеце, мне вось тут прыйшла ў галаву адна думка. Суддзя Шмыт абраў свабоду адразу пасля таго, як «кіберпартызаны» выклалі ў свабодны доступ базы даных КДБ. А вы ж у курсе, што ў гэтых базах даных КДБ знайшлося шмат замежных грамадзян, якія прапаноўвалі КДБ свае паслугі на платнай і бязвыплатнай аснове.


Глядзіце таксама

І, як я разумею, пасля ўзлому баз КДБ перад спецслужбамі замежных дзяржаў адкрылася шырокае поле для дзейнасці. Таму што, напэўна, беларускае КДБ адмовіла не ўсім з тых, хто прапаноўваў яму свае паслугі. Некаторым беларускае КДБ, можа быць, нават наадварот узрадавалася. Так што, калі праверыць замежных грамадзян, якія шукалі сабе прыгод, то можна даведацца шмат цікавага.

Суддзі Шмыта сярод тых, хто шукаў сабе прыгод, быццам бы не было. Але там маглі быць людзі, якія адкрылі суддзі Шмыту вочы на сучасную геапалітычную абстаноўку. І суддзя Шмыт спалохаўся, што пасля таго, як гэтых людзей правераць, чарга можа дайсці і да яго.


Глядзіце таксама

Гэта значыць, я што хачу сказаць? Я хачу сказаць, што, можа быць, суддзя Шмыт абраў свабоду ў літаральным сэнсе гэтага слова. Што можа быць, суддзі проста не з чаго было выбіраць. А,самае галоўнае — што выбіраць суддзі трэба было хутка. Не чакаючы, пакуль да яго дойдзе чарга.

Але вы ведаеце, нешта я не ўпэўнены, што суддзя Шмыт зрабіў правільны жыццёвы выбар. Вось, на мой непрасветлены погляд, польская турма ўсё-ткі лепш, чым пасмяротныя ўшанаванні ад беларускай дзяржавы.