Хронікі рэпрэсій за 8 мая: Новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» папоўніла КДБ: цяпер там Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»», праект «Народный Репортёр», «Врачи за правду и справедливость». За «здраду дзяржаве» будуць судзіць сям'ю Прохаравых з-пад Гомеля — маці, бацку і сына, паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

  • Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 3 траўня.

Таксама ў спісе КДБ 45 чалавек, якія нібыта маюць дачыненне да кааліцыі.

  • «Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаны праект «Народный Репортёр»

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сцвярджаецца, што гэты праект займаўся «арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».

  • Таксама «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя праекты «Врачи за правду и справедливость» і «FreeInfoBel»
ekstremisty_3_05_2024.jpg

Абодва адпаведных рашэнні былі прынятыя КДБ 3 траўня.

Да першай ініцыятывы, паводле ведамства, дачыненне маюць Завадскі Васіль, Дарашкевіч Алег і Вялічка (Гуштын) Вольга. Да другой — Пашкевіч Вольга і Дулеба Іосіф.

Палітзняволеная Наста Лойка не задаволеная станам свайго здароўя, але «скардзіцца яна не мае звычкі»

nasta_lojka_6.jpg

Пра гэта распавялі крыніцы @radiosvaboda.

Вядома, што Наста працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.

«Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на шыцці адзення, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга — „Крыжакі“ Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдскай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога не зробіш, даводзіцца ёй трываць», — расказала крыніца.

Нагадаем, у мінулым чэрвені ў Мінскім гарадскім судзе палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.

Пяцёра дэпутатаў парламента Германіі сталі «хроснымі» палітвязняў у Беларусі

У межах кампаніі #WeStandBYou Крысціна-Ёхана Шродар, Амід Нурыпур, Джэм Аздэмір і Хана Штайнмюлер (усе з партыі «Саюз 90/Зялёныя»), а таксама Марыя Нойхль (група Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў у Еўрапейскім парламенце, Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны) сталі «хроснымі» Арцёма Федасенкі, Віталя Брагінца, Дзяніса Воразава, Юрыя Ташкінава ды Ганны Кандраценкі.

За «здраду дзяржаве» будуць судзіць сям'ю з-пад Гомеля — бацька-чарнобылец, маці-санітарка і сын-будаўнік

proharavy.jpg

У раскладзе судоў з'явілася імя Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых. Пра іх затрыманне стала вядома ў снежні 2023-га. Дачку Анастасію, якую затрымлівалі разам з імі, падобна, судзіць не будуць.

Уся сям'я жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёна — яна за некалькі кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 25 кіламетраў ад Гомеля.

З імі разам па справе праходзяць Фёдар Аксененка і Руслан Прахарэнка. Пра іх нічога невядома, піша @nashaniva.

Групу абвінавачваюць па чатырох артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).

Судовы працэс у закрытым рэжыме пачнецца 20 траўня ў Гомельскім гарадскім судзе. Справу прызначаны весці Вадзім Бобыраў.

Рэчыцкі нафтавік упершыню выйшаў на пратэсты — і патрапіў ў калонію

Палітзняволенага нафтавіка з Рэчыцы Канстанціна Міхальцова затрымалі ў траўні 2021 года. Да яго прыйшлі за працоўны тэлеграм-чат «Вольнае паньства», дзе Канстанцін з калегамі абмяркоўвалі пратэсныя падзеі. Хлопец выказваўся ў чаце пра Лукашэнку, а ў 2020-м заступіўся за пратэстоўца падчас затрымання і адштурхнуў сілавіка. За гэта яго асудзілі да 3 гадоў калоніі.

Па вызваленні палітвязня не пакінулі ў спакоі і працягвалі выклікаць у міліцыю. Пасля завядзення новай адміністрацыйнай справы ён не стаў чакаць чарговага затрымання і з’ехаў з Беларусі.

Канстанцін распавёў, як прамяняў ідэалагічную лекцыю на канцэрт любімага гурта, як у калоніі супрацоўнікі зневажаюць вязняў, як на судзе давялося вывучаць розніцу паміж «штуршком» і «ўдарам», і як канваіры забылі яго ў «стакане». А таксама пра тое, як хлопец стаў завадатарам пратэсту ў калоніі.

Жыхара Быхава асудзілі за чырвона-зялёны сцяг, які ён сарваў з крамы

23 красавіка жыхара Быхава Юрыя Томашава асудзілі да трох месяцаў арышту паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу. Прысуд агучыў суддзя Аляксандр Марозаў у судзе Быхаўскага раёна.

scjah_czz.jpg

Юрый — машыніст кацельнай. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў лютым ён паспрабаваў збіць з крамы дзяржаўны сцяг. Мужчына нібыта «нанёс не менш за два ўдары па дрэўку». Калі ў яго не атрымалася збіць сцяг, прынёс з дому драўляную лесвіцу, ускараскаўся па ёй, схапіў рукамі дрэўка сцяга і пацягнуў уніз: праз гэта дрэўка зламалася.

Паводле абвінавачання, далей Томашаў «нядбайна змяў палатніну сцяга, абкруціўшы яе на дрэўцы» і аднёс яго ў свой сарай, дзе і захоўваў у мяшку, пакуль яго не дасталі супрацоўнікі міліцыі.

Віцебскага лекара арыштавалі за падтрымку Украіны ў чат-рулетцы

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 красавіка разгледзелі справу Аляксандра Рандарэнкі, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў лозунг грамадска-палітычнага характару, які мужчына нібыта выкрыкнуў у чат-рулетцы, а таксама дэманстрацыя прадмета з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру. Гэта міліцыянты расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне». Вядома, што затрымлівалі лекара супрацоўнікі ГУБАЗіКу. 

На судзе Аляксандр прызнаў віну і патлумачыў, што падчас стрыму быў п'яны. У выніку суддзя Наталля Карабліна прызначыла яму 15 сутак арышту.

За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар Брэста

На «палонным відэа» хлопец кажа, што выходзіў на праезную частку, выкрыкваў лозунгі, перакрываў дарогу транспарту і знаходзіўся там у той момант, калі людзі кідалі камяні і будавалі барыкады.