Польшча можа перагледзець пытанне прыняцця імігрантаў

Будучы міністр па еўрапейскіх справах Конрад Шыманьскі  лічыць, што рашэнне па гэтай справе “страціла і змяніла свой палітычны кантэкст”.



6b4ddb79_685b_9.jpg

Фота PAP/Radek Pietruszka

Будучы міністр па еўрапейскіх справах ва ўрадзе "Права і Справядлівасці" ставіць пад сумнеў механізм ЕС аб падзеле квот на прыняцце імігрантаў.

Конрад Шыманьскі заявіў у інтэрв'ю Польскаму радыё, што рашэнне па гэтай справе “страціла і змяніла свой палітычны кантэкст” пасля замахаў у Парыжы.

“Гэта павінна паўплываць”, — сказаў будучы міністр і зазначыў, што адпаведныя рашэнні прыме новы ўрад Бэаты Шыдла. Паводле Конрада Шыманьскага, пасля ўчорашніх тэрактаў у Парыжы, Еўропа не можа гарантаваць бяспеку падчас падзелу імігрантаў паміж паасобнымі краінамі.

Шыманьскі ўдакладніў, што Польшча зможа прыняць узгодненую раней колькасць імігрантаў — 7 тысяч — калі будуць выкананыя гарантыі бяспекі. Але, на яго думку, цяпер гэтая справа знаходзіцца “пад вялікім пытаннем”.

Палітык сказаў таксама, што ўвесь механізм квот імігрантаў павінен быць перагледжаны ад пачатку. Паводле яго слоў, Польшча будзе настойваць на гэтым падчас перамоваў з Еўрапейскай камісіяй.

Нагадаем, урад Бэаты Шыдла, як чакаецца, прыме прысягу ў бліжэйшы панядзелак.