Перапіска з Андрэем Бандарэнкам адноўленая. Ці надоўга?

“У мяне ўсё больш-менш нармалізавалася. Пасля перасялення ў адзіночку і вайны за перапіску, сітуацыя стабілізавалася, і я мірна набліжаюся да свайго поўнага выпраўлення. Балазе, што мне ніхто ў гэтым не перашкаджае. У гэтай сістэме — гэта самае асноўнае”, — напісаў вязень сумлення Андрэй Бандарэнка ў лісце да журналіста “Новага Часу” Сяргея Пульшы.



bandarenka_28061.jpg

“Цяпер, калі прыгадваю бабруйскія "выпраўленні" — "статусы", спагнанні за паход у царкву, правакацыі з асуджанымі, — дзіву даюся, як я здолеў жывым ад іх "выправіцца", — піша Андрэй. — Зараз маю намер падрабязна апісаць увесь свой шлях сярод гэтага поўнага "выпраўлення", каб увекавечыць для гісторыі і экспертаў сутнасць нацыянальнага выпраўлення. Паколькі перапіска адноўленая, дык можаш, пры неабходнасці, азадачваць мяне пытаннямі — з задавальненнем адкажу”.

У сваім лісце на волю не абмінуў Андрэй Бандарэнка і эканамічную сітуацыю ў краіне:

“Вясёлага, безумоўна, мала, але нічога нечаканага па сутнасці і не адбылося. Складана было нават меркаваць, што беларускі "цуд" жыццяздольны. Дзіця апынулася хваравітым і цалкам залежала ад нафтавых транквілізатараў. Без іх галоўны вораг не здужае. Адсюль і падатковая "дыета", і ўнутраная ачыстка арганізма ад бізнесменаў, што "застаяліся". Але, мяркуючы па ўсім, гэта аператыўнае ўмяшанне зусім не паспрыяе аздараўленню кліента. Занадта ўжо зацягнулася рэмісія :)

Чым далей, тым больш робіцца відавочна, што калі цяпер тэрмінова не распачаць комплекснае лячэнне, дык то не за гарамі рэанімацыя. А, як вядома, смяротны зыход у дадзенай сітуацыі больш верагодны. Чаму, уласна, служаць пацвярджэннем арніталагічныя "вышукі" КДБ. Калі ўжо "Чыжы прыляцелі", дык справа зусім швах. Апошні выпадак, дарэчы, цалкам можа служыць прыкладам, што даядаем (або даклёўваем :) ) апошняе. Дай Бог, вядома, каб усё вырашылася шчасліва, але шанцаў, відаць, не вельмі шмат”.

А тым часам з магілёўскай турмы ў рэдакцыю зноў вярнуўся адпраўлены Андрэю Бандарэнку нумар “Новага Часу” з пазнакай “не положено”.

Спадзяемся, што гэта выпадковасць ці чыйсьці недагляд, бо замінаць распаўсюду сярод падпісчыкаў афіцыйна зарэгістраванага выдання ніхто не мае права. Тым больш, што падпісчык Андрэй Бандарэнка заплаціў за гэта грошы.

bandarenka_list_1.jpg

list_ad_bandarenki.jpg