Пісьменніца Ганна Севярынец пра сваё пакаленне: Нас разваліла мацней за ўсіх на розныя бакі барыкад
Беларуская пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец піша ў сваім фэйсбуку пра тое, найбольшы цяжар сённяшніх падзей ляжыць на плячах яе равеснікаў.
«Апошнім часам шмат думаю пра тое, якім чынам прайшліся апошнія гістарычныя катастрофы па маім пакаленні, па людзях, народжаных у семідзясятых гадах мінулага стагоддзя.
Мне падаецца, гэта вельмі драматычная агульная гісторыя, і ў будучыні, калі ўжо пачне пісацца добрая аналітычная проза пра гэты час, самым цікавым героем будзе герой якраз "сорак плюс" — той, хто хапнуў Савецкага Саюзу ўжо ў свядомым узросце і той, хто якраз і прыняў на сябе увесь цяжар няпростых выбараў, з кім быць і на які бок устаць. Бо гэта мае равеснікі цяпер якраз у тым узросце, калі ты маеш ужо нейкае месца ў грамадстве, нейкую пасаду, прымаеш рашэнні, выконваеш загады — альбо не выконваеш, альбо аддаеш. І гэта ў нас якраз цяперашнія часы мусілі стаць самымі смачнымі — бо мы яшчэ маем сілы і ўжо маем досвед. І гэта ў нас гэтых часоў няма. З кожнай хвілінай збягаюць нашыя самыя светлыя годы, а потым нам будзе ўжо позна. Новы час, які непазбежна прыдзе, будзе ўжо ня наш.
Я цяпер часта-часта ўспамінаю нейкія агульныя падзеі свайго савецкага дзяцінства, а яны ж былі агульнымі для ўсіх нас, у СССР было вельмі стандартызаванае дзяцінства. І калі гляджу на фоты, напрыклад, загінулых палкоўнікаў і падпалкоўнікаў, бачу нашы гады нараджэння. Мы адны мульцікі глядзелі, збіралі калекцыі фанцікаў ад цукерак, а летам у піянерлагеры збіралі ў вялікія мяхі трыпутнік, і выхавацелі здавалі яго ў аптэкі. А яшчэ я чамусьці ўвесь час вяртаюся ў адзін успамін свайго дзяцінства, які без сумневаў назаву самым шчаслівым. Можа быць, гэта за ўсё маё жыццё самы шчаслівы ўспамін — як заўсёды ў пытаннях шчасця, гэта поўная драбяза.
Насупраць дома, дзе мы жылі ў маленькім гарадку пад Воршай, было атэлье. У само атэлье мы ніколі не хадзілі, бо не мелі такіх патрэбаў, а вось пад лесвіцу на першым паверсе — хадзілі. Там стаяў такі вялікі мех, у які работніцы скідалі абрэзкі тканяў. Такія невялічкія, з далонь. Госпадзе божа мой, якія там былі абрэзачкі! У кветачкі, у ромбікі, у палосачку, у бобачку, у дрыпсачку, аднатонныя, шаўковыя, твідавыя, махеравыя — любыя-любыя. Мы іх паціху адтуль цягалі — і шылі потым лялькам фантастычныя строі.
І вось я неяк шмыгнула туды за здабычай — а там новенькія абрэзачкі. Нейкая жанчына шыла сабе сукенку. Шакаладнага колеру шоўк ў мелкую бежавую кветачку з мятнымі лісцікамі. Я ўзяла гэтую прахалодную трапачку дзіўных колераў у рукі, гэта была позняя вясна, пад лесвіцу прабівалася сонца — і тут мяне накрыла такім шчасцем, што я ледзь не памерла ад ягонай паўнаты.
А цяпер з гэтага ўсяго вырасла вайна. І нас разваліла, напэўна, мацней за ўсіх на розныя бакі барыкадаў».